Выбрать главу

Самога будынку разбуранай АЭС відаць не было, ён хаваўся ў нізіне, за гладкім, таксама пакрытым чорным шклом пагоркам. З таго боку вецер заўсёды прыносіў цяпло, а ўначы — Міша ня бачыў, але Каця клялася і бажылася, што бачыла, — з-за пагорка сьвяцілася зялёным.

Ён спыніўся каля Кацінага дому і пастукаў у дзьверы.

— А, гэта вы, Міша? Добры дзень.

Кацін тата заўсёды называў яго на «вы».

— Добры дзень, — Міша засаромеўся і ў нерашучасьці замаўчаў.

— Каця, — тата адвярнуўся і закрычаў кудысьці ў дом, — да цябе Міша.

— Зараз, — пачулася ў адказ з глыбіні будынку, — зараз…

— Можа, зойдзеш? — тата зрабіў запрашальны жэст, але Міша адмоўна пакруціў галавой, унутры зноў хруснула.

Каця паказалася з-за татавай сьпіны.

— Здароў, Міша, — тата адсунуўся, прапускаючы яе наперад.

— Бывай, тата, — яна памахала бацьку рукой.

Міша ўзяў яе за руку, і яны засьлізгалі па шклістай масе ў бок мора.

— Далёка не гуляйце, — сказаў тата на ўсялякі выпадак.

— Добра, — хорам адказалі яны.

Бэтонная агароджа пачыналася праз кілямэтар. Пліты былі разьбітыя, і з расколінаў, быццам прарослыя расьліны, тырчалі кавалкі ржавай арматуры. Некалі даўно з гэтых плітаў узьляталі цяжкія шатлы.

Міша з Кацяй пераскоквалі праз разломы, караскаліся ўгару па плітах, спускаліся ўніз, паўзьлі па невялікіх тунэлях, што ўтварыліся невядома як. Каця не любіла цемры, пару разоў ёй было ніякавата, але Міша нічога не баяўся. Ён усюды ішоў першы і цягнуў за сабой.

Урэшце яны прыйшлі. Наперадзе непакоілася чорная вада. Ад яе ішоў кіслы пах. Хвалі накочваліся на бэтонныя пліты і разьбіваліся на мільёны пырскаў. Калі сьвяціла сонца, тут зьяўлялася вясёлка. Міша з надзеяй паглядзеў угару. Да канца гарызонту неба было шэрае. Высока ў небе вісеў дрон, за ім цягнулася тонкая белая паласа. Каця прыклала руку да вачэй, быццам яе сьляпіла. Міша сеў на пліту, бэтон быў цёплы. Мора крыху супакоілася, пах зрабіўся не такім рэзкім. Каця прыладзілася побач. Яны праводзілі дрон позіркамі, пакуль ён не схаваўся за шкляным пагоркам, і зноў павярнуліся да вады.

— Якая яна, вясёлка, зьверху? — спытаўся Міша. Галава ў яго ляжала на каленях.

Хвалі ляніва набягалі адна за адной і адкочваліся назад.

— Напэўна… — пачала Каця і замаўчала.

Вада ўнізе шумела, быццам побач у яме рыхтаваўся да выступу аркестар.

Музыкі ладзілі інструмэнты. Дзьмулі ў муштукі флейтаў, спрабавалі валторны, асьцярожна білі ў барабаны, арфа правярала напятасьць струнаў, скрыпічная група тузала смычкі.

Міша ўстаў.

— А ну-тка песьню засьпявай, вясёлы вецер, — пачаў ён, — вясёлы вецер, вясёлы вецер.

— Моры і горы ты аблазіў усе на сьвеце, — падхапіла Каця.

Герасім & Муму

Яна яму надакучыла. Герасім яе некалькі разоў тапіў — і ўсё няўдала. Калі вяртаўся да сябе, а жыў ён на ўскрайку двара, каля куратніка, яна ўжо сядзела перад уваходам у ягоны катушок, прыязна махала ржавым хвастом, а з разяўленай пашчы ліліся гукі фартэпіяннага джазу. Герасім пасьля гэтага звычайна нейкі час быў як ня свой. Ён або тармазіў, застываючы на пару хвілін кожныя паўгадзіны, або разьюшана мёў, уздымаючы вялізную хмару пылу, у якой яго самога немагчыма было разгледзець.

Ён дастаўся мне ў спадчыну разам з усёй астатняй гаспадаркай майго дзядзькі — невялікай сядзібай на ўзьбярэжжы. Стары, нават, можна сказаць, старажытны андроід. Мэталічная бліскучая галава, пакрытая зашмальцаванай кепкай, даўгі фартух, рыпучыя суставы, дапатопныя інфрачырвоныя камэры ў вачніцах…

Герасім займаўся звычайнай працай дворніка: сартаваў сьмецьце, грузіў яго ў кантэйнэры, зьбіраў па навакольлі пустыя бутэлькі і бляшанкі, што заставаліся пасьля шматлікіх сьвяточных пікнікоў.

Некалі даўно праграму мадэрнізавалі, і ён пачаў даглядаць курэй. Сыпаў ім ячмень, мяняў ваду, зьбіраў яйкі.

Жыў самотна, іншых робатаў цураўся, калі выпадала вольная хвіліна, глядзеў па тэлевізары футбол.

Прыбіраў ён якасна і сумленна. Я заўсёды любаваўся дакладным мерным рухам яго мятлы. Адчувалася старая праграмісцкая школа.

Здаралася, што ён напяваў пад нос старадаўнюю песеньку «Не качагары мы, ня плотнікі». Раз я заўважыў, як ён нешта дастаў з кішэні фартуха, азірнуўся па баках і ўставіў сабе ў рот. Я не паверыў сваім вачам. Бліснуў агеньчык запальнічкі, і Герасім закурыў. Цыгарэта ў роце дымілася. Ён стаяў нерухома хвілін дзесяць, пасьля пстрычкай паслаў недапалак далёка за плот, зноў азірнуўся па баках і ўзяўся як нідзе нічога месьці.