Выбрать главу

Каму толькі яны былі павінны дапамагаць? Па якім нябожчыку, што за сляза тая пякучая, сляза ўсенароднага гора са стратай прытомнасці і свядомасці была павінна праліцца, калі картэж, механізаваная раць каля брамы Маскоўскіх могілак складала больш за сотню розных машын? Што за вораг раптоўна з’явіўся ў горадзе Мінску? Напалеон са сваім войскам паўстаў з магіл і па Маскоўскім тракце рушыў сюды ўсіх сваіх забітых і тапельцаў з пераправы на Беразіне, а мо пракручвалася нанава «аперацыя Баграціён» і гораду ішло вызваленне? Каго і ад каго тут гэтая раць была павінна бараніць: жывых, што з кветкамі ў руках запоўнілі плошчу, ці мёртвых, што пакорліва і назаўсёды леглі пад магільныя пліты?

Уваход на Маскоўскія могілкі, шырокія вароты з несуцешна і высока, як скульптурная група калгасніцы і рабочага над уваходам на ВДНГ, жалобнай постаццю жанчыны над імі, якая толькі што страціла сына ці дачку, былі ў некалькі радоў ачэплены курсантамі Мінскай школы міліцыі. Уздоўж гэтага ачаплення хадзіў невысокі, каржакаваты падпалкоўнік з мегафонам у руках і заклапочанасцю аратага на стомленым сялянскім твары, у добра паношаным ужо шынялі, больш падобным на брэзентавік пасляваеннага старшыні не надта заможнага калгаса. Групы міліцэйскіх чыноў больш высокага звання. Шматлікія групоўкі людзей у цывільным, у ананімнасці твараў каторых за вярсту прачытвалася іх прыналежнасць. Яны былі раскіданы як кветкі сярод чартапалоху ці, больш дакладна, як чартапалох у полі кветак  — у вялізным ужо натоўпе на плошчы каля Маскоўскіх могілак. I было дзікавата і незразумела адчуваць нейкую ярую і непрыхаваную варожасць да гэтых позніх восеньскіх кветак, варожасць людзей, у каторых кветак не было. Нібы кветкі былі ў нечым вінаватыя перад імі. Ці зусім ужо то былі не кветкі, а плашчы тарэадораў, што цвялілі вока. I нявер’е ў іх, недавер гэтым астрам і гваздзікам хутка зрабіліся ўсеагульнымі і пераважнымі. Нявер’е адно аднаму і адно да аднаго, нібыта ўсе тут былі сексотамі, з кветкамі і без. Кветкі, здавалася, на вачах вялі  — некаторыя з людзей трымалі іх рукамі пад горла  — марнелі ад сцюдзёнай зябкасці полудня і здушанасці чалавечага дыхання, духу паліцэйшчыны і сакрэтнага дазнання, што быў учынены на плошчы ўсім прысутным. У паветры адчувальна патыхала жахам. I зноў гэты жах быў незразумелы і невытлумачальны. Ці то напалохаліся мёртвыя і пачалі дыхаць жахам, панеслі яго да жывых, ці то ў жывых абудзілася нешта такое, што прыйшло да іх разам з малаком маці, геннае. Яны былі ж свабоднымі, і ніхто ім адкрыта не пагражаў. У любую мінуту яны маглі павярнуцца і пайсці адсюль, і ніхто б іх не затрымліваў. I самыя баязлівыя, што былі ўжо напалоханы на ўсё сваё і дзяцей сваіх жыццё, так і зрабілі. Натоўп ад гэтага не паменеў, хаця стаў і больш падазроным. Усе раптам пачалі азірацца, скоса шнарыць вачыма па тварах адно аднаго, як па кішэнях, нібыта вось так імкнуліся і спадзяваліся набыць кропку апоры, шукалі таварышаў па службе, суседзяў па кватэры, проста знаёмых. А калі знаходзілі, сутыкаліся позіркам са знаёмым, спяшаліся яму насустрач, аб’ядноўваліся і ў гэтым аб’яднанні яшчэ больш раздрабняліся, расслойваліся, пакідаючы ў пустотах руху і еднасці дух варожасці, ворага, творачы вобраз ворага з нічога, з кожнага, каго раней не бачылі і не ведалі, не здароўкаліся, не рукаліся.

Вобраз ворага з заакіянскага, крывавага і малпападобнага перарастаў у свайго, беларускага, мінскага, а таму і больш страшнага. Ён знаходзіўся побач і адначасова быў падобны на тыя машыны спецпрызначэння, што прыкархнулі да пары да часу пад халодным сонцам кастрычніцкага полудня каля тратуараў Ленінскага праспекта, падобны да праставатага на выгляд падпалкоўніка міліцыі з яго стомленым тварам, тварам суседа, які дыхаў табе ў патыліцу, уласным тварам, які палаў ужо, апякаў душу агнём, што незразумела адкуль прыхлынуў да іх.