Выбрать главу

Уздыхнем, падумаўшы: быў жа час, не ваенны, a мірны, калі на адным тыдні, адпісаўшы сябру, можна было атрымаць i ягоны адказ.

Гэта я пра другое пісьмо, ад 8 студзеня 1966-га, вакол той самай справы.

«...Я рады, што Ты згадзіўся са мной наконт прадмовы да чатырохтомніка, i «польщен», што Твой выбар паў на мяне. З прыемнасцю я б заняўся гэтай працай, адлажыўшы на потым Таўлая, але думаецца мне, што я не зраблю таго, што трэба зрабіць i што можа зрабіць Віктар Каваленка. Тут патрэбна, на мой погляд, пэўная дыстанцыя паміж аўтарам i крытыкам, якое мне не хапае ў сілу нашай дружбы. Я буду пісаць пра Тваю творчасць паміма волі залішне інтымна, асабіста, уплятаючы розныя дэталькі i ўражанні, якія мне здаюцца дарагімі з прычыны нашай дружбы, а чытачу яны не абавязковыя ў даным выпадку i могуць паказацца не да месца. Так што з канчатковым рашэннем надумай.

Я пішу зараз, выбіраючы хвіліны (калі набрыдзе), такое эсэ — не эсэ на тэму «Як i чаму пісаўся раман «Птушкі i гнёзды». Раблю свабодныя экскурсы i адстунленні, накрэсліў папутна партрэцік Паўла Жалезняковіча, як мецэната «Жывога i гнілі»,— адным словам, такое маляванне ўпрытык. Не ведаю, што з гэтага выйдзе, але, можа быць, сёе-тое атрымаецца. Закрану i нытанне: матэрыял жыцця — змест твора, чыркану пра прататыпы.

Другая мая патаемная работа пра Тваё i наша — гэта кароценькія эцюдзікі, якія маюцца быць тэкстам да альбома «Сустрэчы з пісьменнікамі цераз аб'ектыў», або «Здымкі без папярэджання», або «Фотасустрэчы з майстрамі слова», або...— назвы канчатковай не прыдумаў. Накрэмзаў першы эцюдзік пра наша гасцяванне ў М. Лынькова, сустрэнемся — накажу.

Улічыўшы ўсё гэтае, падумай, ці варга мне, настроенаму на легкадумны лад, даручаць такую сур'ёзную працу, як прадмова да этапнага выдання. Чакаю Твайго рашэння».

Я ўсё-такі настояў на сваёй просьбе, i той збор твораў выйшаў з прадмовай Уладзіміра Калесніка.

Як, дарэчы, не згадзіўся з тым, што аповесць «У Забалоцці днее» можна ўключыць у чатырохтомнік.

Трэба, відаць, не ў заўвагах, а тут сказаць пра Паўла Жалезняковіча, нашага старэйшага сябра з паргызанскіх дзён. Пра яго мы ўдзячна пісалі з Валодзем абодва,— ён у «Блакадзе», апублікаванай летась часопісам «Беларусь», а я, за трэцім разам, у эсэ «Заказ i просьба», змешчаным у зборніку «Пішу як жыву». У пісьме сваім Валодзя згадвае той факт, што мая аповесць «Жывое i гніль», якая пазней увайшла ў «Птушкі i гнёзды», у партызанскім лагеры, дзякуючы, у першую чаргу, Жалезняковічу, была перадрукавана штабной машыністкай i самалётам, з аказіяй, паслана з Налібоцкай пушчы ў Маскву, Максіму Танку.

А што да фотаальбома пра сустрэчы з пісьменнікамі — задума гэтая, на жаль, не здзейснілася. Хочацца быць упэўненым — пакуль што. Мноства таленавітых фотаздымкаў у Валодзевым архіве захавалася i чакае свайго часу.

Калі ж яшчэ пра яго шчырую сяброўскую зацікаўленасць у маіх поспехах, дык варта спыніцца на дзвюх рэчах, так сказаць, этапнага характару — на маіх «Птушках i гнёздах» i ягонай манаграфіі пра маё жыццё i творчасць. Да манаграфіі мы вернемся крыху пазней, а пра «кнігу адной маладосці» скажу, што тузаніны ў нас з Валодзем вакол яе было шмат, пакуль не дайшло да канчатковага варыянту гэтай рэчы ў мяне, a ў майго сябра-крытыка да ягоных ацэнак у артыкулах i ў манаграфіі. Тут не месца для апублікоўвання вялікіх дыскусійных пісьмаў, i я хачу даць вытрымку толькі з аднаго пісьма, датаванага канцом снежня 1962 года.

«...Сапраўды, мы нібыта развучыліся пісаць (дакладней сказаць, я развучыўся, i гэта будзе правільна ва ўсіх адносінах). Уласна кажучы, не набралася яшчэ такіх балючых пытанняў, каб карцела сесці за стол ды шкрэбаць гадзіну-другую, адводзячы душу. Мне проста хацелася пачуць Твой голас ды сказаць: жадаю поспехаў, рад, што Табе пішацца!..

Па тону Твайго пісьма бачу, што ў Цябе алімпійскі настрой i алімпійская форма. Вельмі прыемна мне гэга, хоць i пабойваюся, каб не лішне дабрадушны тон запанаваў у мелодыі рамана. Мне хацелася б пачуць у ім адценне іроніі (прадмету духоўнай сталасці літаратуры), накшталт тое, якая ўлоўліваецца, скажам, у рама не Джузепэ ды Лампедуза «Леапард». Нядаўна я прачытаў гэтую кнігу i хаджу пад яе глыбокім уражаннем. Такой тонкай праніклівасці ў жыццё людзей я не сустракаў у літаратуры. Тым больш выглядае ўсё гэта фенаменальна, што аўтар яе, нейкі італьянскі арыстакрат, напісаў адну-адзіную кнігу ў канцы жыцця. Хочацца пачуць Тваю думку пра гэтую кнігу.