Такім чынам, ў цэнтры ўсё распачалося, як і задумаў Хадкевіч. Аднак галоўныя падзеі павінны былі разгарнуцца на прыдзвінскім крыле. Тут гусары Дубровы контратакай спынілі шведскіх райтараў, а затым адкінулі іх на фланг уласнай пяхоты. Частка каралеўскіх вершнікаў кінулася наўцёкі па рыжскім шляху. Наўздагон ім паімчалі лёгкаўзброеныя загоны. Прырэчнае крыло шведаў намаганнямі Дубровы было разгромленае. На правым жа крыле гусары Сапегі былі ў меншасці. Але гэта не спыніла і іх. Коннікі ўрэзаліся ў непаваротлівыя шыхты райтараў і тыя пачалі адступаць. Убачыўшы гэта, Карл IX кінуў ім на дапамогу ўсе свае рэзервы. Свежыя роты вершнікаў ударылі ў бок сапегаўцам, і тыя самі апынуліся ў крытычнай сітуацыі.
Вось тут Хадкевіч зразумеў, што ў караля болып няма свежых войскаў. I тады ўступілі ў справу харугвы Ляцкага. Яны абагнулі зарослыя дрэвамі могілкі і нечакана ўсекліся ў аголены шведскі фланг. Райтары не вытрымалі і сталі ратавацца ўцёкамі. Тады прыйшла чарга на варожую пяхоту. Шведы і немцы ўпарта бараніліся. Іх камандзіры падалі з зброяй у руках. I шыхты нарэшце не вытрымалі і рассыпаліся. Кожны пачаў ратавацца паасобку. Частка пяхотнікаў спрабавала замацавацца ў суседняй мураванай бажніцы, але была вынішчаная гусарскімі слугамі-пахолкамі.
Бубны і дудкі падалі сігнал усеагульнай пагоні. Коннікі кінуліся за ўцекачамі, секучы іх цягам дзесятка кіламетраў у бок Рыгі. Пад самым каралём быў забіты конь, і яго толькі коштам уласнага жыцця выратаваў адзін нямецкі шляхціч. На палях Кірхгольма лягла большасць шведскай пяхоты, каля паловы райтарыі, слаўныя военачальнікі і афіцэры. Кароль з недабіткамі дамкнуў да караблёў у вусці Дзвіны і паспешліва паплыў за мора. Вечарам таго ж дня ў Інфлянтах не засталося ніводнага шведскага жаўнера!
Праўда, Кірхгольмская перамога не прынесла пералому ў самой вайне за Інфлянты. На яе паспяховае завяршэнне ў Вільні і Варшавы не было сродкаў. Яны пайшлі на чарговую вайну з Масквой. У выніку ж да сярэдзіны сямнаццатага стагоддзя ў нашым уладанні засталася толькі паўднёва-ўсходняя Латвія.
Бітва пад Хацінам
Суседам Рэчы Паспалітай на поўдні была Асманская імперыя. Гэта магутная дзяржава туркаў-асманаў, якая ўсталявалася на руінах Візантыі. Да пачатку сямнаццатага стагоддзя іх ўладанні ўжо прасціраліся на велізарныя прасторы Пярэдняй Азіі, паўночнай Афрыкі, паўднёваўсходняй Еўропы. На поўначы яны падступалі пад Вену і Альбоў.
Праўда, працяглы час дачыненні паміж Імперыяй і Рэччу Паспалітай не былі асабліва напружанымі. Асноўным сваім праціўнікам у Еўропе туркі лічылі Вугоршчыну і Аўстрыю, праз якія яны хацелі прабіцца ў Цэнтральную Еўропу. Справу ўскладнялі толькі падпарадкаваныя ім крымскія татары — сваімі рабаўнічымі нападамі на ўкраінскія землі, ды запарожскія казакі, якія ў адказ спусташалі ўзбярэжжы Чорнага мора.
На пачатку ж сямнаццатага стагоддзя абвастрылася суперніцтва за валоданне землямі гістарычных вобласцяў сённяшняй Румыніі — Малдавіі і Валошчыны. Да таго ж Варшава выразна выказалася за вайскова-палітычны альянс з Венай, якая супрацьстаяла навале з нізавіны Дуная. Усё гэта ўрэшце прывяло да войнаў нашых продкаў з туркамі, якія доўжыліся амаль стагоддзе.
Ініцыятарамі ваенных дзеянняў сталі фактычна ўкраінска-польскія магнаты. Увосень 1620 года іх войскі ўварваліся ў Малдавію, але былі разгромленыя туркамі. Загінуў і сам польскі гетман. Акрылены такой лёгкай перамогай, малады і ганарлівы султан Асман II пачаў збіраць усю сваю моц для паходу на Рэч Паспалітую. Ён хваліўся, што хоча дасягнуць берагоў Балтыйскага мора.
Разумеючы ўсю паважнасць небяспекі, да адпору энергічна рыхтавалася і Варшава з Вільняй. Збіралі грашовыя сродкі, мабілізавалі войскі. Аднак напачатку паўстала пытанне пра военачальніка. Пасля нядоўгіх развагаў выбралі Яна Караля Хадкевіча, праслаўленага ў бітвах з шведамі ў Інфлянтах і ў змаганні з Маскоўшчынай.
На прызначэнне гетманам Хадкевіча не ў апошнюю чаргу паўплывала тое, што да змагання з туркамі ахвотна далучыліся вопытныя ваяры з нашай краіны. Пад яго сцягі сталі загартаваныя на Марсавых палях харугвы гусарыі Мікалая Сяняўскага, Мікалая Зяновіча, Пятра Апалінскага, Яна Рудаміны, Мікалая Касакоўскага, Аляксандра Сапегі ды іншых слаўных ротмістраў. Тагачасны харвацкі паэт Іван Гундуліч напісаў пра Хацінскую вайну паэму «Асман». Там ён сярод іншага прыгадвае роты беларусаў, узброеных шаблямі і стрэльбамі.
Значныя збройныя сілы вылучыла Польшча. Былі таксама загоны з Інфлянтаў, найміты з Нямеччыны ды іншых еўрапейскіх земляў. Каля паловы ўсіх войскаў склалі ўкраінскія казакі. Усяго ж Рэч Паспалітая змагла сабраць блізу 60 тысяч жаўнераў. I гэта супраць турэцкіх сціжмаў, якіх (з слугамі і крымскімі татарамі) набралася да 150 тысяч.
Ян Хадкевіч быў геніем гусарскіх атак, калі крылатыя вершнікі знішчальнай віхурай змяталі шыхты любога праціўніка. Але на гэты раз, улічыўшы стасункі сілаў, ён выбраў пазіцыйную тактыку. Размясціў свой ўмацаваны лагер на правым беразе Днястра каля сцен старажытнага Хацінскага замка (сёння гэта памежжа Малдовы і Украіны). Гэты замак будавалі беларускія майстры яшчэ за Вітаўтам Вялікім.
Перад войскам ставілася задача вытрымаць націск перасяжных сілаў ворага, які да таго ж меў найлепшую ў Еўропе артылерыю, і знясіліць яго контратакамі.
Палкаводзец умела мацаваў баявы дух сваіх ваяроў. Гарачлівы імпэт маладога султана, напрыклад, ён пракаментаваў беларускай прымаўкай:
«Сярдзіты сабака — ваўкам страва».
Калі ж зайшла размова пра вялікую колькасць туркаў, гетман дасціпна прапанаваў палічыць іх шабляй.
2 верасня 1621 года пад Хацін падышлі першыя турэцкія загоны. Яны з ходу распачалі атаку на запарожцаў, якія яшчэ не скончылі ўмацоўваць свой табар. Нягледзячы на вялікія страты ад казацкіх стрэльбаў-рушніц, янычары прабіліся да лініі абарончых вазоў. I на іх закіпела сеча. Гетман паслаў на дапамогу запарожцам нямецкую і польскую пяхоту. Вывеў за насыпныя валы іншыя свае харугвы, натхняючы да бітвы:
«Зваліцеся на гэтых нягоднікаў, змятайце іх ацяжэлыя турбанамі галовы ёмкім пакосам шабляў. Вось Днестр ззаду непраходны, а вось наўкол залева турэцкіх і татарскіх сціжмаў. Няма ніякай спадзеўкі на ўцёкі — тут нам біцца і перамагчы або загінуць кажа неабходнасць!».
Туркі пачалі адыходзіць і толькі моцны гарматны агонь прыпыніў наступ войскаў Хадкевіча.
I так дзень пры дні распачаліся зацятыя прыступы туркаў, ураганныя абстрэлы. Нагпы войскі адказвалі контратакамі, смелымі начнымі вылазкамі.
Можа, найцяжэйшым стаў дзень 7 верасня. Да абеду туркі вялі знішчальны гарматны абстрэл казацкага табару і раз-пораз спрабавалі яго атакаваць. У абед жа султан знянацку пачаў наступ на сутык абароны войскаў Вялікага Княства з палком польскага каралевіча Уладзіслава. Ляглі пад янычарскімі шаблямі дзве перадавыя роты. Затым туркі праламалі абарону польскай і нямецкай пяхоты і ўварваліся ў глыбіню лагера. Хадкевіч, імгненна ацаніўшы смяротную небяспеку, паслаў на небяспечны ўчастак спешаных ваяроў казацкага строю. Праціўнік быў адкінуты за вал. Раз'ятраны няўдачай, Асман кінуў на ўмацаванні новыя войскі. I тады наш гетман выкарыстаў сваю выпрабаваную моц. Праз «ліцьвінскую» браму былі выведзены найлепшыя харугвы беларускіх гусараў пад камандай Мікалая Сяняўскага, Мікалая Зяновіча, Пятра Апалінскага, Яна Рудаміны, Аляксандра Сапегі. Узначаліў вылазку сам Ян Кароль Хадкевіч.
Каля тысячы вершнікаў ударылі ў фланг варожых сціжмаў. Хоць туркі напачатку і адчайна супраціўляліся, але іх шыхты былі змятыя цяжкімі коньмі, прабітыя гусарскімі пікамі, працярэбленыя шаблямі. Мусульмане не вытрымалі перад скрышальным напорам нашых малайцоў з-над Дняпра, Дзвіны і Нёмана. I толькі цемра спыніла вынішчэнне туркаў. Гэтая гусарская атака пад Хацінам гучным рэхам разляцелася па ўсёй Еўропе.