Выбрать главу

Я заплюшчыў на хвіліну вочы, а калі адкрыў іх, пабачыў, што проста перада мною і зусім недалёка вымалёўваюцца на раўніне туманныя сілуэты коннікаў. Зноў, як у той раз, бязгучна ляцелі яны перада мною страшэннымі скачкамі проста ў паветры. І поўнае маўчанне, быццам я аглух, вісела над імі. Вострыя шлыкі, валасы і плашчы, якія луналі ў паветры, дзіды — усё гэта адбілася ў маёй памяці. Я пачаў паўзці бліжэй да цаглянага падмурка агароджы. Паляванне разгарнулася, пасля сабралася ў натоўп, бязладны і імклівы, і пачало заварочваць. Я дастаў з кішэні рэвальвер.

Іх было мала, іх было менш, як заўсёды, — коннікаў восем. Куды ж ты падзеў астатніх, кароль Стах? Куды яшчэ даслаў?

Я паклаў рэвальвер на сагнуты локаць левай рукі і стрэліў. Я добры стралок і трапляў у цэль нават амаль у поўнай цемры, але тут здарылася дзіўнае: коннікі скакалі далей. Я прыкмеціў задняга — высокага прывіднага мужчыну, — стрэліў: хоць бы хто пахіснуўся.

Але дзікае паляванне, як быццам жадаючы даказаць мне сваю прывіднасць, развярнулася і скакала бокам да мяне, недасяжнае для маіх стрэлаў. Я пачаў адпаўзаць задам да хмызоў і толькі паспеў наблізіцца да іх, як хтосьці скокнуў на мяне з-за хмызоў і жахлівым цяжарам прыціснуў да зямлі. Апошняе паветра вырвалася з маіх грудзей, я нават вохнуў. І адразу зразумеў, што гэта чалавек, з якім мне не выпадае цягацца па вазе і сіле. А ён спрабаваў круціць мне назад рукі і свісцячым шэптам сіпеў:

— С-стой, ч-чорт, ч-чакай… Не ўц-цячэш, бан-дзюк, заб-бойца… Тр-рымайся, няўдалы…

Я зразумеў, што, калі не ўжыву ўвесь свой спрыт, я загіну. Памятаю толькі, што з жалем сачыў за прывідным паляваннем, у якое я страляў і якому ані на волас не пашкодзіў. У наступны момант я, адчуваючы, што рука яго крадзецца да маёй глоткі, старажытным прыёмам падбіў яго руку, і нешта цёплае палілося на мой твар: ён уласнай рукою разбіў сабе нос. Пасля гэтага я, схапіўшы яго руку, пакаціўся па зямлі, заламіўшы яе пад сябе. Ён войкнуў, і я зразумеў, што і наступны мой ход меў поспех. Але адразу за тым я атрымаў такі ўдар між броваў, што балоты закруціліся перада мною. Шчасце, што я інстынктыўна паспеў напружыць мускулы жывата, і апошні ўдар, пад дыхала, не ўчыніў мне шкоды. Рукі, валасатыя, навобмацак, цягнуліся ўжо да маёй глоткі, калі я прыпомніў параду майго дзеда супраць мацнейшага праціўніка. Неймаверным выкрутам я павярнуўся на спіну, паддаў рукою цяжкі жывот невядомага і сукуў яго каленам, маім вострым і жорсткім каленам, у прычыннае месца. Ён інстынктыўна падаўся на мяне тварам і грудзьмі, і тады я, сабраўшы апошнія сілы, каленам і рукамі, выцягнутымі далей ад галавы, паддаў яго ў паветра. Гэта, напэўна, атрымалася нават занадта моцна: ён пераляцеў цераз галаву, зрабіў паўкруг у паветры і гэпнуўся ўсім цяжкім — ох, якім цяжкім! — целам аб зямлю. Адначасова я страціў прытомнасць.

…Калі я ачуняў, я адразу пачуў, што недзе за маёй галавою хтось стогне. Ён не мог яшчэ ўзняцца, а я з вялікім намаганнем ужо спрабаваў стаць на ногі. Я вырашыў сунуць яго нагою пад сэрца, пазбавіць дыхання, але пакуль што ўгледзеўся ў балота, дзе знікла дзікае паляванне. І раптам пачуў вельмі знаёмы голас таго, хто крахтаў:

— Ах, чорт, які гэта тут ёлуп! Якая падла! Балеснічкі нашы святыя!

Я зарагатаў. Той самы голас адазваўся:

— Гэта вы, пане Беларэцкі! Наўрад ці з гэтага дня я змагу быць жаданым госцем у жанчын. Во-ох! Ах, каб вас, каб! Крычалі б, што гэта вы. Чаго паўзлі ад агароджы?! Толькі ў памылку ўвялі. А гэтыя чэрці зараз унь дзе, каб вас ліха… прабачце.

— Пане Дубатоўк! — зарагатаў я з палёгкаю.

— Каб вас, пан Беларэцкі, халера ўхапіла… во-ох… прабачце. — Вялізны цень сеў, трымаючыся за жывот. — А гэта я пільнаваў. Занепакоіўся. Дайшлі да мяне чуткі, што дрэннае нешта робіцца з маёй доняй. В-ох! І ты таксама вартаваў? А каб цябе пярун шаснуў на божае нараджэнне!…

Я падняў з зямлі рэвальвер.

— І чаго вы так на мяне, пане Дубатоўк?

— А чорт яго ведае! Паўзе нейкая гліста, дык я вось і схапіў. Балеснічкі нашы! Каб цябе бацькі на тым свеце сустрэлі, як ты мяне на гэтым, як жа ж ты, падла, балюча б'ешся.

Выявілася, што дзед і без нашых папярэджанняў даведаўся пра наведванні дзікага палявання і вырашыў падпільнаваць яго, «калі маладыя ўжо такія захэканцы і бабздыры, што не могуць абараніць жанчыны». Канец гэтай прыкрай сустрэчы вы ўжо назіралі. Ледзь стрымліваючы рогат, які мог здацца непачцівым, я пасадзіў стогнучага Дубатоўка на яго дрэннага коніка, які чакаў непадалёк. Ён узлез на яго, стогнучы і кленучы свет, сеў бокам, буркнуў нешта накшталт «д'ябал пацягнуў са зданямі змагацца — нарваўся на дурня з вострымі каленямі» і паехаў.

Ягоны прыгнечаны твар, уся яго скасавураная постаць былі такія жаласныя, што я ледзь не пырскаў. А пасля ён паехаў у напрамку да сваёй хаты, стогнучы і праклінаючы ўсіх маіх сваякоў да дваццатага калена.

Ён знік у цемры, і тут невытлумачальная трывога кальнула ў маё сэрца. Гэта ў падсвядомасці варушылася нейкая жахлівая думка, рыхтуючыся з'явіцца на свет божы. «Рукі?» Не, я так і не мог прыпамятаць, чаму хвалюе мяне гэта слова. Тут было нешта другое… Ага, чаму іх так мала? Чаму толькі восем прывідных коннікаў з'явілася сёння ля паваленай агароджы? Куды падзеліся астатнія? І раптам дзікая трывожная думка выплыла проста на язык: «Свеціловіч. Яго сустрэча з чалавекам у Халоднай лагчыне. Яго дурны жарт пра дзікае паляванне, які можна было зразумець так, быццам у яго ёсць нейкія цвёрдыя падазрэнні, што ён выкрыў удзельнікаў гэтай справы. Божа! Калі гэты чалавек сапраўды бандзюк, ён немінуча зробіць спробу забіць Свеціловіча сёння ж. Таму іх і мала! Напэўна, другая палова накіравалася да майго новага друга, а гэтыя — да Балотных Ялін. Можа, яны і размову нашу бачылі, мы ж, як дурні, стаялі сёння над урвішчам. Ох, якую памылку, калі ўсё гэта так, зрабіў ты, Андрэй Свеціловіч, не расказаўшы нам, хто быў гэты чалавек!»