Выбрать главу

Ён выгукнуў апошнія словы.

Танцуючыя вакол пачалі заміраць і паварочвацца ў наш бок адзінай хваляй, якая ўзнялася з цэнтра.

Раптам змоўкла музыка.

Уключылася зыркае святло.

Краем вока я бачыў, што ўсе вакол глядзяць на мяне. Некалі было ацэньваць гэтыя позіркі: перада мной стаяў хам, які, відавочна, прагнуў бойкі.

– Я б выклікаў вас, але тыя часы мінулі. На жаль, крытычна ацэньваючы сябе, я разумею, што вы зваліце мяне адным ударам. Можаце пакалечыць, а мне трэба вярнуцца ў тэрмін і скончыць працу над дысертацыяй.

Мне было сорамна хавацца за сваёй вучонасцю, але больш пужала думка аб магчымай бойцы. Але тут…

– А нашто нам біцца? – амаль па-дзіцячы наіўна здзівіўся здаравяк. – Дуэль – гэта ж са зброяй! Давайце!

– З якой? – лёгкая абсурднасць сітуацыі пачала мяне забаўляць – твар суразмоўцы не быў злым, я, падобна, памыліўся ў яго намерах зламаць мне рэбры.

– Дык выберам! Ну, вы выклікаеце мяне на дуэль? Мяне завуць Цімафей.

– Я Андрэй. Добра, я выклікаю вас на дуэль, – не надта раздумваючы над далейшым, праз сілу ўсміхнуўся я.

– Ду-э-э-эль! – тут жа віскнула нейкая жанчына побач, і раптам уся зала ўзарвалася радаснымі, узбуджанымі крыкамі:

– Дуэль! Дуэль! У нас будзе дуэль!

– Выдатна, Андрэй! – здаравяк схапіў мяне за руку, затрос яе. – Заўтра раніцай да вас прыйдуць!

Мы ішлі з Інай да століка, яна трымалася ганарліва, глядзела ва ўсе бакі з усмешкай каралевы. Я быў ушчэнт разгублены. Мы прыселі, я адчуў незвычайную смагу, у горле перасохла. Трэба было выпіць, думаць – потым. Але дацягнуцца да бутэлькі не паспеў – ля століка апынуліся дзяўчына-афіцыянт і распарадчыца залы:

– Дазвольце-дазвольце!

Яны ў адно імгненне ўсё прыбралі са стала і нават знялі абрус, забралі нашы сурвэткі. Я не паспеў на гэта зрэагаваць, як стол зноўку быў засланы новым чысцюткім абрусам, а афіцыянткі тут жа заставілі яго самымі разнастайнымі стравамі, бутэлькамі з віном, вадой і графінам з каньяком, садавіной і прысмакамі.

– Стойце-стойце, – агаломшана паспрабаваў я пратэставаць: – Я не заказваў… У мяне няма з сабой…

– Што вы, не хвалюйцеся, – з мілай усмешкай адказала распарадчыца. –

Гэта вам ад нашага рэстарана. Вельмі рэкамендую грыбныя біточкі – асабісты рэцэпт нашага кухара. Прыходзьце заўтра ў гэты ж час – вам у нас бясплатна, будзем бязмерна рады бачыць. Прыемнага вечара!

Я адмовіўся думаць – вельмі хацелася піць. А потым і есці. Біточкі грыбныя аказаліся не толькі апетытнымі на выгляд, але і незвычайна прыемнымі на смак.

Першай да нашага століка падышла жанчына гадоў шасцідзясяці ў блакітных брыджах і чорнай блузцы:

– Прабачце, калі ласачка, для мяне гэта, напэўна, апошні выпадак… Ці можна мне зрабіць з вамі сэлфі?

Напэўна, каньяк у той порцыі, якую я спажыў, зрабіў сваю справу, і я адказаў зухавата:

– Вядома!

Гэта быў той каменьчык, які абрынуў плаціну – да нашага століка выстраілася доўгая чарга з тым жа імкненнем: зрабіць сэлфі са мной, са мной і Інай. Потым з’явіўся хлопец з цяжкім хвастом валасоў за спінай, фотаапаратам з даўжэзным фотааб’ектывам, і з ім дзяўчына ў акулярах і джынсах з дзіркамі. Яны здымалі і пыталіся: адкуль я, чым займаюся, мае планы і гэтак далей – аказалася, журналісты мясцовай газеты. Я адмовіўся над нечым раздумваць і пакорліва, шчыра адказваў.

На выхадзе з залы нас ветліва спыніў мужчына сярэдніх гадоў:

– Таксі пададзена!

Я не пярэчыў.

У гасцініцы нас з Інай сустрэлі служачыя, якія падкацілі столік, устаўлены шампанскім і фужэрамі. Уся публіка, пакінуўшы свае месцы за барам і ля більярднага стала, захоплена глядзела на нас. Шампанскае было адкрыта пад радасныя крыкі і выпіта. Затым былі ўжо звыклыя сэлфі. Мне ўручылі ключы і сказалі, што цяпер я ў люксе, мне дазволена пакінуць госцю на ўсю ноч і ўвесь час знаходжання тут. Нумар аплачаны.

Усё, чаму я змог яшчэ здзівіцца гэтым вечарам – нечакана далікатная страсць Іны, якой яна накрыла мяне, быццам набегла цішком цёплая і пяшчотная марская хваля.

Я выспаўся. Дзяўчыны ўжо не было. Глядзеў у столь, згадваў, спрабаваў аналізаваць. Пакуль мелася адзінае тлумачэнне: у гэтым мястэчку ўтварыўся па невядомай прычыне культ дуэлі. Цікава і нечакана, варта раскапаць карані. Добры артыкул можа атрымацца, нешта не помніцца, каб дзе яшчэ сустракалася падобнае. Цягне на амаль адкрыццё. Што ж, самае разумнае цяпер: не супраціўляцца, не здзіўляцца і не распытваць ні пра што – дайсці да ўсяго цягам дзеі. Гэта будзе разумны падыход, які льга захаваць і ў артыкуле.