У Гленарвана не было аніякага жадання шукаць прычын гэтага заняпаду, хаця Паганель і спрабаваў пачаць размову на гэту тэму. Не трацячы ні адной хвіліны, ён накіраваўся да жылля містэра Бентока, брытанскага консула.
Консул прыняў іх вельмі ласкава і, як толькі даведаўся пра гісторыю капітана Гранта, прапанаваў сабраць весткі аб ім.
На пытанне, ці спынялася «Брытанія» на трыццаць сёмай паралелі каля чылійскіх ці арауканскіх берагоў, ён адказаў адмоўна. Ніякіх вестак аб гэтым не атрымлівала ні брытанскае консульства, ні консульствы іншых краін.
Гленарван не разгубіўся ад гэтай весткі. Ён вярнуўся ў Талькагуано і, не лічучыся з турботамі, не шкадуючы грошай, накіраваў людзей на пошукі па ўсяму ўзбярэжжу. Але пошукі гэтыя аказаліся дарэмнымі. Самыя старанныя роспыты ўзбярэжных жыхароў нічога не далі. «Брытанія» не пакінула ў гэтай мясцовасці ніякіх слядоў сваёй прысутнасці.
Гленарван расказаў сябрам аб няўдалых выніках арганізаваных пошукаў.
Мэры Грант і яе брат не маглі захаваць сваёй роспачы. Гэта адбылося праз шэсць дзён пасля прыбыцця «Дункана» ў Талькагуано. Усе пасажыры сабраліся ў салоне. Элен спрабавала — не словамі, што яна магла сказаць? — як умела, супакоіць бедных дзяцей капітана Гранта. Паганель зноў выцягнуў дакументы і пачаў разглядаць іх з падвоенай увагай, стараючыся знайсці ў іх што-небудзь новае. Цэлую гадзіну ён разглядаў іх з усіх бакоў.
Гленарван парушыў яго разважанні.
— Паганель,— сказаў ён,— я звяртаюся да вашай мудрасці. Хіба мы няправільна вытлумачылі значэнне гэтага дакумента? Хіба сэнс гэтых радкоў не такі, як мы думаем?
Паганель маўчаў.
— Можа, мы памыляемся адносна месца катастрофы? — прадаўжаў Гленарван.— Але хіба слова «Патагонія» не кідаецца адразу ў вочы колькі-небудзь пранікліваму чалавеку?
Паганель па-ранейшаму маўчаў.
— І ўрэшце, хіба слова indi, якое мы лічым за пачатак слова indien—індзеец не пацвярджае гэтай здагадкі?
— Безумоўна,— сказаў Макс-Набс.
— У такім выпадку хіба не ясна, што пацярпеўшыя крушэнне ў момант, калі пісаліся гэтыя дакументы, штохвілінна чакалі, што індзейцы возьмуць іх у палон?
— Дазвольце перапыніць вас тут, дарагі Гленарван,— сказаў Паганель.— Калі да гэтага часу ваша заключэнне здавалася мне правільным, дык у гэтым пункце я з вамі не згодзен.
— Што вы хочаце гэтым сказаць? — запытала Элен.
Усе позіркі накіраваліся на географа.
— Я хачу сказаць,— адказаў урачыста Паганель,— што капітан Грант у сучасны момант з’яўляецца палонным у індзейцаў, і я дадаю, што адносна гэтага дакументы не выклікаюць ніякіх сумненняў!
— Растлумачце, калі ласка,— папрасіла Мэры Грант.
— Няма нічога больш лёгкага: замест таго, каб чытаць: «трапяць у палон да лютых індзейцаў», трэба чытаць: «трапілі ў палон». Тады ўсё будзе зразумелым.
— Але гэта немагчыма! — сказаў Гленарван.
— Немагчыма! чаму? — усміхаючыся, запытаў Паганель.
— Таму што бутэльку маглі кінуць у акіян у той момант, калі карабль ляцеў на скалы. Адсюль выходзіць, што градусы даўгаты і шыраты, адзначаныя ў дакументах, павінны паказваць іменна месца крушэння.
— Нішто не даказвае, што гэта меркаванне правільнае,— жвава запярэчыў Паганель.— Чаму нельга меркаваць, што пацярпеўшых крушэнне індзейцы завялі ў глыб краіны і ўжо адтуль яны прабавалі паведаміць свету аб сваім палоне?
— Гэта прапанова не вытрымлівае крытыкі, дарагі Паганель,— усміхнуўся Гленарван.— Для таго, каб кінуць бутэльку ў акіян, трэба быць на беразе акіяна.
— Ці, на благі канец, на беразе ракі, якая ўпадае ў акіян,— урачыста адказаў географ.
Глыбокае маўчанне запанавала ў каюце пасля гэтага нечаканага і тым не менш зусім праўдападобнага адказу. Па бляску вачэй сваіх слухачоў Паганель зразумеў, што ў глыбіні душы ў кожнага зноў цяплілася надзея.
Элен загаварыла першая.
— Вось гэта дык думка! — сказала яна.
— І якая геніяльная! — наіўна падхапіў географ.
— Значыцца... вы думаеце, што...— пачаў Гленарван.
— Я думаю, што трэба пачаць з месца, дзе трыццаць сёмая паралель перасякае амерыканскі мацярык на беразе Ціхага акіяна, і перасячы ўвесь мацярык, не адхіляючыся ні на поўградуса ад гэтай паралелі да таго самага месца, дзе яна даходзіць да берагу Атлантычнага акіяна. Спадзяюся, што па дарозе мы наткнемся на афяры крушэння «Брытаніі».