Выбрать главу

Успомнілася тэлехроніка пра ўручэнне ўзнагарод, дзе ён абдымаўся з узнагароджанымі, а яшчэ раней — ідыёцкая радасць «перамогі» на развітальным банкеце з дэпутатамі. Успомніўся i «совет нечестивых» пры домакіраўніцтве...

* * *

Няўжо хопіць аднаго няўдзелу ў подла-злачынным, што так агідна набірае сілы, няўжо мая актыўнасць у тым, каб належна рабіць тое, што па-сапраўднаму маё?.. Выключыўшы радыё, заснуў у пачатку дванаццатай ночы, a прачнуўся ў палавіне другой. I зноў да транзістара... Бізун i пернік — «спецназ» супраць галадаючых дэпутатаў апазіцыі i шампанскае для запалоханазгодніцкай большасці Вярхоўнага Савета — ва ўсёй цынічнасці. I сусветнае сведчанне нашай нацыянальнай нясталасці.

Што i як будзе?..

* * *

Цяжкія, горка тужлівыя абуджэнні — амаль кожны дзень. I паныласць зачастая. Адкуль брацца таму аптымізму?..

«Разам з вамі, дарагія сябры, я разважаю свой боль шчасліваю праўдай, што з намі застанецца ягонае слова i светлы вобраз...»

Так я пачаў сваё выступленне пра Пімена на паніхідзе, закончыўшы падзякай i спачуваннем ягонаму анёлу-ахоўніку — Зоі.

Ён званіў мне за пяць дзён да свайго адыходу, цяжка дыхаючы, абураўся на нашу галечу, прасіў пазваніць, як там будзе ў акадэміі, на двухдзённым сходзе.

А пакуль я там нудзіўся на дакладах ä выступленнях, яго павезлі ў рэанімацыю...

Ад Піменавай трупы дзяржаўнай, але чамусьці з крыжам, успомнілася i Алессва, яшчэ шыкоўнейшая, маскоўская. А найбольш сімзалічна, ці што, Анатолева,— танна-стандартная, халтурна збітая так, што малады, апоўдні п'яны, кажучы па-адэску, «гробокопатель», доўга марудзіўся з перакошаным векам, пакуль сяк-так прымацаваў яго непаслухмянымі цвікамі. He б'ючы малатком, a таўкучы ім той цвік, за ручку трымаючыся каля самага жалеза. А потым небяспечнае віхлянне той труны на паясах, нібы таксама п'яных, халі яе — з мудра-дасціпным жыццялюбам Анатолем — апускалі ў стандартна неглыбокую яму...

Сумнае гэта відовішча — бязмежжа гарадскіх могілак з безліччу зноў жа стандартных пірамідак i крыжоў, якіх усё больш ды больш з кожным месяцам, калі мне меркаваць па сваім тут быванні, за год — трэці раз.

* * *

Літаратурны ўнук гаварыў учора па тэлевізары, што калі б ён нарадзіўся рускім пісьменнікам — яму не было б чаго рабіць, бо там «усе нішы занятыя». A ў беларускай літаратуры, маўляў, жанравых нішаў поўна.

Згадаўся ягоны дзед, універсальны графаман, які на сваім пяцідзесяцігоддзі гаварыў пра сваю шматжанравасць: «Што ж, кожнаму жанру хацелася дапамагчы...»

* * *

Па радыё сёння выступаў вялікі мінскі абласны начальнік, з высокай заклапочанасцю народным лесам гаварыў i доўга, i нібы шчыра. А я тым часам успамінаў, як увосень дзевяноста другога, калі наш дом засяляўся, я, шукаючы сантэхніка, які не закончыў, пакінуў работу ў нас i пабег у суседні пад'езд, застаў яго там, у шыкоўнай кватэры, дзе ён ладзіў у ванным пакоі ўмывальнік «цюльпан». Толькі спытаўся, калі ж ён закончыць пачатае ў нас. А ён мне трохі пазней, на прастадушным надпітку, расказваў, як на яго крычаў той начальнік,— чаму ён упусціў мяне за парог, хоць я, спыніўшыся на лесвічнай пляцоўцы ў адчыненых дзвярах, парог той не пераступіў. Я яму, ведаеце, гавару, што вы ж пісацель, а ён мне кажа: «Ну i што?!»

«Ну i што» застаецца i надалей.

* * *

Сёння ажно адмахнуўся ад астрабрыдлага — па Караткевічу — самаедства:

«Я грэшны? Ты ж мяне, Божа, такім i зрабіў!..» А гэта — з «Хозяина и работника», што я заўважыў i перакладаючы гэтае апавяданне, на чым спыніўся яшчэ раз i чытаючы карэктуру. У Льва Мікалаевіча Мікіта думае так:

«Известно, грехи. Да что же, разве я сам их на себя напустил? Таким, видно, меня Бог сделал. Ну, и грехи! Куда денешься?»

Якая праўда, а так проста сказана. Калі не ўдумацца, дык, чытаючы, i пройдзеш міма.

* * *

Выпадкова сустрэўся на выдавецкай лесвіцы з Валодзем Васілевічам, i ён расказаў мне пра сваю радасць. Выняў з папкі тоўстую, на ўвесь захоп жменяй, карэктуру новай кнігі. Зноў родны фальклор, першы том трохтомніка. У акадэмічную серыю «Беларуская народная гворчасць» не ўдалося падключыць — па ўсеагульнай нашай прычыне: грошай няма — ідзе трохтомнік у «Мастацкай літаратуры». Калі выйдзе — богведама, але ж ідзе! Гэтым свяціліся вочы харошага сына Лены Васілевіч, аднаго з нашых светлых рупліўцаў. А мне ўявілася — ужо дома — як ён будзе чытаць гэтую вялікую i нялёгкую карэктуру. Праца цяжкая дый радасная, як ворыва, як малацьба.