Нешта падобнае раздражняла мяне ў сябра-партызана, які, прыехаўшы з горада, смакаваў красу маіх родных мясцін, дзе i ён партызаніў. «Тады гэта не заўважалася»,— гаварыў ён у сваім захапленні. Відаць, перапынкаў паміж баямі ў ягонай брыгадзе зусім не было, што i лесу, i лугоў, i Немана не бачыў.
* * *
Здаецца, случчанка, галасістая вясковая маладзіца, хораша спявае па радыё незнаемую мне народную песню, у якой дзяўчына ідзе побач з паходнымі салдатамі, «маскалямі», бядуючы, як ім цяжка, a ў ix жа «толькі сухары ды вада». Салдат адказвае на гэтую жаласць, суцяшае дзеўку на хаду:
Бог мой, i такое хаваецца ў народнай памяці, не выходзіць наверх!..
* * *
У нас не было так многа багатых, адукаваных людзей, якія мелі шмат вольнага часу, «досуга», як гаварыў у гэтым аспекце Талстой, i для вучобы, i для творчасці, i для пазнавання свету ў падарожжах. У нас толькі фальклор багаты, у які таленавітыя людзі з беднага, бяспраўнага народа з гора ці з радасці заганялі сваю таленавітасць — песнямi, казкамі, жартамі, прыказкамі — у народную памяць, у якой тое багацце праходзіла адбор, прасейванне ў пакаленнях іншых талентаў — таксама безыменных.
* * *
Пад старым, неадрамантаваным «газікам», у цяньку, схаваўшыся ад спякоты, адпачываюць куры. Пажылы чырвоны певень, найбольш высунуты з ценю на сонца, i на сямейнай варце дрэмле так смачна, што ажно я, гледзячы на яго са свайго цяньку на лаўцы каля плота, пачаў падрэмваць.
Тым больш што паблізу ў хляве рытмічна цыркаў у вядро паўдзённы сырадой, якога я чакаю.
* * *
Па-старэчы гаманкі паэт, выступаючы па радыё, захоплена кажа, што ён «страшэнна любіў сваю маці». I хоць час перадачы канчаецца, пачынае яшчэ адзін рытарычна-сентыментальны верш.
I ўспамінаюцца маскоўскія дамачкі — з радыё i ў газеце: «Такой безумно вкусный суп!..»
* * *
Бабка Матруна i заўсёды не надта да працы руплівая, на старасць так разленавалася, што i падпусціць на печы, падмочыцца i кажа: — Ат, усё ў моры будзе. Філасофія глабальная.
* * *
Чалавеку стварылі такую славу, што цяпер яму трэба думаць, як жа гэта не паказацца меншым...
Зрэшты, i тыя, што слухаюць, i ён, што вяшчае, над гэтым не вельмі задумваюцца.
* * *
На тэлеэкране — новая дыктарка. З выгляду прыемная i даволі культурная ў роднай мове. У канцы перадачы яна з усмешкай паведаміла, што ў праваслаўных сёння вялікае свята, нараджэнне Дзевы Марыі, якая — во свецкасць! — «мела гонар быць божай маці»...
* * *
Федзя Янкоўскі аўтографы на сваіх кнігах падпісваў так сціпленька, што часам трэба было яшчэ знайсці яго, той аўтограф, не раўнуючы, як пад пахай, у якім-небудзь куточку тытульных старонак. Прыгожы i дробненькі, цяжка чытэльны почырк.
* * *
Цудоўны майскі ранак пяцідзесятага года. Максіму Танку — трыццаць восьмы. Магутны i вясёлы прыгажун. Штосьці дасціпна гаворачы, ён стаіць на ганку драўлянага, двухпавярховага Дома творчасці «Каралішчавічы».
A ніжэй, на ўжо няроснай траве, стаю я, разам з некім яшчэ, не памятаю ўжо, з кім. Дый патрэбен тут адзін Максім. Як для партрэта.
Па лясной дарозе падыходзіць да нас не старая яшчэ, босая цётка са збаночкам. Вітаецца i прапануе купіць малачка. I тут адбываецца тое, з-за чаго гэты мой успамін.
Максім бярэ той збаночак вялікай жменяй за шыйку i нагбом, спакойна ды няспешна п'е. На здзіўленне i цётцы, i нам. Момант... Чаканне... Перамог!
— Эх, здорава!..
Пытаецца, колькі з яго, плоціць па-свойму шчодра, дзякуе, па-вясковаму выціраючы верхам далоні губы.
Мы смяемся. А цётка пайшла ў свой бок, калі злосная па натуры, дык i падумаўшы, чаго добрага: «Во прорва!» А то i з прыязнай усмешкай панесла навіну дадому.
* * *
Калі ў нас па-беларуску, па-коласаўску пякуць аладкі, можна па-біблейску, па-сусветнаму сказаць, што i сапраўды «не хлебом единым жив человек». Тым больш калі яшчэ i яечня сквірчыць, i далоні можна пацерці ад належнага настрою.
Успамінаю весела. Азгур запрасіў Вялюгіна ў грыбы. У лагойскім лесе яны надыбалі старога дзядзьку, з якім i пагаманілі, а потым i перакусіць прыселі. Узяўшы чарку, дзед пасмялеў i спытаўся:
— А вы гэта, хлопцы, відаць, пісьменнікі?
— А што? — з усмешкаю спытаўся Анатоль.
— Бо вось жа i жыдок па-беларуску клепіць. Ці смяяўся Заір,— Анатоль мне, здаецца, не сказаў. A гаварыў па-беларуску паважаны маэстра рэдка, нібы каб паказаць, што ўмее.