Выбрать главу

— Каб вы ведалі, сябры, мы сёння ўжо другія.

Так, другія. На чарнобыльскім мітынгу маўчання яны ўжо былі вельмі ветлівыя і папераджальныя:

— Майце ласку, будзьце ласкавы, сыдзіце, таварышы, з праезджай часткі, беражыце сваё жыццё, не перашкаджайце руху машын...

Не трэба, канечне, зачароўвацца, толькі сапраўды ўсе мы нечаму вучымся... А тады той лейтэнант быў адзіны. Адзіны на двухтысячную раць паляўнічых.

Акрамя таго, як гаварылася вышэй, на паляўнічых працаваў закон натоўпу. Так, ролі памяняліся. Даглядальнікі, ахоўнікі парадку паўсталі перад народам у якасці натоўпу. Адзінага, арганізаванага імі ж беззаконня, якое яны тварылі. Беззаконне гэта было асвячона зверху, узброена дубінкамі і нервова-паралітычнымі газамі, умацавана тэхнікай. Акрамя свайго бяссілля і адчаю супрацьпаставіць народу не было чаго. Але той, хто б здолеў пранікнуць праз гэты адчай, можна паручыцца, зведаў бы катаванне больш страшнае, чымсьці пякельнае. З адчаю і болю нарадзіўся на плошчы адзіны стогн і крык:

— Ван-дэ-я, Ван-дэ-я, Ван-дэ-я!

I быў, пэўна, у тым стогне пякельны агонь і катаванне варам. Міліцыянеры, курсанты на імгненне аслупянелі, прыпынілі пераможны крок. Сталі чутны цяпер іх здзіўленыя галасы:

— А гэта яшчэ хто такі?

— Вандэя, Вандэя, Вандэя!  — скандзіравала плошча.

А з боку могілак, праз бетон і чыгун агароджы ў адказ ёй  — Ма-шэраў, Машэ-раў, Ма-шэ-раў!  — то адгукваліся замкнутыя на могілках жывыя людзі, якіх не выпускала адсюль міліцыя. Яны згуртаваліся каля магілы Пятра Міронавіча Машэрава. Трыццатага кастрычніка, у тую ж самую гадзіну ікс, чатырнаццаць нуль-нуль, была патрывожана і апаганена магіла і гэтага сына беларускага народа. Роўна ў чатырнаццаць нуль-нуль, як і на плошчы, ананімы ў цывільным, даглядальнікі парадку ў форме накінуліся на людзей, што ўскладалі кветкі да помніка Машэраву: раздзяленне, збіванне, газы. Пры гэтым аднаму з хлопцаў, які не пажадаў добраахвотна прыняць той газ, далі «азону» на чатыры поўныя ўдыханні. Вось тады тут і разлёгся гэты кліч-гуканне: «Машэраў, Машэраў, Машэраў!» Жывыя звярталіся да мёртвага, нібыта прасілі яго ўстаць і калі не абараніць, то хоць бы адным вокам зірнуць на тое, што тут адбываецца, як душыцца ўсё маладое і здаровае, забіваецца сумленне.

Пётр Міронавіч, задуменна сцяўшы вусны, быў нерухомы і маўклівы на сваім пастаменце. Але за яго адказалі аўчаркі, што да пары да часу былі замкнуты ў дзяжурным пакоі могілак. Маладая настаўніца, якой пашанцавала прабіцца скрозь кардон міліцыі, спрабавала дазваніцца да ЦК. ЦК маўчаў. Народ галасіў. Павісквалі аўчаркі, перагаворваліся міліцыянеры. Нехта з афіцэраў дакладваў, што на могілках аб’явіўся Алесь Адамовіч. Нехта патрабаваў неадкладна даставіць сюды гэтага пацыфіста. Невядома, быў выкананы гэты загад ці не, застаецца толькі спытаць самога Аляксандра Міхайлавіча. Ён быў у той час ці то ў Лісабоне, ці то ў Мадрыдзе. Як, Аляксандр Міхайлавіч, не турбавала вас там наша доблесная міліцыя? Мёртвым вашым сабратам, і Караткевічу, і Макаёнку, і самому Машэраву, пад хвойкамі на роднай зямлі спакою не было, плакалі яны і на тым свеце незямнымі пякучымі слязамі. Дажыліся, дастаяліся да разгулу перабудовачнага застою. Нясоладка прыйшлося і жывым. Асабліва жывым і, на вялікі жаль і няшчасце свайго народа, таленавітым, з жывой душой і пакутным сумленнем. Таму ж, да прыкладу, Васілю Быкаву, аб якім вы ў часопісе «Огонёк», назваўшы Мінск антыперабудовачнай Вандэяй, пісалі: «Магу паведаміць, яшчэ адзін сур’ёзны бар’ер супраць перабудовы, што ўзводзіўся ўжо колькі месяцаў, аб які біўся ўвесь гэты час, здавалася, адзін толькі Васіль Быкаў,— пачаў трашчаць гэты бар’ер, а некаторыя секцыі раптоўна абваліліся»,  — дык вось мы вам паведамляем, Аляксандр Міхайлавіч, з Мінска трыццатага кастрычніка 1988 года, іменна яго, Васіля Уладзіміравіча Быкава, вас асабіста, Аляксандр Міхайлавіч, і шмат-шмат іншых жывых хацелі ўпаляваць у той дзень. Дзікае паляванне каралёў сталіншчыны на сумленне і душу беларускага народа.

Усе гэтыя «Тутэйшыя», «Талака»  — нефармалы, што выступалі арганізатарамі правядзення мітынгу-рэквіема, дня памінання Дзяды,— хлопчыкі, дробная рыбка, яны патрэбны былі толькі для прыстрэлкі, для вымуштроўкі, навучання тых жа курсантаў школы міліцыі. Аб іх адразу ж і забыліся. Як толькі ўсё пачалося, выкрылася сапраўдная прычына палявання, вы сталі «пенай і сцягам групы самазванцаў». Рыбку, хлопчыкаў, канечне, варта было паганяць, павучыць. А вас ужо вучыць позна. Вы ўжо лаўрэаты, дэпутаты, амаль акадэмікі самі. Не хто іншы, як іменна вы, шаноўны Аляксандр Міхайлавіч («Политический собеседник», № 1, 1989 г.), прадаліся міжнародным сіяністам. I гэта ж на ваш з Быкавым адрас ішлі навагоднія віншаванні, у якіх неаднасэнсава сцвярджалася, што год Змяі стане годам вашай смерці. Вось так раптоўна сапраўды абваліліся некаторыя секцыі перабудаванага застою ў горадзе Мінску і яшчэ будуць рушыцца і абвальвацца ў задушлівым тым паветры дзікага палявання, якое будзе працягвацца і пасля трыццатага кастрычніка. Панясе, панясе яшчэ ў зубах свае студэнцкія рублікі дробная рыбка з нефармалаў у якасці штрафаў. Яшчэ будзе рабаванне з узломам у Доме літаратара Саюза пісьменнікаў БССР. Міну там, бомбу ў пакоі Народнага фронту будуць шукаць ананімы ў цывільным і людзі ў форме, зноў жа, амаль у гадзіну Быка, няўчассе апоўначы. Знойдуць  — літаратуру, выданні БНФ. Знойдуць, арыштуюць, панясуць і супакояцца. I пра бомбу забудуць, бо гатовы тую міну самі падкласці. Хаця што яе падкладаць. Яна даўно ўжо там  — пад гісторыяй, мовай, культурай. I яшчэ выбухне, абрынецца на зямлю з балкона восьмага паверха палеская ластаўка. Ластаўкі ж закаханыя ў цяпло і вясну, прылятаюць да нас вясной і не трываюць палявання.