Расплачваемся ўсе мы за тое, што не пазналі сябе на дарозе ў будучыню. Сустрэліся на сваёй пракаветнай Галгофе нашы бацькі, няскораныя нябожчыкі, і мы, жывыя, стомленыя толькі сваімі ж вялікімі перамогамі. Сустрэліся і моўчкі разышліся, размінуліся. Бо адны не ведалі слова на гэты свет, другім наогул заклала горла , бо яны даўно ўжо забыліся на родную мову. Але мёртвыя, не ведаючы слова на гэты свет, усё ж адмовілі дыктату чужой волі над сабой, аддалі перавагу зямлі і моўчкі леглі зноў у зямлю, свае магілы, а жывыя, не благаслаўлёныя шчасцем і радасцю вольнай смерці, моўчкі сталі ў чаргу па ярмо, пачуўшы са скамянелай сваёй юдолі і Галгофы нахабны і пагрозлівы крык: «Няма і не будзе вам дарогі ў цывілізаваны свет, Ёрыкі. Пустыя вашы вачніцы. Чарапы вачэй не маюць».
Я вам ніколі не схлусіў
Уступнае слова да трохтомніка, які па не залежных ад аўтара прычынах не ўбачыў свету: сканаў у абдымках росквіту рыначнай дэмакратыі, незалежнасці і свабоды
Некалькі гадоў назад на адных прадстаўнічых пасядзелках, выступаючы, я сказаў, што ніколі не пісаў для чытача. Пачынаў — чытача ў мяне не было. Быў я немаўля, якое вучыцца хадзіць. Вучыцца хадзіць не таму, што хочацца бацькам, хочацца некага ўсцешыць і парадаваць. Не, надыходзіць час, і малы чалавечак становіцца на ногі, спрабуе свае ногі таму, што яны ў яго ёсць і наканавана ім хадзіць. Вось так і я, сеў, пачаў пісаць, таму што ведаў літары, зведаў захапленне пісаным, друкаваным словам. Закарцела напісаць нешта і самому. I зусім не ў прадбачанні такога ж, як я, чытача. Мне проста хацелася пісаць і падабалася пісаць.
Помніце Пятрушку Гогаля, здаецца, з «Мёртвых душ», якому падабалася чытаць, чытаць усё, што ні трапіць у рукі? Ён не мог зразумець цуд: як гэта з літарак складаецца слова. Гэта сапраўды цуд. Тым небяспечным цудам быў апалены і я. Апалены на ўсё жыццё. I мне не трэба было чытача. Але на сваю бяду ў выступленні я падвёў пад гэта марксісцкую базу, ці, хутчэй, «антымарксісцкую». Я сказаў, што хлусяць усе, хто кажа, што піша для чытача. Таму што ў гэтым «для чытача» хаваецца ўжо няшчырасць, імкненне некаму «патрапіць», спадабацца.
Божа мой, што тут пачалося!.. Варта помніць, што гэта быў яшчэ час, калі ўсе мы рабілі толькі для народа, дзеля народнага шчасця і на двор нават хадзілі. Знакаміты крытык біў бранябойным словам з высокай трыбуны, маўкліва выказвалі нязгоду са мной і сябры-пісьменнікі. Не скажу, што я быў тады маладзейшы, дурны і зацяты і таму стаяў на сваім. Бясспрэчна, толькі з цягам часу чалавек усё ж набывае крыху розуму. Тым заднім розумам моцны сёння і я, як і ўсе мы сёння куды як моцныя, волаты, нам бы палі забіваць. Мо была і ёсць праўда за тымі, хто піша для чытача, як гаворыцца, калгас справа добраахвотная, не хочаш, але мусіш. Мо нехта піша як Ванька Жукаў і «на деревню дедушке». Я ж, дарагі мой чытач, прабач мне, ніколі не пісаў для цябе. Тут наконт гэтага дазволь мне прывесці два выказванні. Першае, гэта хай будзе Віктар Астаф’еў. Некалі на тэлевізійным літаратурным вечары яго запыталі: дзеля чаго ён піша. Адказаў ён, прыкладна, так: пішу таму, што ў мяне ёсць сям’я, жонка, дзеці і ўнукі і яны хочуць есці. Мне здаецца, праўдзіва, хоць і спрошчана. Трохі хітрыкаваў Віктар Пятровіч. Сям’ю можна пракарміць і інакш, можна і красці пайсці, што ў наш час вельмі ўдала многія і робяць і няблага жывуць.
Вядомы амерыканскі пісьменнік Тэадор Драйзер у час прыезду ў Савецкі Саюз, калі яму дурылі галаву ўсеагульным народным шчасцем, сказаў, што ніколі не паверыць, каб для некага заўсёды рабілі так, як для сябе: не-не, але майстра калі-нікалі ўсё ж і схібіць, на тое яму і дадзена майстэрства. Майстэрства не для сябе, а для іншых, магчымасць і здольнасць затлуміць галаву. Гэтыя словы Драйзера, калі я прачытаў іх, вельмі нагадалі мне бытавалую ў той час прымаўку: дэпутат — слуга народа. А слуга, як вядома, заўсёды наровіць падмануць пана.
Пісьменнік — чытач, заўсёдная, пракавечная і паўсюдная гульня. Хто з іх пан, хто служка? Каб я гэта ведаў, я б тады пагуляў. Не ведаю, дарагі мой чытач, і таму я з табою не імкнуся гуляць. А мо, наадварот, таму і гуляю. Толькі ведай адно, чытач: у той гульні я ніколі табе не хлусіў, не хлушу і хлусіць не буду, позна ўжо. Хаця, па шчырасці, ой як бы хацелася табе схлусіць, зачараваць цябе магутнай, агіднай і прыгожаю хлуснёй. Але ж... Майму веку і маёй натуры наканавана нешта зусім іншае.