Выбрать главу

І яшчэ дзве разгадкі прыйшлі нечакана. Па-першае, ля сядла кожнага паляўнічага віселі чатыры глыбокія аўчынныя торбы, якія, відаць, у выпадку патрэбы, можна было надзець на ногі коням і завязаць ля бабак. Крок рабіўся зусім бязгучны. Па-другое: сярод трупаў і параненых я пабачыў на зямлі тры чучалы, апранутыя так, як і паляўнічыя, у старыя капелюхі з пер'ямі, кабці, чугі, але прывязаныя вяроўкамі да сядла. Людзей у Вароны, відаць, не хапала.

Але і нашы страты былі значныя. Мы ніколі не перамаглі б гэтай банды прафесіянальных ваякаў, каб не нечаканасць нашага нападу. Але нават і з гэтым атрымалася дрэнна: мужыкі ваяваць зусім не ўмелі. Скуласты хлопец, якога збіў канём Варона, ляжаў на зямлі з разбітай галавою. У даўгавусага мужыка дзірка ад кулі цямнела проста ў сярэдзіне лба. Мужык з дубінай, што ўдзёрся ў сярэдзіну між коннікаў, ляжаў на зямлі і стрыг нагамі, як нажніцамі: адыходзіў. Параненых было ў два разы больш. Я таксама атрымаў рану: куля рыкашэтам шчоўкнула мне ў патыліцу.

Мы лаяліся. Міхал бінтаваў мне галаву, а я крычаў, што гэта глупства. Між тым сярод паляўнічых адшукалі аднаго і падвялі да кастра, які мы расклалі. Перада мною стаяў з вісячай, як бізун, рукою Марка Стахевіч, той самы шляхцюк, размову якога з Пацуком я падслухаў тады пад дрэвам. Ён быў вельмі каларытны ў сваёй чузе вішнёвага колеру, у маленькім капелюху, з пустымі похвямі ад шаблі на баку.

— Ты, здаецца, пагражаў мужыкам, Стахевіч? Ты памрэш, як гэтыя, — спакойна сказаў я. — Але мы можам адпусціць цябе, бо адзін ты няшкодны. Ты паедзеш за межы яноўскага наваколля і будзеш жыць. Мы адпусцім цябе тады, калі ты раскажаш нам пра вашу дзейнасць.

Ён павагаўся, паглядзеў на жорсткія твары мужыкоў, залітыя чырвоным сяйвом вогнішча, на кажухі, на рукі, якія сціскалі вілы, і зразумеў, што літасці тут чакаць нельга. Вілы з усіх бакоў абкружалі яго, датыкаючыся да цела.

— Гэта ўсё Дубатоўк, — сказаў ён панура. — Палац Яноўскіх павінен быў перайсці да Гарабурды, але Гарабурда вельмі запазычыўся Дубатоўку. Ніхто пра гэта не ведаў, акрамя нас, людзей Дубатоўка. Мы пілі ў яго, і ён даваў нам грошы. А сам ён марыў пра палац. Ён не жадаў нічога прадаваць адтуль, хоць палац каштаваў многа. Варона казаў, што, каб прадаць усе рэчы адтуль па музеях, можна было б атрымаць многа тысяч. Выпадак звёў іх з Варонай. Варона не жадаў спачатку забіваць Яноўскую, хоць яму і паказалі на дзверы. Але пасля таго, як з'явіўся Свеціловіч, згадзіўся і ён. Казка пра дзікае паляванне караля Стаха прыйшла Дубатоўку да галавы яшчэ тры гады таму. У Дубатоўка аднекуль ёсць прыхаваныя грошы, хоць жыве ён назнарок бедна. Ён наогул вельмі хітры, вельмі скрытны, вельмі хлуслівы чалавек. Самага разумнага абкруціць вакол пальца, такім мядзведзем прыкінецца, што далей няма куды. І вось ён паехаў да самай лепшай у нашай краіне стайні, да збяднелага за апошнія гады пана, і купіў усіх дрыкгантаў, а пасля перавёў іх да Яноўскай пушчы, дзе мы пабудавалі сховішча і стайню. Усіх здзіўляла, як гэта мы можам імчаць па дрыгве, дзе і кроку ступіць нельга. А ніхто не ведае, як мы плазавалі па Волатнай прорве, шукаючы патаемных сцежак. І адшукалі. І вывучылі. І імчалі па мясцінах, дзе сцежка была на локаць пад тванню, а з бакоў бездань. І, да таго ж, гэтыя коні — цуд! Яны бягуць на голас Дубатоўка, як сабакі. Яны чуюць багну і, калі трэба, робяць над месцамі, дзе сцежка перарываецца, вялізныя скачкі. І яшчэ: мы заўжды выязджалі на паляванне толькі ўночы, калі туман паўзе па зямлі. І ўсе таму лічылі нас прывідамі. А мы яшчэ і маўчалі заўжды. Гэта была рызыка. Але што ж нам было рабіць, падыхаць з голаду на чвэрці валокі? А Дубатоўк плаціў. І, да таго ж, мы не толькі даводзілі гэтым да вар'яцтва або смерці Яноўскую, мы яшчэ і вучылі нахабных хлопцаў, каб ведалі жах божы і не думалі пра сябе занадта многа. Дубатоўк праз Гарабурду прымусіў тады Кульшу выклікаць да сябе дзяўчыну, бо ведаў — бацька занепакоіцца. І мы падлавілі Рамана, перастрэлі яго. Ух, і гонка гэта была!… Уцякаў, як чорт… Але яго конь зламаў нагу.

— Мы ведаем гэта, — з'едліва сказаў я. — Між іншым, Раман выдаў вас з галавою менавіта пасля смерці, хоць вы ягоным крыкам і не верылі. Не верылі яшчэ два дні таму, калі размаўлялі з Пацуком пасля забойства Бермана.

У Стахевіча аж сківіца адвалілася. Я ўладна загадаў яму распавядаць далей.

— Мы навялі жах на ўсё наваколле. Найміты згаджаліся на тую цану, якую даваў гаспадар. Мы сталі лепей жыць. А Яноўскую давялі да роспачы. І тут з'явіўся ты, Беларэцкі. Дубатоўк прывёз тады партрэт Рамана Старога нездарма. Каб не ты, яна была б вар'яткай праз тыдзень пасля гэтага. І тут пан Рыгор пабачыў, што памыліўся. Яна была вясёлай. Ты ўвесь час танцаваў з ёю. Дубатоўк назнарок запрасіў цябе, калі перадавалі справы апекі, каб ты пераканаўся, што яна бедная. Ён добра ўпраўляў маёнткам — гэта ж быў ягоны будучы маёнтак. Але беднасць Яноўскай на цябе не падзейнічала, і цябе вырашылі прыбраць.

— Між іншым, — сказаў я, — я ніколі не думаў ажаніцца з ёю.

Стахевіч невымоўна здзівіўся.

— Але нічога. Ты ўсё адно перашкаджаў нам. Яна аджыла з табою. Між іншым, Дубатоўк сапраўды любіў Яноўскую. Яму шкада было яе знішчаць,і каб магчыма было абысціся без гэтага, ахвотна згадзіўся б. І цябе ён паважаў. Казаў нам заўжды, што ты сапраўдны чалавек, шкада толькі, што не згодзішся быць з намі. Тады, на баль, Дубатоўк прывёз Яноўскай стары ўбор, бо ён тых, хто не звык да яго, робіць непрыгожым. І сам здзівіўся, так гэта нечакана добра атрымалася. Словам, справы нашы ўскладніліся: трэба было ўбраць і вас, і Свеціловіча, які меў права на спадчыну і кахаў Яноўскую. Дубатоўк запрасіў вас да сябе, дзе Варона павінен быў вызваць вас на дуэль. Ён так добра разыграў усё гэта, што ніхто не падумаў, што не ён, а Дубатоўк быў натхніцелем справы, а мы тым часам разглядалі вас, бо трэба было добра запомніць ваш твар.

— Далей, — кінуў я.

Стахевіч завагаўся, але Міхал торкнуў яму злёгку віламі ў месца, адкуль растуць ногі. Марка паглядзеў вакол зацкаваным позіркам спадылба.

— З дуэллю атрымалася глупства. Дубатоўк падпойваў цябе, але ты не п'янеў. Ды яшчэ выявіўся такім спрытным, што паклаў Варону, і ён сапраўды павінен быў пяць дзён праляжаць у ложку.

— А як вы маглі адначасова быць у хаце і гнацца тады за мною?

— За абсадай Дубатоўкавай хаты чакалі другія, навічкі. Мы думалі іх спачатку пусціць па слядах Свеціловіча, калі цябе заб'юць, але Свеціловіч сядзеў з намі да наступнага дня, а Варона быў паранены. Іх пусцілі за табою. Дубатоўк дагэтуль не можа дараваць сабе, што па тваіх слядах пусцілі гэтых саплякоў. Каб не гэта — ты б ад нас не ўцёк нізавошта. І, да таго ж, мы думалі, што ты ішоў па дарозе, а ты рушыў пусткаю ды яшчэ прымусіў страціць час перад балотнай лагчынай. Пакуль сабакі натрапілі на след — было ўжо запозна. І дагэтуль мы не ведаем, як ты ўслізнуў тады ад нас, спрытняга! Але ведай, спаймалі б — не пашчасціла б табе.

— А чаму рог спяваў убаку? І яшчэ, дзе гэтыя навічкі зараз?

Стахевіч павагаўся:

— На паляўнічым розе граў адзін з нас, які ехаў нездалёк. А навічкі — вось яны, тут, ляжаць на зямлі. Нас было раней менш. І мы вялі з сабой коней з пудзіламі ў сядле. А частка маладых пайшла да Халоднай лагчыны Мы думалі, што ты там адзін, разам са сваім Рыгорам, вартуеш. Але мы не спадзяваліся, што вас тут — армія. І вось дорага заплацілі за гэта. Вось яны ляжаць: Пацук, Ян Стыровіч, Паўлюк Бабаед. І нават Варона. Ты пазногця ягонага не варты. Разумны быў Варона, а таксама не мінуў божага суда.

— Нашто вы падкінулі мне запіску пра тое, што паляванне караля Стаха прыходзіць уначы?

— Што ты, што ты, — захітаў Стахевіч галавою, — здані не падкідваюць запісак. Мы на такую дурасць не пайшлі б.

«Гэта, напэўна, Берман зрабіў», — падумаў я, а ўголас сказаў:

— А мяне гэтая запіска пераканала ў тым, што вы не здані, якраз у той момант, калі я пачынаў гэтаму верыць. Падзякуйце за гэта невядомаму дабрадзею, бо са зданямі я наўрад ці адважыўся б змагацца.

Стахевіч збялеў і, ледзь варушачы сківіцамі, кінуў:

— Гэтага чалавека мы б раздзёрлі на кавалкі. А вас я ненавіджу, нягледзячы на тое, што не мая сіла. І я буду маўчаць.

Рука Міхала схапіла палоннага ззаду за шыю і націснула за вушамі.

— Кажы. Іначай мы цябе тут…