Мы імкліва старэем. Калі раней стагоддзе было сапраўды памяркоўным, нехапатлівым і спраўджаным, то цяпер яно падманлівае, па-вар’яцку ілжывае і ашалела непрадказальнае, з камарыны нос — кароткае. Як гэта колісь было толькі на вайне: год за два ці тры. У нас жа час каму дык і зусім — за чатыры і нават болей. I ў тыя чатыры гады ўкладваецца ўвесь чалавечы век.
Насамрэч так. Варта толькі ўключыць радыёпрыёмнік ці тэлевізар: столькі крыві, якая льецца там штодзень, ці бачыў свет з пачатку свайго стварэння? Апошнія навіны нагадваюць франтавыя паведамленні, звесткі з месца баёў. Чалавецтва мужна і самаахвярна змагаецца з жыццём і, падобна, перамагае. Боязна браць у рукі газету і разгортваць новую кніжку, а раптам і яны выбухнуць. I тут ніякага перабольшвання. Самае нявіннае, што яны з вамі могуць зрабіць — гэта літасціва згвалціць. А могуць утварыць гэта і вытанчана, і забіць адмыслова. Пахаваць, звесці са свету так, што і знаку ад цябе не застанецца, ніхто і з сабакамі не знойдзе, як ніколі і не жыў чалавек. А калі хто будзе пярэчыць, настойваць, што хадзіў з тым небаракам у лазню, піў піва, так абылгуць, што няшчасны жывы яшчэ сведка сам у магілу запросіцца. Гэта ўжо нават не сумна, не страшна, бо паўсядзённа, будзённа. Паміж жыццём, злачынствам, сорамам і ганьбай нібы дасягнута нейкае дзіўнае пагадненне, дамоўленасць: як толькі ўднее чалавеку, яму ўсё дазволена, бо Бог адменены. Няма Бога. I гэта сёння, пры адраджэнні ў нас царквы, росквіце набажэнства і веры. Хаця, назіраючы за тымі новымі велічнымі вернікамі, як яны мілуюцца са святарамі, ловяць за крысо мітрапалітаў, дамагаюцца ад іх пацалункаў у вусны і на «ты» звяртаюцца да Бога, прыгадваецца, што гэта ж яны ўчора разбуралі храмы, здымалі і палілі крыжы, выдзіралі бароды ў Божых служак. I мімаволі хочацца заплюшчыць вочы, заткнуць вушы і — як мага прэч са свайго веку і часу з яго валадарамі. Часу, у якім зноў напладзілася столькі праведнікаў, якія і на двор ходзяць падсалоджанай вадзічкай, аж пацеюць ад сваёй безграхоўнасці, духоўнай велічнасці, ад жадання імгненна, не сыходзячы з трыбуны, зноў ашчаслівіць чалавецтва, а перш-наперш свой народ. Ачмурыць усіх і кожнага. Іншым разам, думаю, і саміх сябе, бо інакш ні світанкі, ні ўзыходы і захады сонца, туманы і ранішнія росы не маюць сэнсу.
Не мае сэнсу, права на існаванне само слова. Хоць мо гэта якраз яно і завяло нас у тупік, прывяло да безвыходнасці. Бо мы столькі грашылі ім. Нідзе няма больш падману і крыві, як на языку. Ці не таму нам, беларусам, і адмоўлена першым і пакуль што, здаецца, адзіным у матчыным слове. Думаю, не толькі таму, што хлусілі ім. Але і таму, што маўчалі.
Зайшліся тыя, каму папраўдзе балела. А хто не зведаў у сабе спапяляльнай пустэльні і адчаю, каму не дадзена гэта зведаць, бо так ён ужо створаны, па-бальшавіцку, без сумненняў, сумлення, сораму і жалю, той галёкае з высокіх, вертыкальных, амбонаў і сёння. Вучыць нас, як вырошчваць хлеб (час ад часу пасылае нават дождж), рабіць дзяцей, рухаць наперад навуку — быць чэснымі і праведнымі. Вучыць, праўда, чужым, пазычаным словам. Бо калі раней амаль што кожны са старшыняў калгасаў пасля трэцяй чаркі пераходзіў з трасянкі на матчыну мову, то сёння ён і ў ложку сніць сны чужыя —інтэграцыйныя ўчора, а заўтра ўжо наадварот — гледзячы, на якім баку ляжыць. Але ўсё роўна роднае слова не даецца яму. Бо над ім пракляцце ягонай жа маці, а мо і яго ўласны праклён — за вырачэнне сваёй маці. Як бы там ні было — гэта першы знак непазбежнасці.
Але, даруйце мне, я не суддзя, бо гэта зямному суду і не падлягае. Тут суд зусім іншы і, як кажуць, да дзевятага калена, бо няма большага граху, як здрада і продаж крыві сваёй. А я толькі сведка гэтаму, калі мяне паклічуць. Хоць словам у свой час грашылі ўсе пароўну. I абраным, канешне ж, было дадзена больш. Мо менавіта таму напрыканцы свайго веку яны, як больш грэшныя, так жорстка пакараныя. Пры бездакорнай чуйнасці да слова, наяўнасці яго, валоданні ім — прыгавораныя да анямення, маўчання травы. Аняменне розуму, касцянізацыя інтэлекту — гэта наша агульная і асабістая бяда і хвароба. I не трэба перакладваць яе на чужыя плечы, на плечы таго ж народа. Во, маўляў, які ён паганы, як нам, разумнікам ды талентам, амаль геніям, не пашанцавала на народ. Рахманы беларус не наважыцца ніколі і нікому слова папярок мовіць. Рабы, бараны...
Гэта ж нішто іншае, як другі бок таго ж брыдкага вырачэння ад самога сябе. Каб не было гэтых рабоў і баранаў, каму быў бы патрэбны ваш магутны розум. Наўрад бы хто кінуўся экспартаваць яго. Бо такіх у свеце ўжо даўно перабор. Экспартны варыянт такога нашага разумніка — гэта большай часткай мыйшчык аўтамабіляў ці прыбіральшчык замежнага тамтэйшага г...на. А ўсё з-за вялікага гонару на сваёй зямлі, празмерных прэтэнзіяў. З-за няспраўджанасці свайго лёсу — азлабленні і перакладванне сваёй віны на іншых, зусім не вінаватых. I, як вынік, вялікая дэпрэсія, адчуванне безнадзейнасці, а адсюль і інертнасць: гары яно ўсё гарам. Мо таму і перамаглі жабракі духам. I сталі першыя апошнімі, апошнія — першымі. Узялі верх, займелі ўладу тыя, каму ўвесь час нечага не хапала, бракавала. Зразумела, канешне, чаго. Але ж яшчэ ні адзін на свеце з безнадзейна пакрыўджаных не прызнаўся і не прызнаецца ў гэтым. Не прызнаецца, што перш-наперш ён абрыдзеў сам сабе. А больш — чалавек, што побач. Увогуле чалавек. Бо сам ён столькі раз мяняў скуру, столькі зайздросціў кожнаму, перабраў сваіх і чужых жыццяў, хістаўся і гойдаўся на пераменлівай уладнай нітцы, што даўно ўжо паверыў у сваю звершнасць, што ён над усімі, што сам ён ужо і не чалавек. А калі трошкі і чалавек, то адзіны на ўсім белым свеце. Увесь сусветны розум спрасавана ўвасобіўся менавіта ў ім, ён чуе і гаворыць з космасам, бо больш яму на гэтым свеце гаварыць няма з кім.