Гусарскія шаблі працверазілі султана. Пры такіх стратах пад ўмацаваннямі «няверных» у яго неўзабаве магло зусім не застацца ваяроў. Тады туркі змянілі тактыку. Яны намерыліся шчыльна заблакаваць войскі Рэчы Паспалітай. I частымі артылерыйскімі абстрэламі, дробнымі наскокамі асобных загонаў імкнуліся знясіліць іх, вымучыць голадам, хваробамі і прымусіць да капітуляцыі.
А становішча войскаў Хадкевіча сапраўды рабілася цяжкім. Шмат ваяроў было страчана ў штодзённых бітвах і сутычках з праціўнікам. Параненыя і хворыя перапаўнялі намёты. Бракавала пораху, не ставала харчавання. Даволі было толькі мяса, бо без аўса і сена гінулі коні. Найцяжэй было ўкраінцам. Корм сваім коням яны вымушаны былі здабываць ў часе контратак — пярэднія секліся з туркамі, а заднія наразалі ў мяхі траву.
Аднак туркам было яшчэ горш. Іх таксама ціснуў голад, але болын за ўсё нязвычны восеньскі холад.
Шыхты іх прыкметна радзелі пад кулямі і шаблямі, ад хваробаў і дэзерцірства. Упаў маральны дух. Не дапамагала нават жорсткае пакаранне баязліўцаў смерцю. Трацілася спадзяванне на паход да Балтыкі. Яшчэ ў пачатку бітвы Асман абвясціў, што не будзе есці, пакуль не возьме лагер няверных. Але пазней султан ўжо не ўспамінаў пра тое абяцанне.
Становішча нашых войскаў ускладніў благі стан здароўя Яна Караля Хадкевіча. Шасцідзесяцігадовы пасівелы ваяр быў змучаны амаль бесперапыннымі паходамі і бітвамі, цяжкой хваробай нырак, прыступамі падучкі. Ён дажываў апошнія дні. 23 верасня, ужо бязмоўны, абкружаны военачальнікамі, ён перадаў гетманскую булаву свайму наступніку, а назаўтра па абедзе сэрца вялікага сына беларускай зямлі перастала біцца.
«Пан гетман памёр, а з ім вялікае шчасце Айчыны мілай» — занатаваў сучаснік.
Акрыленыя весткай пра смерць Хадкевіча, туркі зноў кінуліся да валоў Хацінскага лагера. Адбылося некалькі новых прыступаў. Асабліва цяжка было запарожцам і беларускім лёгкаўзброеным аддзелам — лісоўчыкам. Але гэта былі апошнія канвульсіі параненага звера. У асманаў быў яшчэ порах для бітвы, але ўжо не ставала ні сілы, ні волі.
Нарэшце пачаліся перамовы, якія 9 кастрычніка скончыліся падпісаннем замірэння. Паводле яго, мяжу паміж Рэччу Паспалітай і Асманскай імперыяй пакідалі ранейшай. Гэта была перамога! А ў абаронцаў Хаціна на той дзень заставалася толькі адна бочка пораху…
I рушылі на поўдзень турэцкія войскі. Знясіленыя, дэмаралізаваныя. Вярнуўся ў Стамбул і пераможаны султан. А праз год яго забілі ўзбунтаваныя янычары.
Поспех пад Хацінам засведчыў, што магутнасць Асманскай імперыі ўжо пачала хіліцца да заняпаду. Ён паказаў таксама, што аб'яднаныя намаганні палякаў, беларусаў, украінцаў ды іншых народаў Рэчы Паспалітай могуць прыводзіць да перамог нават над самымі шматлікімі арміямі тагачаснага свету. Пасля Хаціна туркі яшчэ імкнуліся працягваць экспансію. Пад канец стагоддзя яны нават спрабавалі захапіць Вену. Але кожны раз цярпелі паразу. I нарэшце пачалі траціць свае заваёвы ў Еўропе, адступаць да азійскіх берагоў Міжземнага мора.
Бітва пад Палонкай
Вайна з Масквой 1654 – 1667 гадоў была самай жахлівай і крывавай старонкай у беларускай гісторыі. Трынаццаць гадоў варожыя войскі, якія прыходзілі з усходу — з боку Маскоўшчыны і з поўдня — з Украіны, вынішчалі наш край. У выніку Беларусь страціла больш за палову свайго насельніцтва. Некаторыя ж нашыя землі, найбольш ўсходнія, амаль цалкам абязлюдзелі. Сотні тысяч жыхароў, асабліва майстроў і рамеснікаў, былі выведзены палонам на ўсход. Гарады і сёлы ляжалі ў руінах і папялішчах. Само існаванне Вялікага Княства знаходзілася ў смяротнай небяспецы. Расейскі цар Аляксей Міхайлавіч намерваўся заваяваць яго цалкам. У самым пачатку вайны, пасля захопу Смаленшчыны, ён нават дадаў да свайго тытула згадку, што ужо з'яўляецца гасударом і «Белыя Русі». На нашае Падняпроўе прэтэндавала і украінскае казацтва Багдана Хмяльніцкага.
«Вокруг Слуцка велели мы всё выжечь, а идучи дорогою до Слонима села и деревни, и хлеб, и сено по обе стороны жгли и людей побивали и разоряли совсем без остатку, а в Клецке в городе людей побили всех», — падобнымі рэляцыямі маскоўскіх ваяводаў была запоўнена тагачасная царская канцылярыя.
«Па-тыранску, па-разбойніцку як мужчын, так і самых жанчын, і дзетак немалую колькасць рознымі нечуванымі мукамі мучылі і на смерць пазабівалі» — пісаў сучаснік пра захоп Пінска 5 кастрычніка 1655 года.
Гэтак жа было і пры захопе практычна кожнага іншага паселішча.
Да канца 1655 года практычна ўся Беларусь была акупавана маскоўцамі. Вольнымі заставаліся толькі Берасце, ды яшчэ некалькі асабліва ўмацаваных гарадоў. Сярод іх — Стары Быхаў, які далёка ў тыле ворага мужна трымаў абарону цэлых 18 месяцаў.
Да ўсіх няшчасцяў дадаўся і «шведскі патоп», калі войскі Карла Густава летам 1655 года пераплылі Балтыку і высадзіліся на ўзбярэжжы Рэчы Паспалітай. Праз некалькі месяцаў яны захапілі Полыпчу, Жамойць і Інфлянты. Пяхотнікі шведскага караля выйшлі нават на поўнач Беларусі, падступілі да захопленай маскоўцамі Вільні.
Узімку 1658 – 1659 гадоў маскоўскі цар зноў узмацніў націск на не заваяваныя яшчэ абшары Беларусі. Над войскам быў пастаўлены вопытны ваявода Іван Хаванскі. Захапіўшы Горадню, ваявода спустошыў абшары Падляшша, а потым павярнуў на апошні вольны куток Беларусі — Берасцейшчыну. 15 етудзеня 1659 года быў здабыты штурмам замак самога Берасця, а горад «да найменшага будынка… разбураны, спалены і ў нішто ператвораны». 20 сакавіка 1660 года 30-тысячная маскоўская раць падышла да Ляхавіцкага замка. Амаль адразу ж ворагі пачалі абстрэльваць і штурмаваць фартэцу. Але чатырохтысячны гарнізон на чале з камендантам Станіславам Юдзіцкім, маючы моцную артылерыю, мужна бараніўся і наносіў вялікія страты праціўніку. Ды ваявода Хаванскі любым коштам імкнуўся захапіць Ляхавічы, як адну з апошніх цытадэляў беларускага супраціву.
Усе сілы Полынчы былі занятыя вайной з украінскімі казакамі і шведамі. Таму першыя, найболып цяжкія гады, вайны Беларусь практычна ў адзіноце спрабавала супрацьстаяць шматтысячным маскоўска-казацка-татарскім ордам ды нямецкім наймітам. Але ў траўні 1660 года, пасля шэрагу перамог над Карлам Густавам, паміж Варшавай і Стакгольмам быў нарэшце падпісаны мірны трактат. I цяпер Полыпча магла вылучыць частку сілаў для дапамогі скрываўленаму Вялікаму Княству. На Берасцейшчыну, дзе змагалася войска гетмана Паўла Сапегі (каля 8 тысяч ваяроў) быў накіраваны ўкраінскі ваявода Стэфан Чарнецкі з 4-тысячнай дывізіяй.
Аб'яднаныя беларуска-польскія сілы адразу ж пачалі актыўныя дзеянні супраць захопнікаў.
Спачатку быў выбіты маскоўскі гарнізон з Слоніма. Знішчаны аддзелы акупантаў пад Зэльвай, Галынкай і Дзярэчынам. Павел Сапега з-пад Жыровічаў паслаў некалькі загонаў ў кірунку Ляхавічаў. Ён хацеў адцягнуць на сябе хоць частку абложнікаў замка. Першая сустрэча з раз'ездам (пошукавым аддзелам) праціўніка закончылася паразай расейцаў. Ацалелыя рэшткі ўцяклі ў свой лагер пад Ляхавічамі. I тут царскі ваявода выступіў насустрач нашым войскам.
Звечара 24 чэрвеня дывізіі Сапегі (каля 6 тысяч) і Чарнецкага (4 тысячы) сталі ў баявыя шыхты. Цэнтр заняло войска Чарнецкага. На крылах пазіцыі размясціліся сапегаўцы: на правым — жаўнеры пад камандай Вайніловіча, на левым — на чале з Палубінскім. Маскоўскі ж ваявода ў цэнтры свайго войска паставіў пяхотнікаў і вершнікаў-райтараў, на левым крыле — конніцу князя Шчарбатага, а вершнікаў правага крыла ўзначаліў сам.
А 8 гадзіне раніцы наступнага дня Хаванскі, які меў войска болып як 20 тысяч чалавек, распачаў бітву. Першай пайшла ў атаку конніца той беларускай шляхты, якая яшчэ раней была змушаная прысягнуць на вернасць маскоўскаму цару. У часе пераправы цераз балоцістую рэчку яна трапіла пад моцны агонь рушніц, а затым была разбітая контратакай ваяроў Чарнецкага. Сам правадыр шляхты трапіў у палон. На дапамогу маскоўцы паслалі 6 тысяч пяхотнікаў. Ды на пераправе цераз тую ж рэчку яны былі заатакаваныя беларускімі і польскімі гусарамі. Вершнікі ў вадзе і на прыбярэжжы секлі ратнікаў Хаванскага. Пад агнём маскоўскай артылерыі пайшло ў наступ левае крыло беларускага войска. Грузнучы ў балоце, коштам вялікіх стратаў гусары Палубінскага прарваліся на сухазем'е. Вымкнуліся наперад таксама войскі цэнтра і правага крыла.