Выбрать главу

Домiкi былi новыя, жаўтаватыя, як з суцэльных вялiкiх вафляў. Ходас ведаў, што тут недзе жыла — вокнамi на двор — iхняя касiрка з маленькiм i свежым, як у дзiцяцi, ротам, маладая татарка, што веяла на мужчын раптоўным хмельным скразняком, калi iшла па калiдоры, дзе тыя стаялi ў дзень зарплаты, весела-мурзатыя, у вiльготных ад мазуты фуфайках. Мужчыны скалiлi здаровыя белыя зубы, падморгвалi адзiн аднаму зайздросным калючым вокам i сыта ржалi. Ходас ведаў, што татарка кiнула мужа, дэмабiлiзаванага афiцэра, але ведаў i другое, што да чыста-свежага рота нiхто, мусiць, не падступаўся блiжэй, як праз гэтае замусоленае, у залацiстых кляксах густога чарнiла акенца. I, мусiць, дарэмна адсылалi да яе сваiх слiнява-ласкавых пасля палучкi мужоў, калi тыя позна варочалiся дадому, цiхiя, злыя жонкi.

Дарэмна злавала i яго, калi ён паволi ўвайшоў у хату адзiн раз, занадта добры i вясёлы, мякка адчуваючы рукамi сцены, i сказаў, перапытваючы ў цёмную духату кухнi: «Дзе быў? Вядома, у касiркi». Жонка ўключыла лямпачку i, жмурачыся ад рэзкага святла, ад злосцi, цёпла павеяўшы на яго пасцеллю, нячутна босая пайшла на ложак.

Да яе ён прыйшоў счакаўшы, пакуль спадзе, адхлыне злосць. Але яна мокра шмаргнула носам, глуха адвярнулася ад яго плячамi i адчайна затаiлася ў плачы. Гэтак, як i сёння. А потым абярнулася, знайшла мокрым тварам, схаладзелым носам яго грудзi, добры i спакойны стук яго сэрца i сцiшэла ў блiзкiм сне. I, мусiць, ёй было добра.

Сёння ноччу яна была другая, можа нават спакойная — ен нават пабойваўся таго спакою — i гаварыла другое:

— Дурная, нашто я так?.. Усё роўна люблю цябе… I хлопчык няхай астаецца ў нас…

Рука яе, цёплая, недзе мякка ляжала ў яго пад пахаю. I твар, як i тады, быў мокры, i слёзы, цёпла-салёныя, смачныя, калi ён цалаваў яе ў вочы, закрыўшы свае, i яму было сорамна i добра, што яна любiць яго, i страшна, што нiколi яму, пэўна, не даруе.

Ён маўчаў… А потым недзе адтуль, здалёк, з невыразнага свету, прыйшла на памяць Аксеня — тая хата з нiзкаю столлю, з глiняным токам, з белаю грубкаю, з парудзелым, нiбы туды зацякла вада, люстэркам, з наклеенымi на сцяну жоўтымi выцвiлымi газетамi, каб не браўся мел. I яна, Аксеня, з распушчанымi квола-мяккiмi валасамi на ложку, прыгожая, ласкавая, як малое дзiця, у той вечар. I ён лавiў яе гарачыя вiльготныя вусны…

Яму стала непрыемна, брыдка за тое далёкае; ён да пякучае цемнаты, да болю заплюшчыў вочы i адкрыў — Аксеня прапала: на сцяне коса калыхалася i дрыжала месячнае святло, нiбы па шыбе сцякала вада. За топкаю перагародкаю ў большай палавiне скрыпнула канапа — там нанач паклалi хлопчыка.

— Iдзi глянь, каб не скiнуўся, — сказала яна, жонка, з тою добраю звычайнаю прастатою, нiбы там спала дачка, але рукi яе доўга не расшчаплялiся ў яго за спiною, мусiць, ад радасцi, што маюць над iм такую ўладу. А потым асцярожна i хутка лавiлi яго, калi ён ссунуўся з ложка i стаў, баючыся так нечакана i раптам адысцiся ад гэтых рук.

Хлопчык спаў, прыцiскаючы да шчакi падушку. I яму, пэўна, снiлася вялiкая i добрая мамiна рука. Коўдра спаўзла на падлогу.

«Няўжо сын?» — нешта перавярнулася ў Ходасавых грудзях: ён нiколi не думаў, што так вырастуць недзе таемна i нязнана яго дзецi. Ходасу стала жаласна i невядома чаму шкада сябе.

«Чаго я стаю, трэба ж накрыць яго», — схамянуўся ён i нагнуўся падняць коўдру; яна была мяккая i цёплая, як мох, той белы, нагрэты на сонцы мох… Даўно i далёка адсюль — пад Моладавам. I з памяцi зноў, як з шэрага густога дажджу, невыразна i мякка выплыў далёкi i светлы Аксенiн твар.

Цяпер Ходасу было сумна i дзiўна, што ён пастарэў, а яна будзе ўсё гэтак прыходзiць да яго, свежая, набрынялая хараством i маладосцю.

I раптам яму да шчымлiвага суму закарцела ведаць, якая яна стала цяпер, i няўжо трывожна-адзiнока, пасля раптоўных светлых слоў, успамiнае яго i ўсё яшчэ любiць. Яму, няведама чаму, хацелася гэтага…

Сярэдзiнаю вулiцы грукацела, падскакваючы заднiмi коламi, фурманка. На парожнiм, разведзеным i без драбiнак возе, укленчыўшы, стаяў малады пругкi цыган з худою нямытаю шыяй. Конь бег трушком, у цыгана за спiною туга надзiмалася чырвоная рубашка.

— А як мацi? — спытаў Ходас, калi фурманка завярнула за востры рог плота i грукат колаў пасыпаўся на плошчу. — Можа ў цябе другi бацька ёсць?

— Не-э, — пакруцiў галавою хлопчык, i на каўнер у яго вылезлi доўгiя валасы.

«Трэба было б падстрыгчы», — падумаў Ходас. I ён уявiў, як там перад светлаю нядзеляю, падмёўшы падворак, Аксеня iдзе ў чужую хату, дзе, шыкуючыся да свята, цэлаю вёскаю падстрыгаюцца хлопцы, i просiць, каб давялi да ладу малога, «бо зарос — i вушэй не вiдаць».