Тое ж самае і тут. Куратар з падачы рэспубліканскай прэсы і пасля франтальнай атакі ўсіх іншых аголеных апаратчыкаў зрабіўся пазней героем дня. У сане пакутніка, але пры крэсле, пайшоў на павышэнне. А Быкаў у тую хвіліну вымавіў усяго некалькі слоў:
— Што тут адбываецца? Што гэта нам нагадвае?.. Мы толькі што прагаласавалі: хто за рэзалюцыю? Ставім на галасаванне: хто супраць рэзалюцыі? — Прагаласавалі. Супраць стварэння гісторыка-асветніцкага таварыства ахвяр сталінізму і Куратар з Пракуратарам, і тая ж дружная каманда ніадкуль. Потым, крыху пазней, яны перавернуцца, перакруцяцца: пасля тэлеграмы М. С. Гарбачова падобнаму ж таварыству ў Маскве будуць «за» — святая ж справа. Але тады яна яшчэ не была зверху асвячона, і яны, зразумела, катэгарычна супраць. Усё, што зверху не дазволена — забаронена.
— Вось і ўсё, — сказаў Васіль Быкаў, звяртаючыся да Куратара.— Цяпер гаварыце, што вы маеце сказаць.
Эпізод гэты доўжыўся мінуту.
З Куратара нібы выпусцілі пару. Ён набыў тое, чаго дамагаўся — галоснасць, дэмакратыю і свабодны доступ да мікрафона. I, здаецца, разгубіўся: трымаць і не пушчаць не было каго, слухацца яго не сталі. А казаць яму не надта было што, акрамя як паўтарыць казанае Пракуратарам.
— I гэта дэмакратыя? Гэта дэмакратыя? Гэта анархія, а не дэмакратыя! — некалькі разоў паўтарыў ён, стоячы за трыбунай, як не маючы сіл развітацца з ёй.
Але паўтарэнне тое было грознае. У ім ужо было чутно бразганне паляўнічых стрэльбаў, крокі ботаў батальёнаў міліцыі і войск спецыяльнага прызначэння, посвіст гумавых дубінак, рык матораў машын-вадамётаў, згаладалых «чорных варанкоў».
Паляванне, паляванне, паляванне. Супраць каго?
Наіўнае пытанне: каго можа сёння ўпаляваць афіцыйна зарэгістраваны паляўнічы. Звера і птушкі не так ужо шмат: меліяратары, мінвадгас — лепшыя на свеце паляўнічыя. А тое, што засталося, ацалела пасля іх, адстрэлена, пазначана адным чарнобыльскім залпам. I ў першы ж паляўнічы сезон пасля таго залпу паляванне ў Беларусі, у прыватнасці на пералётных птушак, было забаронена. Цяжка, праўда, меркаваць, чаго ў той забароне было больш: міласэрнасці ці жорсткасці. Паляўнічая здабыча, у асноўным качкі з прыпяцкай поймы, цягнула за межы рэспублікі, несучы радыяцыю. Паляўнічая раць па-за Беларуссю ўзбурліла: чаму выпускаеце заразную птушку за межы рэспублікі? Ім адказалі: калі вы такія апекуны і прыхільнікі чысціні расы, станавіцеся на мяжы і адстрэльвайце, не пускайце заразу.
Сітуацыя хоць і чыста паляўнічая, але вельмі сімптаматычная той, што адбылася трыццатага кастрычніка 1988 года ў горадзе Мінску: тады не хацелі, каб радыеактыўная зараза распаўзлася па краіне. Паляванне ж трыццатага кастрычніка было скіравана на выкараненне заразы, што паступала ў рэспубліку звонку — з Прыбалтыкі, дзе арганізаваўся Народны фронт, дый з Масквы, адкуль набягалі хвалі перабудовы і галоснасці, куды быў выціснуты, выгнаны Алесь Адамовіч. Трэба было захоўваць стабільнасць устояў антыперабудовачнай Вандэі. Аб гэтым прама і ў адкрытую гаварылася пазней ужо з усіх трыбун: вы што хочаце, каб і ў Беларусі было, як і ў Прыбалтыцы. Праўда, пры гэтым заставалася па-за ўвагаю: чаго ж хочуць самі беларусы. Ці на самай справе прагнуць яны зрабіцца паляўнічымі-вартаўнікамі, арганізавацца ў казацкія сотні і дзікія дывізіі, ці падыходзіць такая роля беларускаму народу. Але гэта ўжо, канечне, дробязі...
З дня чарнобыльскага залпу і з той нагоды прапушчанага восеньскага палявання мінулі два гады. Загоншчыкі дзікага палявання караля Стаха здолелі пераразмеркавацца, узброіцца і стальной згуртаванай раццю выстраіцца ў цэнтры, у сталіцы рэспублікі. Праўда, шмат чаго і ў рэспубліцы змянілася за гэты час. I час, абставіны палявання памяняліся. Больш нецярплівым, але і больш гуманным, міласэрным да чалавека і звера зрабіўся час. I не толькі птушка, чалавек і звер гэта адчулі. Акрыялі, пачалі прагнуць жыцця і дрэвы.