Выбрать главу

— Хто гэта? — спытаў я.

А Свеціловіч усё вагаўся. Пасля ўзняў свае светлыя вочы.

— Прабачце, Беларэцкі, прабач, Рыгор, але я не магу пакуль што сказаць. Гэта занадта важліва, а я не пляткар, я не магу так проста ўзваліць такое абвінавачванне на плечы чалавека, які, можа, яшчэ і бязвінны. Вы ведаеце, за такое могуць забіць нават па аднаму падазрэнню. Магу толькі сказаць, што ён быў сярод гасцей у Яноўскіх. Я ўвечары яшчэ падумаю, прыпамятаю гісторыю пра вэксалі і заўтра скажу вам… Я пакуль не магу больш нічога сказаць…

— О, вядома. Надзейнае алібі. О, дурні! І якія няпэўныя думкі! — Па аналогіі я прыпомніў і свае няпэўныя думкі пра «рукі», якія павінны былі мне дапамагчы разабрацца ў чымсьці важлівым, але прыдумаць, успомніць не мог і адагнаў надакучлівае слова.

Вырашылі, што Рыгор будзе сённяшняй ноччу сядзець у Халоднай лагчыне, адтуль недалёка да хаты, у якой жыў Свеціловіч, яго стары «брат-слуга» і кухарка. У выпадку патрэбы мы зможам яго там адшукаць.

— І ўсё ж я не веру, што падпільную іх там пры выхадзе. Свеціловіч іх спудзіў, — сіпавата сказаў Рыгор. — Яны знойдуць іншую дарогу з пушчы на раўніну.

— Але іншай дарогі ў парк не знойдуць. Я буду пільнаваць іх ля паваленай агароджы, — вырашыў я.

— Аднаму небяспечна, — апусціў вочы Рыгор.

— Але ты таксама будзеш адзін.

— Я? Ну, няма дурных. Я смелы, але не так, каб адзін супраць дваццацёх.

— А я кажу вам, — упарта сказаў я, — што гаспадыня Балотных Ялін не вытрымае, калі і сёння з'явіцца пад мурамі дома дзікае паляванне. Я павінен не пусціць іх у парк сёння, калі яны толькі надумаюць прыйсці.

— Я не магу дапамагчы вам сёння, — задумліва прагаварыў Свеціловіч. — Тое, што я сёння павінен знайсці, больш важлівае. Магчыма, сёння дзікае паляванне наогул не з'явіцца. У яго на шляху паўстане перашкода…

— Добра, — спыніў яго я даволі суха, — вам трэба было выказаць свае меркаванні, а не загадваць нам загадкі. Я выйду сёння адзін. Яны не чакаюць, я спадзяюся на гэта. І, да таго ж, яны не ведаюць, што ў мяне ёсць зброя. Я двойчы сустракаўся з паляваннем і яшчэ з тым чалавекам, што страляў мне ў спіну. І ніколі не ўжываў яе. Ну што ж, яны пабачаць… Як павольна мы разблытваем гэта! Як ляніва працуюць нашы мазгі!

— А гэта лёгка і лагічна разблытваецца толькі ў дрэнных раманах, — буркнуў пакрыўджаны Свеціловіч. — Да таго ж, мы не сышчыкі губернскай паліцыі. І дзякаваць Богу.

Рыгор пахмурна калупаў лазінкаю зямлю.

— Хопіць, — сказаў ён з уздыхам. — Трэба дзейнічаць. Паскачуць яны ў мяне, дурні… І — прабачце — вы ўсё ж паны, і нам па дарозе толькі зараз, — але, калі мы адшукаем іх, мы, мужыкі, не толькі заб'ём гэтых мярзотнікаў, мы спалім іхняе гняздо, мы зробім жабракамі іхніх нашчадкаў. А магчыма, і нашчадкам іхнім зробім гамон.

Свеціловіч засмяяўся:

— Мы з Беларэцкім вя-алікія паны. Як кажуць, пан — лазовы жупан, балоневыя лапці. А калі праўду казаць, трэба ўсіх такіх рэзаць разам з панятамі, бо з панят таксама паны некалі вырастаюць.

— Калі гэта толькі не сонная мара, гэтае дзікае паляванне. Ну, не было, ніколі не было чалавека, які схаваў бы ад мяне, лепшага паляўнічага, сляды. Здані, здані і ёсць.

Мы развіталіся з ім. Я таксама часткова быў згодзен з апошнімі словамі Рыгора. Нешта нечалавечае было ў гэтым паляванні. Гэты нялюдскі крык — такі не мог вылятаць з чалавечых грудзей. Пошчак капытоў, які гучаў толькі часам. Дрыкганты, парода, якая знікла, а калі нават і не знікла, дык хто ў гэтым закутку быў такі багаты, каб купіць іх. І пасля — як растлумачыць крокі ў калідоры? Яны ж неяк павінны быць звязаны з дзікім паляваннем караля Стаха. Хто такая гэта Блакітная Жанчына, якая мараю знікла ў ночы, калі яе двайнік (зусім нясхожы двайнік) мірна спаў у пакоі? І каму належаў той жахлівы твар, які глядзеў на мяне праз акно? Чэрап мой трашчаў. Не, штосьці нялюдскае, злачыннае, страшнае было тут, нейкая сумесь чартаўшчыны з рэальным!

Я зірнуў на Свеціловіча, які крочыў поруч са мною, вясёлы і гарэзлівы, як быццам гэтыя пытанні для яго не існавалі. Ранак і на самай справе быў цудоўны: шэранькі дзень, але за хмарамі ўгадвалася блізкае сонца, і кожны жоўты лісцік на дрэвах млеў, здаецца, нават пацягваўся ад насалоды пад цёплай не па-асенняму расяніцай. І нават нейкія птушкі пяшчотна і задумліва спявалі ў хмызах. Праз галявіну далёка пад намі бачна было роўнае займішча, далей — бязмежны абшар карычневых балот, верасовыя пусткі. Балотныя Яліны далёка за імі. І ўсё гэта мела нейкую сумную, не кожнаму зразумелую прыгажосць, якая кожнага сына гэтых панурых мясцін балюча і соладка кранае за сэрца.

— Бачыце, асінка выбегла на поле. Чырвоная, засаромелася бедная дзяўчынка, — расчуленым голасам вымавіў Свеціловіч.

Ён стаяў над урвішчам, аж падаўшыся наперад. Лёгкі ветрык развяваў яго доўгія прыгожыя валасы. Аскетычны рот стаў мяккім, блукаючая няпэўная ўсмешка была на ім. Вочы глядзелі ўдалячынь, і ўвесь ён здаваўся нейкім лёгкім, імпэтным, імкнучыся ў гэты бедны, дарагі абшар.