Раптам на падарожнікаў наляцела лавіна, але не снежная і не каменная, а лавіна жывых стварэнняў, звар’яцелых ад жаху. Здавалася, што ад тупату іх ног задрыжэла ўся гара. Жывёлы было сотні, можа нават тысячы, і, не гледзячы на разрэджанасць паветра, яны рабілі аглушальны шум. Былі гэта дзікія звяры з пампасаў ці проста статак лам? Не паспелі падарожнікі кінуцца ніцма на зямлю, як на іх наляцеў жывы віхор. Паганель хацеў устаць, каб лепш бачыць, але вокамгненна быў павалены на зямлю.
У гэты момант грымнуў стрэл: маёр страляў наўздагад у статак. Яму здалося, што адна жывёліна ўпала за некалькі крокаў ад іх, у той час як увесь статак з нястрыманым парывам і страшэнным рыкам збег уніз па схілу гары, асветленай водбліскам вывяржэння вулкана.
— Знайшоў! — пачуўся з цемры голас Паганеля.
— Што вы знайшлі? — запытаў Гленарван.
— Ды мае акуляры! Аж дзіва, як яны не пабіліся ў такім тлуме!
— Вы не ранены?
— Не, толькі памяты крыху. Але што гэта была за жывёла!
— Зараз даведаемся,— адказаў маёр, цягнучы да хаціны толькі што застрэленую ім жывёлу.
Усе хутка вярнуліся ў хаціну і там пры святле агню ў ачагу разглядзелі «дзічыну» Мак-Набса.
Гэта быў прыгожы звер, які нагадваў з выгляду маленькага бязгорбага вярблюда, у яго была малюсенькая галава, худое цела, доўгія і тонкія ногі, шаўкавістая мяккая поўсць колеру кофе з малаком з белымі плямамі на жываце.
Паганель, толькі зірнуўшы на жывёлу, адразу пазнаў яе:
— Гэта гуанако!
— А што такое гуанако? — запытаў Гленарван.
— Зусім ужыўная жывёліна,— адказаў Паганель.
— І смачная?
— Надзвычай. Ежа, вартая Лукула. Я адчуваў, што ў нас на вячэру будзе свежае мяса! І якое яшчэ мяса!
Але хто возьмецца выпатрашыць тушу?
— Я,— сказаў Вільсон.
— А я згатую з яе жаркое,— адказаў Паганель.
— Хіба вы повар, пане Паганель?—запытаў Роберт.
— Вядома, мой хлопчык, я-ж француз, а кожны француз па натуры крыху повар.
Праз пяць хвілін Паганель палажыў вялікія кавалкі «дзічыны» на гарачае вугалле.
Яшчэ праз дзесяць хвілін вучоны-кухар запрасіў сваіх спадарожнікаў паспытаць «філей гуанако» — так пышна назваў ён сваё гатаванне. Ніхто не сароміўся, і ўсе прагна накінуліся на гарачае мяса. Але, на вялікае здзіўленне географа, ледзьве паспытаўшы «філей гуанако», усе скрывіліся і павыплёўвалі недажаваныя кавалкі.
— Якая погань! — сказаў адзін.
— Гэта немагчыма есці,— пацвярдзіў другі.
Небарака вучоны сам паспытаў кавалак «філея» і павінен бый згадзіцца, што гэтай смажаніны не еў-бы нават чалавек, які памірае ад голаду. Таварышы пачалі насміхацца з лукулаўскай стравы Паганеля; сам ён не мог здагадацца, чаму мяса гуанако, сапраўды смачнае і ацэненае гастраномамі, у яго руках раптам стала нясмачным. Раптам у яго мільганула думка.
— Зразумеў! — крыкнуў ён.— Я зразумеў!
— Можа мяса было нясвежае? — спакойна запытаў Мак-Набс пры агульным рогаце.
— Не, ехідны маёр, мяса-то было свежае, але жывёла занадта доўга бегла! Як я мог забыцца на гэта!
— Што вы гэтым хочаце сказаць, пане Паганель? — запытаў Том Аусцін.
— Мяса гуанако смачнае толькі тады, калі жывёліну забіваюць як яна спакойная; калі-ж за ёю доўга ганяюцца, калі яе прымушаюць доўга бегаць, мяса яе робіцца нясмачным. Такім чынам, па смаку мяса гэтай жывёліны я магу смела заявіць, што яна, а значыцца, і ўвесь статак, прыбеглі здалёк.
— Вы ўпэўнены ў гэтым? — запытаў Гленарван.
— Цалкам упэўнен,— адказаў вучоны.
— Але што магло так напалохаць жывёлу, якая ў такую пару ночы павінна была спакойна спаць у сваім логавішчы.
— Не ведаю, дарагі Гленарван. На гэта пытанне я не магу вам адказаць,— сказаў Паганель.— Але не варта ламаць сабе галаву над гэтай загадкай. Лепш ляжам спаць. Што да мяне, дык я паміраю ад жадання спаць! Будзем спаць, маёр?
— Будзем спаць, Паганель!
Падкінуўшы паліва ў ачаг і пажадаўшы адзін аднаму добрай ночы, усе захуталіся ў свае панчо, і хутка па ўсёй хаціне разносіўся шматгалосны хропат.
Толькі адзін Гленарван не мог заснуць. Думка яго ўвесь час вярталася да статка, які бег з такой вялікай трывогай. Што прымусіла яго з такім перапалохам імчацца да бяздоння Антуко? Ніякія дзікія звяры не маглі спалохаць гуанако. На такой вышыні іх не магло быць, таксама як і паляўнічых. Што-ж было прычынай гэтага перапалоху?
Гленарван пакутваў ад прадчування блізкага няшчасця.