Выбрать главу

«Хто я?  — нібы прабіўшы гэтую сцяну, голасам з пустыні, запытальна звяртаўся да беларусаў са старонак газеты «Советская Белоруссия» народны пісьменнік рэспублікі Янка Брыль.  — Мне семдзесят пяць гадоў, быў я інжынерам чалавечых душ, падручным партыі, вінцікам, а цяпер вось стаў самазванцам». Самазванцам яго абазвалі публічна са старонак той жа рэспубліканскай газеты. Не аднаго, праўда, а ў добрай, вельмі прыстойнай кампаніі, дзе-небудзь на лесапавале ў Марыінскай тайзе атрымалася б цудоўная брыгада: усе як на падбор народныя, заслужаныя, лаўрэаты, дэпутаты, а сярод іх адзін ужо і Герой Сацыялістычнай Працы  — паэты, празаікі, мастакі, рэжысёры. Элітарны, культурны генафонд рэспублікі. Было ад чаго не толькі закрычаць «хто я?», але і розум страціць.

Само неба, зямля, надвор’е ў тыя дні былі добра набакір: ці то позняя восень, ці то ранняя зіма. Не, не пераходныя, як тое надараецца на мяжы восені і зімы. А кожны раз, здаецца, устояныя, трывалыя, з абяцаннем і надалей такой жа трываласці і грунтоўнасці. I так вось дзень-другі, тыдзень  — цвёрдая зімка, з бадзёрым да захаплення, абнаўляючым марозам, столькі ж праз ноч  — слякотная, пахмурная восень з нізкім, што прыпала амаль да самай зямлі, небам, густым ліпучым туманам, які праглынуў усе далягляды, звыклыя воку арыенціры, з нудным дожджыкам, што імжыць зверху, знізу і з душы. Уладаранні зімы і восені былі непрадказальнымі, улада іх на вачах пераходзіла з рук у рукі. Чалавека кідала з холаду ў цяпло, нібы там, на небе, хтосьці ўзяў у рукі кій і гуляў гэтымі чалавекамі ў більярд, ганяў з адной пары года ў другую, ад аднаго борта да другога, а таго-сяго і вось так, апускаў у лузу. I быў той ашалелы гуляка сам Гасподзь Бог. Забаўляўся чалавекам на зялёным полі зямлі. А ім ад пагражальнага яго кія дзецца не было куды. I спыніць бязмежжа Ўсявышняга таксама не было каму.

I выспявала, выспявала прадчуванне бяды, невядомай і нябачнай простаму воку, небяспекі, што падступала ўсё бліжэй, сціскала і перахоплівала глотку і дыханне. Штосьці павінна было здарыцца, магло здарыцца з кожным, хто па сваёй ахвоце ці па прымусу, часам нават і ў галаве не трымаючы, аказаўся ўцягнутым у боскія гульні. I здарылася.

Па народным звычаі, апрануўшы святочныя свае ўборы, у апошні раз памыўшы ўсё ў пакоях і бялізну, пер’е белае сваё пачысціўшы, перакрыжавала па-зімоваму ўжо настыглае неба, паляцела ў вечны вырай палеская ластаўка, светлая і чыстая душа Палесся, і перад гэтай душой-ластаўкай, што лунае ўжо ў вечным небе, нельга хлусіць, нельга казаць, што няма і не было вінаватых.

Яны былі, ёсць, працягваюць быць. Більярдысты, арлы і коршакі, яны працягваюць сваю гульню-паляванне караля Стаха. Яны не ведаюць ні няўчасся, ні даўчасся, таму што самі па-за часам. Іх час заўсёды, у любое надвор’е, у любую пару года. I само паляванне гэтае старое як свет: забіць, звесці са свету творцу, як у свой час метадычна і спакваля звялі са свету таго ж Уладзіміра Караткевіча, каторы апусціў Хрыста на зямлю пад белымі крыламі ў Гародні і сам упаў на зямлю, як падаюць каласы пад сярпом. Звялі са свету, а самі засталіся нябачнымі, не паказаўшы і твару свайго, не запэцкаўшы рук, не праліўшы і кропелькі крыві: памёр сам ва ўласным ложку.

О, гэта вялікае ўмельства так забіваць, змярцвяць і не менш вялікіх заплечных, іменна заплечных спраў майстры дварцовай інтрыгі, знаўцы і празорцы нябачнай механікі ахоўнасці ўстояў сістэмы, якую яны ж самі выпеставалі і запусцілі і сталі прэтэндаваць на ролю Бога на зямлі. Адчулі сябе адзінымі творцамі жыцця. А ўсіх астатніх, хто больш-менш падобны на сапраўднага творцу: ату яго, ату. Уладзімір Караткевіч быў творца. Ён адзін з першых на той жа зямлі пад белымі крыламі паведаў свету аб тым, як самі, застаючыся ў цяні, дзіка могуць паляваць каралі Стахі. I ён жа ўвогуле недзе шмат у чым прадказаў тое дзікае іх паляванне ў кастрычніку 1988 года. Дзікае паляванне каралёў сталіншчыны.

А пачалося яно... Ці можна назваць дакладную дату факта, падзеі, якія былі і застаюцца вечнымі.

Не памылішся, з чаго ні пачнеш. Кіношнікі, напрыклад, вызначылі сабе кропку адліку музычную. Як грымнуць барабаны, як загучаць фанфары, як пальецца: «Я другой такой страны не знаю...», так і ведай, яны ідуць. Вось з гэтага можам пачаць і мы, таму што ўсе на свеце каралі ў тым, што датычыцца складання сцэнарыяў, даволі прымітыўныя. Без хітрыкаў і мудрагельства і трыццатага кастрычніка яны таксама пачалі з музыкі і ваеннага аркестра.

«Широка страна моя родная... Я другой такой страны не знаю, где так вольно дышит человек»,  — загрымела і залунала, разляглося па зямлі ў 13.00 ад сумнай брамы ў раёне Маскоўскіх могілак сталіцы Беларусі Мінска. Меркавалася, што песню гэту каля ўвахода на могілкі падхопяць услед за аркестрам камсамольцы, чый дзень нараджэння святкаваўся напярэдадні, а сёння павінен быў працягвацца іх масавым гуляннем у раёне могілак. Так загадзя было абвешчана ў газеце: Маскоўскія могілкі зачынены з нагоды гуляння камсамольцаў.