I не больш, відаць, яму з той песні запомнілася, ад кагосьці яе пачуўшы.
A вымаўляў ён па-свойму: пайін, гойкая, Ваёдзя.
Песню тую нехта ж пачуў ад бедака-аратага. Бо ў вёсцы потым смяяліся, прыгадвалі, калі ўжо ён i падрос. Н я злое на смяяліся. А ён на мянушку сваю, якая ад бацькі яшчэ, а можа, i ад дзеда, адгукаўся.
Адкуль яна? Ад чаго? Найбліжэй, відаць, ад польскага ochłap, аб'едак. Да беднасці спадчыннай падыходзіць, бо i маёнтак пана Лісіцкага быў блізка, i доля «гойкая» была яшчэ ў «Ваёдзевых» дзядоў, бацькоў, спачатку прыгонных, потым парабкаў, на ochłapach, аб'едках з панскага стала.
...Здзек з энтузіястаў.
Нашы загорскія пажарнікі (пры Польшчы) у найбольшы агонь пасылалі яго — Валодзю Ахлапа, хлопца гарачага i дружнага. А каб ён сам не загарэўся, лупілі па ім з брандспойта, рагочучы. А ён i не здагадваўся пра гэты вясёлы здзек i потым дабрадушна, заікаста не злаваўся.
* * *
Наша маці, нешта закончыўшы або растраціўшы патрэбнае, часам казала:
— Ну, па ўшысткім пшыказанні, паелі i палізалі.
Ha ўвазе мелася «дзесянцёра пшыказань», дзесяць Майсеевых запаведзей. Маміна маці з шаснаццаці гадоў служыла ў маёнтку пана Анцуты пакаёўкай, пані вучыла яе маліцца па кантычцы. Можна думаць, што прыгаворка адтуль. З даробленай канцоўкай — каб весялей.
Дарэчы, i пра яўрэйскія філактэрыі, скураныя кубікі-скрыначкі з тымі запаведзямі на пергаменце, што для ранішняй малітвы прымацоўваліся вузкімі раменьчыкамі да лба i левай рукі, гаварылася: «жыдоўскае дзесянцёра». Моўныя сувязі ішлі i туды, шырэй.
* * *
Лаянка навоттабе — адно слова. Паказваючы хвігу або i нешта большае. Бо гэта ж бабскае, калі яны счэпяцца, дый на волі, на свежым паветры, маючы трохі часу.
* * *
Бабулі за восемдзесят. Адказваючы на пытанні радыёжурналісткі, успамінае сваё горкае маленства, як яны нават хадзілі з маткай жабраваць. Любоў, пяшчота наўздагон:
— Мама мая, пакойнічка, i кажа...
* * *
Сябар смяецца:
— У Беражне нашым расказваюць, што ў Жукавым Барку пры Польшчы быў малады, вельмі прыгожы поп. Дык на Вялікдзень бабы адна перад адной лезлі да яго хрыстосавацца.
Запісваючы гэта, я міжвольна, замест «адна перад адной», ужыў сваё загорскае працёпам лезлі. I зноў падаўся ў слоўнікі — дарма.
* * *
— Бульба сёлета благая. Дзіва што — такая сухмень была. А ад дажджу пасля яна ўжо цэху не ўзяла.
Само ў мяне так сказалася ў гутарцы. I адразу падумаў: адкуль жа ён, той загорскі цэх? У нашых слоўніках не знайшоў. У польскім cecha — уласцівасць. Тады яшчэ: cecha probiercza — пробная адзнака якасці. Бульба не набрала належнай спеласці.
Гаварылася так i пра чалавека, які, скажам, пагарэў або ў нейкую іншую бяду трапіў, што ён пасля гэтага ніяк цэху не возьме.
* * *
Элегантная спадарынька, інстытуцкая выкладчыца, i так прыемная сваёй мілавіднасцю, а як сказала зямлячка пра нядаўняе наведанне роднай вёскі, а там i пра такое: «Чую раненька — мамка мая шамоль-шамоль за перагародкай i пайшла...» — стала яшчэ мілейшай.
У слоўніках «шамолю» зноў жа не знайшоў. Ды ўжо ж i наракаць на ix, на слоўнікі, апрыкрала.
* * *
Яму трэба папрасіць прабачэння, а ён прыносіць прабачэнне, значыцца, сам прабачае.
I пішацца, i гаворыцца так нашымі журналістамі i пісьменнікамі, — ад рускага приносить извинения, извиняться.
* * *
Маем добрае, ёмкае слова: збожжа, збажына, адпаведнае рускаму хлеб у шырокім значэнні. A зноў жа пішам, гаворым па радыё i з тэлеэкрана з халуйскай руплівасцю: збожжавыя — ад рускага зерновые.
Чаму ж тады яшчэ i не бульбавыя?..
* * *
Дзень пачаўся (у 4.30) з палёгкі ў думках пра маю юнацкую двухмоўнасць у перапісцы нават з Мішам, пра што, можна сказаць, i нялёгка думалася днямі, калі парадкаваў яе. Вайсковатурэмная цэнзура патрабавала пісаць па-руску, каб лягчэй было цзнзураваць, а потым, у трыццаць дзевятым, салдат салдату павінен быў пісаць па-польску, бо ягоны, Мішын, 83-ці «карны» полк быў ужо «ў полі», кінуты з Кобрына пад Чанстахову, а мы ў Гдыні былі амаль на ваенным становішчы. Аднак жа i потым, з Мінска, я пісаў яму ўперамешку. Апраўданне, калі мне трэба апраўдвацца, такое: тут у нас i сямейная традыцыя, перапіска з савецкімі сваякамі, цесная i шчаслівая сувязь з рускай літаратурай, а потым яшчэ i перапіска з Вігдорчыкам, Булгакавым...
А палёгку я адчуў ад прасвятлення думкі, што двухмоўнасць, а дакладней, трохмоўнасць, улічваючы i польскую мову, любоў да польскай літаратуры, ішла, ідзе ад патрэбы ў братняй лучнасці людзей. Можна згадаць яшчэ i кнігі ўкраінскія, дзякуючы трашчыцкай бібліятэцы Гарошкаў, што мне да Гогаля дадало Шаўчэнку, Кацюбінскага i іншых.