Пасля, як у сне, запомніў я хаўтурнае шэсце. Я вёў пад руку Яноўскую і бачыў, як на фоне шэрага асенняга неба ішлі людзі без шапак, як скарлючаныя бярозкі кідалі ім пад ногі жоўтае мёртвае лісце. Твар забітага, прыгожы і сумны, плыў над плячыма людзей.
Бабы, мужыкі, макраносыя дзеці, дзяды ішлі за труною, і ціхае рыданне гучала ў паветры. Рыгор наперадзе нёс на спіне вялізны дубовы крыж.
І ўсё галасней і галасней плыло над галовамі людзей, над мокрай глейкай галошанне баб-лямантух:
— А і на каго ж ты нас пакінуў?! А і чаго ж ты заснуў, радзімец?! А чаго ж твае вочы ясныя закрыліся, ручкі белыя склаліся? А хто ж нас абароніць ад судзей няправедных?! А паны ж кругом нелітасцівы, а агнусека ж на іхняй шыі няма! А галубочак ты наш, а куды ж ты ад нас адляцеў, а чаго ж ты пакінуў бедных дзетачак? А хіба ж вакол нявест няма, што з зямелькаю ты абвянчаўся, саколік?! А што ж гэта ты за хатачку абраў?! А ні вокан жа ў ён, ні дзвярэй! А не небачка ж вольнае над вільчыкам — сырая зямля!!! А не жоначка ж пад бокам — дошка халодная! А ні сяброўкі ж там, а ні каханачкі! А хто ж цябе ў вусны пацалуе?! А і хто ж табе галоўку пачэша?! А і чаго ж гэта прымерклі агеньчыкі?! А і чаго ж гэта яліны зажурыліся?! То не жонка твая плача, каханая! Не яна ж гэта плача прад вяселліцам! А то ж плачуць над табою людзі добрыя! То не зорачка ў небе засвяцілася! То затлела ў ручках свечачка васковая!
Труна плыла над сапраўднымі чалавечымі рыданнямі, якіх не купіш нават у прафесіянальных лямантух.
І вось глыбокі дол. Калі развітваліся, Яноўская ўпала на калені і пацалавала руку чалавека, які загінуў за яе. Я ледзь адарваў яе, калі труну сталі спушчаць у яму. У гэты самы час дзесяткі тры сялян падцягнулі на палазах вялізны шэры камень і пачалі ўсцягваць яго на горб, дзе была выкапана самотная магіла. Крыж быў выбіты на камені і яшчэ імя і прозвішча — каравымі няўмелымі літарамі.
Загрукаталі аб вечка труны камякі зямлі, хаваючы ад мяне дарагі твар. Пасля на зраўнанае месца паставілі вялізны шэры камень. Рыгор і яшчэ пяцёра сялян ўзялі старыя стрэльбы і раз-поразу пачалі страляць у раўнадушнае нізкае неба. Апошні з Свеціловічаў-Яноўскіх адплываў у нязнаны шлях.
— Хутка і са мною так, — шапнула мне Яноўская. — Хоць бы хутчэй.
Грукаталі стрэлы. Закамянеласць ляжала на тварах людзей.
Потым, паводле старажытнага шляхецкага звычаю, молатам быў раструшчаны аб надгробны камень радавы герб.
Род застаўся без нашчадка. Вымер.
РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ
Я адчуваў, што звар'яцею, калі не буду займацца росшукамі, калі не знайду хутка вінаватых і не пакараю іх. Калі няма Бога, калі няма справядлівасці ў начальнікаў — я буду сам і богам і суддзёю.
І, дальбог, пекла ўздрыганецца, калі яны трапяць мне ў рукі: жылы буду цягнуць з жывых.
Ад Рыгора я даведаўся, што яго знаёмыя шукаюць у пушчы, што ён сам добра абшукаў месца забойства і даведаўся, што чакаў Свеціловіча худы высокі чалавек, які скурыў пад хвоямі, чакаючы, папяросу.
Акрамя таго, ён, адшукаў папяровы клак, які вылецеў са стрэльбы забойцы, а таксама кулю, якой быў забіты мой друг. Калі я разгарнуў клак, пераканаўся, што гэта кавалак паперы, занадта моцнай для газеты: хутчэй за ўсё ўрывак ад аркуша нейкага часопіса.
Я заўважыў словы: «За кожным з іх ёсць нейкая правіна, калі іх вядуць на страту… Ваша сіяцельства, вы забылі пра страчанага на крыжы… Прабачце, Бог адняў у мяне розум…»
Чымсьці вельмі знаёмым павеяла на мяне ад гэтых слоў. Дзе я мог чытаць нешта падобнае?! І раптам я ўспомніў: гэта была надзіва смелая водпаведзь доктара Гааза, здаецца, Мураўёву, пасля якой нават гэты шалёны бульдог адчуў сябе ніякавата. Гааз пратэставаў супраць частых пакаранняў смерцю ў Вільне. Мураўёў рэзка абарваў яго, заўважыўшы, што калі чалавека вядуць на страту, дык за ім абавязкова павінна быць нейкая правіна. Тут Гааз сказаў свае словы пра Хрыста, і нават Мураўёў трохі засаромеўся, калі наогул такое пачуццё зразумелае несусветным мярзотнікам. Я нават прыпомніў, дзе я чытаў пра гэта: у часопісе «Паўночна-Заходняя старасветчына». Калі я спытаў у Яноўскай, хто яго выпісвае тут, яна абыякава адказала, што акрамя іх — ніхто. І вось тут мяне чакаў удар: у бібліятэцы я высветліў, што ў гэтым нумары часопіса не хапае некалькіх старонак і, між іншым, патрэбнай мне.
Я аж пахаладзеў: справа выяўлялася больш сур'ёзнай, натхніцель дзікага палявання быў тут, у палацы. І хто гэта быў? Не я, і не Яноўская, і не дурная ахмістрыня, якая кожны дзень плакала, пабачыўшы гаспадыню, і, відаць было, раскайвалася ва ўсім. Значыцца, толькі Берман-Гацэвіч.
Гэта было цалкам лагічна: ён — былы злачынец, ён — абазнаны ў гісторыі чалавек. Магчыма, гэта ён страляў у мяне, забіў Свеціловіча і выдраў аркуш з часопіса. Незразумела было толькі, чаму ён пераконваў мяне ў тым, што сур'ёзная небяспека менавіта ў дзікім паляванні, а не ў Малым Чалавеку? І яшчэ ў тым, што ён не мог забіць Рамана, бо не ён запрасіў Надзею да Кульшаў і быў дома пад час забойства. Але хіба Свеціловіч у апошні дзень не казаў, што гэта блізкі чалавек, які быў на бале ў Яноўскіх? Хіба ён не казаў, што на яго нельга нават падумаць?І ён жа ж так спалохаўся, калі я зайшоў да яго, гэты Берман! І хіба ён не мог быць проста натхняльнікам гэтай мярзоты? Праўда, невядома ў гэтым выпадку, як можна растлумачыць існаванне Блакітнай Жанчыны? Але гэта наогул самы цёмны факт з усёй гэтай гісторыі.