Выбрать главу

* * *

Ён мяне раздражняе, не раўнуючы, як N.,— не магу ні слухаць, ні бачыць. «Не раўнуючы»— таму, што ў выпадку з таленавітым паэтам, які губіць сябе хамскім п'янствам, зло непараўнана меншае... Учора, уключыўшы «Рэзананс», новую, прэзідэнцка-алілуйную праграму, убачыўшы «ўсенароднага», пачуўшы першыя фразы самазахаплення, з болем выключыў тэлевізар...

Дробязь як быццам тое, што я адмовіўся атрымліваць медаль ветэрана з ягоных рук, але i не дробязь, бо ў справах галоўных дробязей няма. Адчуў гэта з задавальненнем двойчы,— чуючы пра тое «августейшее» ўручэнне па «Свабодзе», а потым чытаючы ў «Звяздзе».

Дарэчы, «Звяздзе» ён таксама не даруе, мяркуючы па тым, як у «свой чысты чацвер» іранізаваў над галоўным рэдактарам, з намёкам пра «нацыяналізм»...

Тады яшчэ «ЛіМ» застанецца, а потым ужо беларускімі,— няхай сабе i з прынцыповымі агаворкамі,— застануцца «Ыіва» ў Польшчы, «Наша ніва» ў Літве, «Беларус» у Амерыцы... Бо i яго выкурыць прэзідэнт з Мінска. Найцяжэй яму будзе, відаць, ca «Свабодай», якую апошнім часам i я чытаю ўсю, ужо значна менш звяртаючы ўвагу на некаторую правінцыйную грубаватасць, часамі ледзь не да гы-гы-гы.

* * *

Няўжо так звычайна, празаічна i памрэш, без нейкага вышэйшага заключнага акорда?..

Я — нейкі я — сяджу адзін у ціхай, светлай кватэры i друкую на машынцы, лезу ў шуфлядку стала па хустачку i — неяк дзіўна, збоку гляджу на чала века — старога i самотнага ў сонечным святле з-за вокнаў...

* * *

I смех, i бяда ў тым, што пэўнае пакаленне новых, маладых, так сказаць творцаў — а мне ix даводзілася сустракаць i праводзіць у прозу цвярозай рэчаіснасці ўжо некалькі,— лічыць, што ўсё былое, нядаўняе — лухта i марнота, а вось яны прыйшлі — не проста прыйшлі як яшчэ адна змена, a прыйшлі назаўсёды! Такуюць, перабіваючыся ўзаемна, пакуль ix ззаду не падціснуць новым i такім самым па сутнасці такаваннем яшчэ адны прэтэндэнты на беспамылковую вечнасць.

* * *

Стары, энергічны, вясёлы доктар пра здароўе пытаўся так:

«Праздник обеда есть? Струя есть?..» Было яшчэ штосьці сакраментальна трэцяе, не памятаю яго. Ды мяне, зрэшты, цікавіць тут толькі «струя». Малады, жарабцоўскі струмень смярдзючай мачы, якую сыны аднаго з нашых пазменна цурболілі на лесвічнай пляцоўцы ў той, парваны імі нумар часопіса, у якім нехта пакрытыкаваў ix вялікага тату...

* * *

Былыя камсамольскія важакі самасільна кінуліся ў набожнасць.

Аднаго з ix, добра знаёмага, нядаўна паслухаў па радыё,— як ён, аказваецца, Біблію чытае «штодня i з аловачкам».

A другі, незнаемы, але не менш энергічны, ні больш ні менш, а «изучил всю подноготную православной религии»...

* * *

Столькі цяпер гаворыцца пра карані. Само сабой было раней у Еўтушэнкі, які, зрэшты, раскараніўся i на Беларусі, i на Украіне. Потым пра гэта гаварыла з нашай сцэны гастралёрка Талкунова, пасля палітык Старавойтава.

A днямі — дзеля вялікай палітыкі — пра «беларускія карані» загаварыла нарэшце праз тры дзесяцігоддзі яраслаўскай рускасці Церашкова. А генерал Клімук, які ў космас лятаў з кнігай Коласа, пра караHi свае чырыкае ў Мінску па-руску.

Слухаў ix у Таварыстве дружбы з заграніцай.

* * *

Таварыства дружбы прымала групу ветэранаў з шыкам i падарункамі, зноў жа нямецкага паходжання. Ужо i не саромеемся браць. Хоць i ўспомнілася тая старая жанчына, што плакала па тэлевізары:

«Каб не беднасць такая, дык я б ім кінула гэтыя трыста дойчмарак назад!..»

Пакаяльную кампенсацыю за два гады няволі колішняй маладое дзяўчыны, вывезенай «на работы».

* * *

Данута пераглядала выпадкова знойдзены ў іхнім капітальна-рамонтным безладзе нумар «Работніцы i сялянкі» за 1991 год i знайшла там прыемнае мне.

У нарысе Раі Баравіковай пра салігорскіх настаўнікаў пішацца так:

«...I Валянціна Аркадзьеўна ўжо запрашае да чаю, a Міхаіл Паўлавіч пачынае расказваць пра сябе. Сярод яго радні таксама ёсць настаўнікі, было каму запаліць агеньчык у душы, але i было яшчэ адно. Бацькі жывуць на Гродзеншчыне, у Карэліцкім раёне, яны калгаснікі, простыл сяляне, усё жыццё пры зямлі. Але калісьці бацька, Павел Анісімавіч, вучыўся ў польскай школе ў мястэчку Турэц разам з Янкам Брылём. Гэтае асабістае з будучым вядомым пісьменнікам ён пранёс праз усё жыццё i, як мог, па-сялянску перадаваў дзецям пачуццё асаблівай павагі i любові да мастацкага слова, да літаратуры. Выпадковасцей у жыцці не бывае, i калі прыйшоў час выбіраць дарогу, Міхаіл Паўлавіч выбраў філалогію».