Выбрать главу

Гленарван не зводзіў позірку з Роберта, баючыся, што дзіцячая гарачнасць штурхане яго на неасцярожныя ўчынкі, якія ў гэтых умовах могуць скончыцца нядобра.

Паганель лез наперад з уласцівай французам лютасцю. Што да маёра, дык ён пасоўваўся мерна, трацячы якраз столькі энергіі, колькі гэта было неабходна, каб перамагчы чарговую перашкоду, і ні на кроплю больш. Ці заўважаў ён, што падымаецца на гару вось ужо шмат гадзін? Гэтага нельга было сказаць пэўна. Магчыма, яму здавалася, што ён спускаецца з гары.

А пятай гадзіне раніцы барометр паказаў, што маленькі атрад знаходзіцца на вышыні сямі тысяч пяцьсот футаў. Тут праходзіла мяжа распаўсюджання дрэўнай расліннасці. Падарожнікі заўважылі некалькі жывёлін, выгляд якіх прывёў-бы ў захапленне кожнага паляўнічага. Гэта былі ламы,—горныя жывёлы, якія могуць замяняць барана, быка і каня, і жывуць у такіх мясцінах, дзе не мог-бы жыць нават непераборлівы мул. Ламы, відаць, былі ўжо знаёмыя з людзьмі, бо палахліва ўцякалі ад атрада. Тут былі і шэншылы, маленькія, рахманыя і палахлівыя грызуны з вельмі прыгожай густой поўсцю. Шэншыла займае сярэдняе месца між зайцам і тушканчыкам. Будова яе задніх ног робіць яе падобнай да кенгуру. Не гледзячы на стомленасць, падарожнікі не маглі не заглядзецца, бачачы, як лёгка і грацыёзна гэтая маленькая жывёліна бегае па галінках дрэва.

— Гэта яшчэ не птушка,— заўважыў Паганель,— але гэта ўжо не чацвераногае!

Аднак гэтыя звяркі не былі апошнімі прадстаўнікамі свету жывёлін. На вышыні дзевяці тысяч футаў, на мяжы вечных снягоў, падарожнікі сустрэлі цэлы гурт надзвычай прыгожых бязрогіх коз са стройным і ганарлівым выглядам і вельмі тонкай поўсцю. Нечага было і думаць падыйсці да іх: яны ледзь толькі дазволілі зірнуць на сябе і пабеглі, нячутна дакранаючыся да бліскучага белага снежнага дывана.

Цяпер горы набылі зусім іншы выгляд. Вялікія ледзяныя глыбы, якія адсвечвалі сіняватасцю на пераломах, адбівалі першыя праменні дня.

Уздым рабіўся вельмі небяспечным. Перш чым ступіць, даводзілася ўтыкаць палку ў снег, каб упэўніцца, што пад ім не захавана яма. Вільсон узначаліў атрад, і яго спадарожнікі, выстраіўшыся адзін за адным, стараліся ступаць толькі ў яго сляды. Яны баяліся голасна сказаць слова, бо невялікі шорах, скалануўшы паветра, мог выклікаць абвал снежнай масы, якая павісла над самымі іх галовамі на вышыні сямісот-васьмісот футаў.

Яны знаходзіліся яшчэ ў зоне хмызнякоў. Яшчэ праз паўтары тысячы футаў хмызнякі змяніліся кактусамі. На вышыні адзінаццаці тысяч футаў і гэтыя расліны зніклі, і глеба стала зусім бясплоднай.

Падарожнікі спыняліся на адпачынак толькі адзін раз — а восьмай гадзіне раніцы. Хутка паснедаўшы, каб папоўніць сілы, яны мужна аднавілі ўздым, перамагаючы небяспеку, якая з кожным крокам станавілася ўсё больш і больш грознай. Ім даводзілася то ўзлазіць на вострыя кручы, то пералазіць цераз бяздонні, глыбіню якіх вока баялася вымераць. Шмат дзе яны сустракалі драўляныя крыжы, маўклівыя сведкі былых катастроф. Каля двух гадзін папаўдні яны вышлі на вялікае зусім пустое плато, размешчанае сярод голых горных верхавін. Паветра было сухое, неба — густой цёмнасіняй афарбоўкі. На гэтай вышыні дажджоў не бывае, і вадзяная пара асядае толькі ў выглядзе снегу ці граду. Там і тут некалькі базальтавых і парфіравых валуноў чарнелі ў белай пеляне, як косці шкілета. Часамі ад холаду абломкі кварца ці гнейса калоліся на часткі з глухім трэскам, ледзь чутным у гэтай разрэджанай атмасферы.

Не гледзячы на сваю мужнасць, маленькі атрад зусім знясіліўся. Гленарван, бачачы, што яго спадарожнікі не могуць стаяць на нагах ад стомленасці, пачаў шкадаваць, што не падумаўшы забраўся так далёка ў горы. Роберт з усіх сіл стараўся трымацца на нагах, але ён не мог ісці далей, гэта было відавочна. А трэцяй гадзіне папаўдні Гленарван загадаў спыніцца.

— Трэба адпачыць,— сказаў ён, бачачы, што ніхто першым не асмельваецца прапанаваць.

— Дзе-ж тут адпачываць? — запытаў Паганель.— Навакол няма ніякага прытулку.

— І тым не менш неабходна зрабіць прывал, хаця-б дзеля Роберта.

— Не, не, сэр! Не прыпыняйцеся з-за мяне,— адказаў адважны хлопчык.— Я яшчэ здольны хадзіць!

— Мы панясем цябе, мой хлопчык,— сказаў Паганель,— але ва што-б та ні стала мы павінны дабрацца да ўсходняга спаду! Можа там мы знойдзем які-небудзь прытулак. Я лічу, што нам трэба ісці яшчэ не больш двух гадзін.