— Мы адчуваем пах гары, але не бачым агню,— сказаў ён.— Але дыму без агню не бывае, і гэтая прыказка ў Амерыцы не менш праўдзівая, чым у Еўропе. Значыцца, недзе нешта гарыць. Пампасы настолькі гладкая раўніна, што нішто ў іх не затрымлівае паветраных патокаў. Таму ў іх часта можна пачуць пах гарэлай травы, будучы на адлегласці сямідзесяці, сямідзесяці пяці міль ад пажару.
— Сямідзесяці пяці міль?..— недаверлівым тонам перапытаў маёр.
— Зусім правільна,— адказаў Паганель.— Трэба толькі дадаць, што стэпавыя пажары тут часта займаюць вялікія плошчы.
— А адкуль бяруцца гэтыя пажары? — запытаў Роберт.
— Часам бывае прычынай маланка, калі трава высушана спёкай. Часам вінаватыя ў пажары — індзейцы.
— Нашто гэта яны робяць?
— Яны сцвярджаюць,— не ведаю, наколькі праўдзівае гэта сцвярджэнне,— што пасля пажару збожжа лепш расце. Відавочна, гэта тлумачыцца тым, што попел угнойвае зямлю. Асабіста я мяркую, што яны падпальваюць траву, каб знішчыць мільярды паразітаў, якія страшна высільваюць стады жывёлы.
— Але-ж гэты гераічны спосаб можа каштаваць жыцця той жывёле, якую захопіць пажар у прэрыях?
— Так, бывае, што знішчаецца цэлае стада. Але што значыць адно стада пры такім багацці?
— Апрача таго ў пампасах бываюць і падарожнікі,— сказаў Мак-Набс.— Можа-ж здарыцца, што пажар застане іх неспадзявана і не дасць магчымасці выратавацца?
— Вядома! — усклікнуў Паганель з асаблівым задавальненнем.— Гэта здараецца часам. Што да мяне, дык я з ахвотай прысутнічаў-бы на такім спектаклі.
— Вось гэта сапраўдны вучоны! — засмяяўся Гленарван.— Ён можа жыўцом згарэць, абы толькі задаволіць сваю цікаўнасць!
— Чэснае слова, вы памыляецеся, дарагі Гленарван. Мы ўсе чыталі Фенімора Купера, і Скураная Панчоха навучыла нас, як ратавацца ад стэпавага пажару: для гэтага патрэбна колькі вырваць вакол сябе траву ў радыусе некалькіх сажняў. Няма нічога больш простага. Таму я ані не баюся стэпавага пажару, а наадварот, хачу ўбачыць яго сваімі вачыма.
Аднак мары Паганеля не суджана было здзейсніцца, і апякаў яго не стэпавы пажар, а толькі праменні сонца, сапраўды нязносна гарачыя. Коні аж задыхаліся ад гэтай трапічнай спёкі. Не было чаго і думаць пра цень, хіба толькі якая-небудзь хмара заслоніць сонца. Калі гэта здаралася і цень прабягаў па гладкай зямлі, седакі і коні ажывалі і стараліся не адстаць ад прахладнай паласы, якую нёс уперад заходні вецер. Але хмара хутка пакідала коней далёка ззаду, і зноў нічым не заслоненае сонца палівала вогненным дажджом вапняную глебу пампасаў.
Калі Вільсон гаварыў, што запасу вады хопіць, ён не браў пад увагу нязноснай смагі, якая так мучыла яго спадарожнікаў у гэты цяжкі дзень. Надзея напаткаць раку пакуль што не апраўдалася: гладкая, як стол, паверхня пампасаў была нязручнай для рэчышчаў рэк. Але мала таго, што па шляху не было рэк, штучныя водазборы—сажалкі, выкапаныя індзейцамі,— усе высахлі! Бачачы, што прыметы засухі павялічваюцца на кожнай новай мілі, Паганель запытаў у Талькава, дзе ён разлічвае знайсці ваду.
— У возеры Салінас,— адказаў індзеец.
— А калі мы туды прыедзем?
— Заўтра вечарам.
Падарожнікі па пампасах Аргентыны, калі іх адольвае смага, звычайна капаюць зямлю на некалькі сажняў углыб і там знаходзяць ваду. Але нашы падарожнікі не мелі прылад, якія патрэбны для капання ям, і таму гэты спосаб нельга было выкарыстаць. Давялося абмежаваць ужыванне вады і выдаваць яе мінімальнымі порцыямі праз вялікія прамежкі часу. Калі падарожнікі і не паміралі ад смагі, дык, у кожным разе, пакутвалі ад яе.
Прайшоўшы трыццаць міль, вечарам яны зрабілі прывал. Усе марылі аб адпачынку і сне, які аднавіў-бы растрачаныя за дзень сілы, але ноччу ім не давалі спакою маскіты і камары, якія наляталі цэлымі хмарамі. Іх з’яўленне прарочыла перамену напрамка ветру, і сапраўды з поўначы вецер пераскочыў на некалькі румбаў і падзьмуў з поўначы. Такім чынам падарожнікам не было чаго спадзявацца на выратаванне ад гэтай надаедлівай машкары, якая знікае толькі пры паўднёвым і паўднёва-заходнім ветры.
Маёр захоўваў звычайны спакой нават пры ўкусах маскітаў, але Паганель увесь час праклінаў лёс. Ён адсылаў да ўсіх чарцей маскітаў і камароў і горка наракаў на адсутнасць падкісленай вады, якая сцішвае боль ад укусаў.
Не гледзячы на запэўненні маёра, які казаў, што яны павінны лічыць сябе яшчэ шчаслівымі, бо з трох тысяч відаў мошак, вядомых натуралістам, на іх напалі толькі два, Паганель прачнуўся раніцай у вельмі благім настроі. Аднак ён не стараўся, каб яго прасілі выходзіць у дарогу на світанні, бо не менш за ўсіх астатніх спяшаў хутчэй дайсці да возера Салінас. Коні вельмі стаміліся; яны ледзь не паміралі ад смагі, хоць коннікі і адмовіліся ў іх карысць ад сваіх порцый вады.