Выбрать главу

Пралог быў падобны да балету і оперы разам, я не разбіраюся ў гэтым. У ім было задзейнічана больш за сотню чалавек, і цягнуўся ён добрых дзве гадзіны. Я шчыра стаміўся глядзець.

Потым вывелі на сцэну мяне і Цімафея. Натоўп унізе плакаў і смяяўся ад захаплення. Зачыталі правілы дуэлі.

Мы спусціліся са сцэны прама на памосты. Памосты паднялі і панеслі на руках па два тузіны юнакоў і дзяўчат, апранутых ці то ў грэчаскія тунікі, ці то ў адзенні славянскіх вешчуноў.

На памостах былі поручні, за якія мы трымаліся, але гэта было лішнім: памост ішоў плаўна, нібы плыў.

Пакуль гледачы займалі месцы на стадыёне, я выслухоўваў апошні інструктаж: дазволена ўсё, акрамя выхаду за межы поля. Поле было футбольным, але пакуль без газона, проста пясок.

Калі я ўбачыў экскаватары, зразумеў, чаму мы апранутыя ў белае: гэта былі не старыя разбоўтаныя рабацягі з залітым чорным маслам рухавікамі, але новенькія JCB-300, яны ззялі чысцінёй усіх фарбаў, пахлі ўсярэдзіне скурай сядзенняў. Кіраванне было знаёмым – ніякіх складанасцяў. Мы рушылі насустрач адзін аднаму з супрацьлеглых канцоў поля ў атачэнні кола дзяўчат у кароткіх спаднічках. Мяне ўсё больш ахоплівала хваляванне.

…І мы сышліся. Першы ўдар вялізнага каўша прыйшоўся па маёй кабіне збоку, машына выстаяла, хоць моцна хіснулася, балазе, страла майго каўша знаходзілася ў тым баку, каб супрацьстаяць перакульванню. У гэты момант у галаве завібрыравалі словы настаўніка: «Ты машыну пачуць далжон! Як бы яна – гэта ты». Думка білася і праходзіла з галавы ў цела, у ногі і рукі распаленым дротам, а далей у самае нутро машыны, у кожную яе дэталь і шрубку. І раптам мне зрабілася амаль балюча фізічна ад удару па метале. Я ад’ехаў крыху назад, замахнуўся каўшом і абрынуў удар па страле Ціма.

Дасягнуў поспеху – страла ў месцы ўдару прыкметна сагнулася. Яшчэ два трапныя ўдары, і яна не зможа выгінацца.

Мы наступалі і адступалі, білі адзін аднаго стрэламі, адхіналіся ад удараў па корпусе, чапляліся за гусеніцы, спрабавалі зайсці з тылу.

У нейкі момант я паспеў у адным месцы грызнуць зямлі і шпурнуў яе ў кабіну Ціма, асляпіўшы яго на кароткае імгненне, якога мне хапіла, каб зайсці за спіну суперніка і стукнуць зверху па кабіне. Яна вытрымала, але змялася і страціла вытанчанасць.

Натоўп на трыбунах бушаваў. Ягоны роў даходзіў у кабіну скрозь шум матораў. За каго хто заўзеў, было незразумела. Усе стаялі, махалі рукамі, скакалі і самі рваліся на поле.

Ямка, якую я зрабіў на полі, нарадзіла нечаканую думку. Я стаў капаць быццам дзе патрапіла, часам кідаючы зямлю ў суперніка, часам губляючы яе. Цімафей ганяўся за мною, я ўцякаў, агрызаючыся, паспяваючы капнуць і кінуць. З трыбуны неўзабаве ўбачылі мой таемны план, людзі шалелі, каб дакрычацца да Ціма і папярэдзіць яго аб небяспецы. Ён сам убачыў. Але ўжо амаль закончаную канаву, якая акружала яго, з адной дарожкай, на якой стаў я. Мне не хапіла хвіліны, каб перакапаць і тут і тады цікаваць за Цімафеем: як ён будзе пераязджаць канаўку – і ўдарыць загадзя ўзведзеным каўшом…

Цімафею не было з чаго выбіраць і нельга было марудзіць. Ён зразумеў гэта і рынуўся наперад шалёным быком. Мы сутыкнуліся каўшамі, сыпанулі іскры. Удар адгукнуўся на трыбунах рэхам дзікага крыку. Яшчэ і яшчэ. Бакавыя ўдары каўшамі, націск, удар па гусеніцах. Я адчуваў напружанне сталі зубоў, калі яны чаплялі гусеніцы ворага, у маіх жылах зараз цякла не кроў, а густое машыннае масла.

Бітва на вузкай дарожцы працягвалася хвілін дваццаць. Мы стаміліся. Раз’ехаліся не змаўляючыся. Мы адпачывалі. Рухавікі скінулі абароты і млява лашчыліся пад халодным паветрам з радыятараў. Стрэлы прыхінулі да зямлі галовы каўшоў, застылі. Зуб’і сышлі ў зямлю, якая выцягвала боль напружання.

Мае вочы заплюшчыліся. Я не чуў, як крыху павялічыў абароты Цім. Не ўбачыў, як замільгалі гусеніцы. Цім рухаўся да мяне, не ўстаючы ў баявую стойку. Ён наехаў гусеніцай на мой коўш, ірвануўся і падняў сваю стралу для ўдару. Я паспеў зрабіць самае лепшае – ірвануць назад. Подлы ўдар прыйшоўся ў пустое месца.

Пот сляпіў вочы. Патрэсканае шкло вокнаў накрыла пылам. Дворнікі не працавалі. У нейкі момант мы зразумелі, што чыстай перамогі не будзе. І рынуліся зноў адзін насустрач аднаму, высока падняўшы стрэлы з каўшамі. Мы ўздыбіліся, караскаючыся адзін на аднаго. Яшчэ, яшчэ і – абрынуліся на зямлю разам…

На нейкі момант я страціў прытомнасць. Ачухаўся, пабачыў постаць у белым халаце, схіленую нада мной. У мяне, ляжачага на зямлі, правяралі пульс.