Выбрать главу

Адкінуўшыся на падушкі, ён перадыхнуў і загаварыў далей:

- Учора я зноў чытаў «Песню пра зубра». Год назад ты не згадзіўся са мною. Ты не прыняў маіх парад, і цяпер я хачу прызнацца, што рады гэтаму. Тады маімі вуснамі гаварыў абачлівы пасол... Я рады, што ты нагадваеш валадарам пра іх злачынна забытыя абавязкі... У сваёй «Песні» ты філосаф і географ, гісторык і жывапісец, але заўсёды і найперш ты - паэт. Nicolaus, сёння ты першы паэт Кароны і Княства. Твае пачуцці разрываюць абалонку чужых слоў, і ў лаціне я чую мову нашага краю. Кожны вялікі мастак мае твор, які эліны называлі помнікам. У ім застаецца сама душа творцы. Разам з ім мастак перадае наступнікам непадлеглы тленню вобраз эпохі і Бацькаўшчыны. Ты збудаваў сабе такі помнік...

- Монсеньёр... Гэты помнік мы будавалі разам... - Ён памкнуўся быў падысці да ложка, але позірк мецэната спыніў яго.

Некалькі хвілін у пачывальні трывала маўчанне. Таму, хто захварэў на чуму, паратунку ўжо не было, і Гусоўскі з жывым болем думаў, як цяжка Эразму паміраць. Ягоная мара аб'яднаць Эўропу супроць Асманскай імперыі засталася адно мараю. Цяпер султан Сулейман трымае ў аблозе фартэцу рыцараў-іаанітаў на Родасе, які два стагоддзі быў прыстанкам для хрысціянскіх караблёў. З дня на дзень вялікі магістр загадае выкінуць над замкам белы штандар. Рыцары прасілі падмогі, ды эўрапейскія манархі зноў, нібы спадарожнікі Адысея каля вострава сірэн, заляпілі свае вушы воскам. Так, Эразм запабягаў перад папам, але ён заўжды стаяў на тым, што сапраўдная пашана дасягаецца не шляхецкімі прывілеямі, а ўласнымі подзвігамі, і благіх учынкаў у ягоным жыцці было нязмерна менш, чым спраў добрых. Апошняю з іх застанецца выратаванне Франчэскі. Эразм не пытаецца пра яе - ён чытае гэтае трывожнае пытанне ў запаленых мецэнатавых вачах. Што з імі абаімі станецца?

Франчэска адмовілася асталявацца ў пасольскай рэзідэнцыі, выбраўшы два ягоныя бедныя пакоі...

Упершыню ў жыцці Гусоўскі думаў пра Вітэліуса не як пра мецэната. Эразм быў адзіным братам, які па волі жорсткага лёсу назаўжды пакідаў яго.

Па-свойму, але тое ж самае адчуваў і Эразм. Мяжа, што некалі ляжала паміж імі, знікла, яе знесла сама плынь часу, якая змывае ўсё спароджанае чалавечаю мітуснёй і забабонамі. Імкненне ўгору, да ўлады, да кардынальскае мантыі сплыло ў мінулае, у невараць, а будучыняй быў цяпер адно гэты чалавек, якога ён, ні на каліва не пакрывіўшы душой, назваў бы не толькі першым паэтам сваёй дзяржавы, але і адным з першых паэтаў Эўропы, годным стаць поруч з Петраркам. Аднак мудрэц, што прамовіў гэтае зваблівае «Scripta manent» - «Напісанае застанецца», памыляўся. Ён, Вітэліус, ведае, як шмат з напісанага і вартага перажыць стагоддзі не перажыло і сваіх творцаў, і таму, сабраўшы сілы, ён гаворыць пра галоўнае:

- Папа Лявон ужо даўно ў лепшым свеце. Прыйшла мая чарга. У Рыме цяпер лёгка знайсці смерць, а не апекуна, які дапаможа выдаць тваю «Песню». Ты не знойдзеш яго і сярод палякаў, бо ты славіш не Ягайлу, а Вітаўта, не гісторыю Кароны, а мінулае Вялікага Княства. І ўсё ж едзь у Кракаў. Напішы да каралевы Боны. Яна шануе мовы і высока ставіць паэтычнае слова. Ты ведаеш, яна фундуе школы і заахвочвае маладых беларусінаў вучыцца ў італьянскіх універсітэтах. Напішы да яе і нагадай, што любая дзяржава мусіць больш абапірацца не на сілу зброі, а на моц духу. Нагадай, што рымляне і эліны былі магутныя тады, калі квітнелі мастацтвы, а як толькі пачалі нікнуць таленты, пачаўся і заняпад дзяржавы. Адразу ж па маёй смерці...

- Настаўнік...

Невядома, хто з нас настаўнік, з горыччу падумаў Вітэліус.

- Па маёй смерці ты атрымаеш грошы, якіх вам хопіць на дарогу да Кракава.

Гусоўскі паднёс слабую руку мецэната да вуснаў. Гэта ягонае вам...

- Дай мне слова, што ты не памрэш, пакуль не надрукуеш «Песню», - сказаў Вітэліус.

VII.

Гусоўскі прачнуўся з адчуваннем, што яму не дваццаць, а зноў сорак пяць гадоў. Безразважнае шчасце першых дзён развеялася, як начны туман па-над рачным абалоннем. Стараючыся не варушыцца, каб не пабудзіць Франчэскі, ён слухаў яе дыханне, чуў цеплыню яе пляча і перабіраў у памяці дні і імгненні іхняга кароткага шчасця, упершыню з бязлітаснай яснасцю разумеючы, што ніякага шчасця не было. Быў адно шчаслівы самападман для яго, а для яе - толькі ўдзячнасць за выратаванне.

Але ніхто ўжо не адбярэ ў яго ўспаміны. Ён ніколі не забудзе, як Франчэска пайшла з ім у ягонае ўбогае жытло, дзе адзінай раскошаю была прывезеная з радзімы зброя. Ён згадаў, як яна разглядвала лук, як дакранулася да цецівы і асцярожліва выняла з тула стралу...