Выбрать главу

ДЗЕВЯНОСТА ПЯТЫ

Залачоныя, абтыканыя каштоўнасцямі шапкі высокага i найвышэйшага духавенства на закладцы першага каменя пад аднаўленне храма «имени Христа Спасителя». Якое мноства ix, гэтых шапак! A найбліжэй на тэлеэкране паказана тая, што на патрыярху. Зарагатаў, уявіўшы: а каб зайсці ў такой у трамвай ці ў аўтобус?

Многа новых папоў. Замаскаваліся бародамі ды клабукамі — не дабярэшся да простага чалавечага выгляду. «Православие, самодержавие и народность» — зноў?..

Прыгнятаць ix па-варварску, знішчаць, вядома ж, не трэба было, але ж i верх над сабою даць па-ранейшаму — таксама ці варта?

* * *

Перакладзю «Залатую ружу» Паўстоўскага. I ўспамінаецца тое, што мне ў лістападзе семдзесят дзевятага, у пражскім тэатры, гаварыў паўшэптам Сяргей Залыгін: «Ты эти свои сопли размазывай на своем лице, а нашему журналу они не нужны». Гэта — Твардоўскі Паўстоўскаму, бракуючы аповесць. Несправядліва, груба. Хоць i бачыцца месцамі, скажам так, жидковатость его обстоятельности.

Успомнілася, перакладаючы «заразную» любасць да лесу i веданне яго, як ветлівыя палякі-«паксаўцы» ў канцы семдзесят другога званілі мне, пыталіся, ці прыму я іхнюю літаратурную прэмію, i, як галоўны козыр падаўшы, сказалі, што ў ix яе прыняў пан Канстанты Паўстоўскі. Было прыемна згадзіцца.

...Зноў ад машынкі да сшытка, ад яго лясных паходаў з Гайдарам — да нашых з Валодзем Калеснікам гутарак каля рыбацкіх вогнішчаў, пра што я дняMi, слухаючы, гледзячы па тэлевізары мотальскія «калядкі», да патаемных слёз шчасліва ўспамінаў i думаў, што пра такое трэба i яшчэ пісаць.

...Як i раней бывала разоў колькі, побач з тым, што расказаў Залыгін, успаміналася, як Алесь Адамовіч гаварыў мне калісьці, што для яго Паўстоўскі — такі пісьменнік, што «можа быць, а можа i не быць...».

* * *

Двухтомныя слоўнікі, беларуска-рускі i наадварот, пакінуў унукам. Нядаўна па тэлефоне далікатна спытаўся ў Волечкі, ці патрэбны яны ім, на што яна, васьмікласніца, пераканана адказала: «А як жа!» А самому перакладчыку нязручна без ix, асабліва калі ўваб'ешся ў кветкі ды ў зёлкі. Учора дастаў сабе выпадкова першы пасляваенны аднатомнік «Русско-белорусский словарь» з 1953-га, які калісыці мы — на бязрыб'і — радасна віталі, у тым ліку i я. Потым ён многа i справядліва крытыкаваўся, аднак... Я вось пра гэтае аднак, адхіліўшыся ад перакладу.

Робячы штосьці новае, вельмі патрэбнае, робячы яго (каб жа заўсёды!) лепш за папярэдняе, тое ранейшае, папярэдняе не кешкаць трэба з пагардай, а проста толькі адкласці, каб потым нават i вяртацца да яго, знаходзячы пэўную карысць. Бо не магло ж, як нам ні дрэнна было з гэтым у той час, столькі людзей займацца глупствам ці шкоднасцю, тым больш такіх людзей, як Колас, Крапіва, Глебка, Лобан, у патаемным, «сокровенном» усё-такі сапраўдных патрыётаў.

* * *

«Вы што робіце?.. Aгa! А я што? Я раблю кнігі!» Можна i з клічнікам. Хопіць i аднаго.

Так падумалася, з адчуваннем усё ж такі годнасці, пазаўчора, на тэбээмаўскім вечары («Чаго вам хочацца, панове?»), дзе таксама трохі падпісваў кнігі, што асабліва прыемна — школьнікам старэйшых класаў, хлопцам i дзяўчатам. Выступленне зноў жа імправізаваў, маючы галоўную думку i два адпраўныя імені — Міцкевіч (пра нашу мову) i Талстой (Сяргей Львовіч пра бацьку: «Знал он и украинские и белорусские песни»). Здаецца, выйшла тое, што трэба.

Калі загаварыў пра школы, успомніў пра Янкоўскага i Калесніка, а таксама пра таргуноўскую школу. Потым да мяне падышла незнаемая, i мы хораша пагаварылі пра яе настаўніка ў брэсцкім педінстытуце, Уладзіміра Андрэевіча. Няма ў нас, тубыльцаў, візітных картак,— вось i яшчэ адно безыменнае знаёмства, хоць яна i назвалася, чаго ў мітусні не запомніў...

Затое Ганна Парфёнаўна пазваніла з Таргуноў учора раней, чым я цяпер пішу, нешта ў восем з мінутамі. Глядзбла вечар па тэлевізары.

* * *

Рэабілітацыя, кампенсацыя — усё гэта так, але ж i вам. паважаны за лагерныя пакуты i за шаноўны ўзрост старэйшы калега, таксама трэба падумаць, што не паэзія вінавата ў вашых пакутах,— завошта ж вы здзекуецеся з яе, нашай роднай паэзіі, бясконца друкуючы свае «пугі»?..

* * *

У апошнім нумары «Литгазеты» многа пра Чачню, як i ў іншых нумарах за студзень, але толькі адна масквічка з кіёска «Союзпечати», трэба думаць, немаладая i інтэлігентная, сказала аўтару нататкі:

«Зря они так, если считают себя умными людьми. «Хаджи-Мурата» Толстого почитали бы, прежде чем вводить войска».

Думаў днямі пра гэтых «если умных» i так: спачатку не ўлічылі англійскага вопыту ў Афганістане, а потым да река га на Каўказе...