Выбрать главу

На часопісным століку майго люкса мяне чакала мясцовая газета, дзе мой твар упрыгожваў усю першую старонку. Я бегла прачытаў нумар, прысвечаны мне, і шмат чаго даведаўся пра сябе. Аказваецца, я: не люблю вустрыц і позы ў сэксе “наезніца”; у дзяцінстве выратаваў котку ад хуліганаў; першы верш напісаў у пятым класе, ён быў пра каханне; у маім жыцці было ўжо тры выйграных дуэлі: на рагатках у піянерскім лагеры, на палках там жа і слоўная дуэль ва ўніверсітэце. З мясцовых навін галоўнай была тая, што жыхары адной з вуліц мястэчка на вулічным рэферэндуме вырашылі пераназваць сваю вуліцу ў гонар мяне. Для чатырох гарадскіх школ аб’яўлена спаборніцтва за права насіць маё імя. Былі абвешчаныя гарадскія конкурсы мастакоў на лепшы малюнак мяне, пісьменнікаў на лепшае эсэ пра мяне, паэтаў на лепшы верш, прысвечаны двубоям наогул і майму ў прыватнасці.

Вечарам прыйшла Іна. Яна свяцілася шчасцем. Каля дзвярэй майго люкса стаяў вымуштраваны мужчына спартовага целаскладу. Ён сказаў, што з гэтага вечара ён – мой асабісты целаахоўнік, і зараз за межамі нумара я магу быць толькі ў яго прысутнасці. Я не стаў пярэчыць. Тым больш, што целаахоўнік быў кіроўцам аўтамабіля для нас з Інай.

Целаахоўніка звалі Віктарам. Ён быў вымуштраваны не толькі знешне, але і ўнутрана. На пытанне, дзе б мы маглі пабыць з Інай без назойлівай увагі, прапанаваў адрас.

Там пачастунак з правам выбару любых страў і напояў каштаваў для мяне ўсяго толькі аўтографа на асобнай, толькі што абтынкаванай сцяне. Я, па просьбе гаспадара, зрабіў усё максімальна размашыста. Тут жа майстар пачаў ператвараць пакінутыя мной лініі ў глыбокія баразёнкі. Калі нам прынеслі гарачае, да сцяны для фатаграфавання на фоне майго, ужо па-майстэрску выгравіраванага на сцяне, аўтографа выстраілася чарга з наведвальнікаў. Плата была невялікай. Але да нас, як і абяцаў Віктар, ніхто не набліжаўся. Сам ён стаяў побач увесь вечар японскім непарушным самураем.

Раніца наступнага дня пачалася з візіту двух чалавек. Адзін быў лёгкапазнавальным чыноўнікам гарадской управы, другі нагадваў звычайнага рабацягу.

– Шаноўны дуэлянт! – пачаў пафасна чыноўнік. – Мне дадзена права паведаміць вам, што зброя для дуэлі абрана!

– Так? Вельмі цікава! – мне сапраўды ўпершыню за апошнія дні было цікава даведацца хоць нешта. – Што за зброя?

– Экскаватары!

Лёгкі шок ад паведамлення не паспеў дасягнуць кропкі крытычнага асэнсавання, як чыноўнік пачаў ветліва тлумачыць: выбар прадыктаваны першым чынам найвялікшай відовішчнасцю, усебаковым аглядам, магчымасцю роўных умоў. Аказалася, ні я, ні мой супернік Цімафей не мелі навыкаў кіравання экскаватарам, нам даецца тры дні на навучанне. І гэты на выгляд рабацяга – мой настаўнік.

Увесь дзень я правёў у кабіне грукатлівага монстра. Да вечара ў мяне трэслася ўсё, што магло трэсціся: ногі, рукі, дробна дрыжала галава, асобна вібравала пячонка, ва ўнісон трапяталі ныркі. Але, на сваё здзіўленне, я змог адчуць, што магу кіраваць грудай жалеза. Гэта акрыляла.

У гасцінічны люкс мяне беражліва ўнёс Віктар. Дзве пакаёўкі распранулі і паклалі ў ванну, якая пахла, як царква падчас урачыстай службы. Я зрабіў выгляд, што не заўважыў, як яны крадком рабілі сэлфі са мной, ляжачым у ванне.

Другі дзень на экскаватары даўся лягчэй. Я ўжо лёгка мог рухаць гэты гмах, рабіць дакладныя павароты. У трэці дзень мне далося кіраванне зубастым каўшом на страле.

Дзень дуэлі быў прызначаны. Горад да гэтага часу па вечарах пачаў выглядаць адной велізарнай навагодняй ялінай. Увечары ўсё зіхацела, міргала, іскрылася, выбухала салютамі. Целаахоўнік Віктар даверліва паведаміў, што вячэра за столікам у тым рэстаране, дзе я выклікаў на дуэль Цімафея, роўная яго тром месячным заробкам. Але чарга ўжо на год.

Вечарам мне прынеслі касцюм дуэлянта – белы смокінг. Я крыху здзівіўся: як у гэтым кіраваць экскаватарам, але гарнітур прымерыў. Ён сеў ідэальна. Белыя пальчаткі прыемна халадзілі скуру рук.

Надышоў дзень дуэлі. Не, вось так: Дзень Дуэлі, таму што так было напісана літаральна ўсюды. Сцэна на гарадской плошчы была ўзнята метраў на пяць, каб усе ўбачылі дзейства. Я не мог акінуць позіркам усё мноства людзей.

У пачатку, калі апусціць усе ўзнёслыя выступленні, было адкрыццё новага фантана. Збудаванне паднімалася метраў на пяць і было прыхавана белым. Калі гэта белае прыгожа заслізгала ўніз, вачам адкрыліся тры аголеныя постаці – мая, Цімафея ды Іны. Іна трымала два нахіленыя збаны на плячах і стаяла пасярод. Нашы з Цімам геніталіі былі зроблены ў грэцкай манеры, але з-за большага росту суперніка мае здаваліся боль­шымі. Вада пацякла са збаноў струменямі па невялікай дузе, паліваючы дзве мужчынскія фігуры. Забілі тонкія струмені знізу. Было прыгожа.