Але камсамол і камсамольцы, невядома чаму, не пажадалі масава гуляць у адведзеным ім уладамі месцы, хаця на тую хвіліну там знаходзіліся амаль усе камсамольскія правадыры. I масы былі, толькі яны таксама не шпацыравалі і не спяшаліся засведчыць, што гэта масы камсамольскія, для гуляння. Магла быць і яна там, палеская ластаўка. Яна ж была і лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола рэспублікі, а да ўсяго яшчэ — і песенніцай, звонкагалосай, як і яе маці, і роднае Палессе. Але ў той дзень яна не падхапіла песні, яе не было там, і масы чамусьці не падхапілі бадзёры напеў, не пайшлі за аркестрам.
Не дзеля таго, каб гуляць сярод магіл, выйшлі мінчане, у тым ліку і камсамольцы, у той дзень. Зусім не дзеля гуляння. Невядома, ці даспадобы прыйшлася нябожчыкам музыка часоў іх узлёту, мо і ялеем агарнула і спавіла іх душы, але жывы ў дастатку і працвітанні чыноўнік у тыя хвіліны, відавочна, узвесяліўся, і не выключана, што, пэўна, гатовы быў сам легчы пад гэтую музыку ў магілу. Легчы і паўстаць, адзіна дужасцю духу сарваць века труны — захінуць мошчы, абрасці сцягамі і заспяваць менавіта тую песню, якую выводзіў аркестр. Народ, тыя ж самыя масы, каторым у той дзень прадвызначана было, згодна сцэнарыю, гуляць і весяліцца, на жаль, класічна зацята маўчаў, зноў жа невядома чаму.
Наогул у той дзень, з самага яго пачатку, замглёнага інеем світанку, пераменна то сонечнага, то хмарнага полудня, было шмат чаго незразумелага, амаль містычнага. Накіраванасць, утаропленасць і адначасова замаруджанасць і затарможанасць была нейкая ў масах, задумлівасць і прасветленасць, і як бы на Бога надзея, таму што некаторыя з іх час ад часу ўскідвалі галовы, пазіралі ў неба і ў твар адно аднаму глядзелі, нібы ўпершыню бачылі перад сабою гэтыя людскія твары. Нешта нараджалася ў той дзень каля гэтай апошняй прыстані зямных чалавечых пакут, штосьці і памірала. I нараджэнне, як і смерць, былі напоўнены патаемнасцю і загадкавасцю.
Духавой музыкі аркестр у горадзе. Ён сёння трохі падобны на каня Пржавальскага, якога выпхнулі з канюшні, заперлі на гарадскі машынны асфальт. Ён заблудзіўся на ім і сканаў, пакінуўшы нам толькі сумны і светлы ўспамін аб сваім гучным і вясёлым іржанні. Але аркестр гэты, што чыгунна чаканіў сваім шэсцем перадзімова ўжо выстуджаны горад, ні ў кога не выклікаў ні цікаўнасці, ні здзіўлення, усмешкі нават, нібы быў складзены са зданяў. Ён іграў, але ў той жа час як бы нема маўчаў. I горад быў немы ўсімі сваімі вуліцамі, акрамя галоўнага Ленінскага праспекта, нібы ў горадзе з’явіўся нябожчык вельмі высокага рангу, катораму па яго становішчы не да твару быў і жалобны марш. Адно толькі гэта і пасавала яму ў яго дзяржаўнасці: «Я другой такой страны не знаю, где так вольно дышит человек»,— што і іграў аркестр.
I сотні, тысячы мінчан з двух бакоў Ленінскага праспекта спяшаліся па тратуарах да Маскоўскіх могілак. Ішлі шчыльна, як у чарзе да Маўзалея, моладзь з кветкамі, ішлі па адным і сем’ямі, з дзецьмі, некаторыя кацілі перад сабой дзіцячыя каляскі з немаўлятамі ў іх. Спыняліся перад чырвоным вокам святлафораў, чакалі дазваляльнага, зялёнага. Дарога была доўгай. Метро на пад’ездах да могілак было зачынена «па тэхнічных прычынах». Грамадскі і прыватны транспарт спынены міліцыяй — без абвяшчэння прычын. Усе скрыжаванні ачэплены шматслойнымі нарадамі міліцыі — мыш не праскочыць. Праезд быў дазволены толькі міліцэйскім машынам, некаторым гарадскім, прыгарадным i нават міжгародным аўтобусам, але толькі адзінымі пасажырамі тых аўтобусаў зноў жа былі людзі ў міліцэйскай форме, не простыя міліцыянеры, а ўсе спрэс афіцэры, міліцэйскія чыны. Мо гэта асаблівасць іменна мінскай міліцыі, але чамусьці сярод яе мала радавых, падобна на тое, калі ў Мінску нарадзіўся міліцыянер, то абавязкова ўжо як мінімум з адной зоркай на пагонах.
Бесперашкодна праходзілі і ваенныя машыны, што незразумела, з якіх нор і берлагоў павыпаўзалі. Мінск і мінчане ні дагэтуль, ні пасля іх не бачылі, то былі машыны спецыяльнага прызначэння.Так, бачыць іх ніхто не бачыў да часу ікс, але было відавочна, што яны ўжо зведалі працу. Хапіла ім. Ахоўнага колеру фарба блішчыць і ззяе свежасцю i лакам. Рэжуць вока адлакіраваныя чорныя, як нагуталіненыя, нумарныя знакі, a caмi машыны, жалеза ix, нібы прайшлі праз метэарытны дождж. Ці прывезлі іх па крайняй меры з Чылі, у падарунак ад Піначэта або яшчэ якога-небудзь правадыра, ці сышлі на мінскую зямлю з экранаў тэлевізараў. Забітыя жалезнымі кратамі фары-вочы, у тых жа кратах назіральнае шкло, падобныя на байніцы кулямётных гнёздаў акенцы-вадамёты. Чорныя «варанкі» ахоўнага колеру ды яшчэ з камуфляжамі пад вусеня-лістаеда, далёка не раўня будзённа-звычным міліцэйскім — шырока прасторныя, змрочна-змяшчальныя. I ішлі яны дзяржаўна, нехапатліва, як здольны хадзіць у зацішку зялёнага гаю цяжкія танкі, паўзлі, грэбліва і смуродна акурваючы лішкам, перанасычанасцю прытоенай у іх сілы, усведамляючы гэтую сваю сілу, усё цывільна хапатлівае, інтэлігентна дакучлівае, шморганае. Свежапамытыя палымяныя і мірныя пажарныя машыны здаваліся ў атрутна-зялёнай іх засені проста ёлачнымі ўпрыгожваннямі. Як твар немаўляці, анёла-херувіма сярод іх былі чыстыя і нявінныя вёрткія медыцынскія «хуткія дапамогі».