Толікавай маці яна так і не знайшла. Паказала яго нават парадзісе — тая ляжала на шырокай лаве ў пустой пачакальні, ззелянелая ў твары, заплюшчыўшы вочы, губы ў яе запякліся, на карычняватым ілбе дробнаю расою выступіў пот. Старэнькая кабета трымала ўкручанае ў нейкія наспех парваныя анучы дзіця. Маладзіца расплюшчыла выцвілыя, невідушчыя вочы і заенчыла: «Ах, дзіцятка маё!» У яе была гарачка. Толік заплакаў, ад страху, вырабляючыся з рук.
З дзецьмі яна вярнулася дахаты. Назаўтра раненька, яшчэ толькі паказвала на дзень, у гарадок прыйшлі немцы. Толік застаўся ў яе.
Вяроўку зноў тузанула карова — над ёю віўся, як прывязаны за нітку, авадзень.
— Ну, стой! Чаго ты? — кабета глядзела ўсё туды, на заваротак. Дзеці ўжо беглі назад: большы каціў перад сабою скат — знайшоў, пэўна, у трубе. Скат падскокваў на ямках — шашы ніхто не раўняў і не правіў усю вайну. Высалапіўшы язык, канаваю за дзецьмі бег сабака. Тонкі азадак яго заносіла ўбок.
— Нашто гэта табе? — сказала яна большаму, калі ён падкаціў да яе стары ўжо, з’езджаны аж да белых нітак, скат.— Крый бог — міна!
— Якая міна... Апона ад самахода,— сказаў большы і пусціў з шашы скат: той пераскочыў канаву, зрабіўшы круг, упаў у грэчку: яна там яшчэ доўга варушылася.
— Ой, няма ў цябе яшчэ розуму,— сказала кабета хлопцу і ляпнула рукою па цёплай каровінай спіне — карова нехаця пайшла: было чуваць, як шэркаў у яе на жываце скарэлы пляйстрамі гной.
На шашу густа цягнуўся, як мёд за лыжкаю, пах цёплае грэчкі. Шчабяталі, перагаворваліся між сабою і садзіліся на тэлефонны дрот сытыя ў воллі ластаўкі. У жыце гулі тэлефонныя слупы, як нечыя натруджаныя ногі. I нерухома ляжала белая і бясконцая шаша.
У канаве шарэла выгаралая на сонцы адзежа — здалёк выдавала, як хто ляжаў забіты.
— А во — нехта ляжыць! Можа абыдзем? — сказала яна дзецям, заварочваючы ў грэчку карову. Яна цяпер баялася, што ізноў натрапіла на нябожчыка: каля гарадка раніцою яна бачыла забітага хлопца, яшчэ саўсім маладога, год семнаццаці — ён ляжаў у зеленаватым аўсе, раскінуўшы рукі, вышчарыўшы сцятыя белыя зубы — пэўна, канаў у муцы, бо выкачаў каля сябе добры лапік аўса.
Яна зірнула на яго і аж здранцвела ад страху. А потым пачало ўсё думацца, што, можа, і яе муж ляжыць дзе вось гэтак забіты. Яго забралі перад самай вайною недзе пад Беласток.
— Гэтак жа адзежа,— сказаў меншы, што бег паперадзе.
Падышоўшы бліжэй, яна ўбачыла старую, у касмылях зжоўклае ваты (як яе ўсё роўна павыскубалі сабакі) фуфайку.
— Дзякуй богу, што не чалавек,— маладзіца выцерла локцем змакрэлы лоб і скіравала да хутара — туды адлучылася ад шашы і пабегла наўскос праз жыта сцежка з глыбокімі выезджанымі каляінамі; на высокіх калівах мятліцы пааставалася рудаватая каламазь. Нехта ўжо зажынаў жыта: на рагу вузкага загона быў выкладзены з двух жменяў і прысыпаны зямлёю крыж. З сырога мэндля куры здзёўбвалі нізкія каласы.
У браме стаяла, закрываючыся рукою ад сонца, гаспадыня, старая кабета з нейкаю выцвілаю анучаю на галаве — некалі, мусі, была суконная хустка.
На жардзяным плоце вяў пусты гарбузовы цвет.
— Дзень добры! — павіталася маладзіца і папусціла вяроўку — карова нагнулася да пераспелае, з рудаватымі галоўкамі дзяцеліны.
Старая адняла ад вачэй руку,— твар яе быў зрысаваны маршчынамі, каля ніжняй губы на бародаўцы закручваўся сівы волас,— і нічога не сказала.
— Ці можна ў вас напіцца? — спытала маладзіца, углядаючыся на падворак — там быў калодзеж: на накрыўцы стаяла бляшанае са шрубаю на вочапе вядро, прывязанае да корбы тэлефонным дротам.
Гаспадыня павярнула галаву, настаўляючы вуха, і напаследак азвалася:
— Дзеткі, а чаму ж не...— голас у яе быў шурпаты. Яна адчыніла брамку і пайшла пад хату. 3-пад доўгае спадніцы мільгалі яе жоўта-зялёныя пяты.
— То чэрпайце, а я хіба конаўку прынясу,— сказала старая, адмыкаючы дзверы.
Карова чмыхнула, закруціла галавою і, вырваўшы з рук у маладзіцы вяроўку, пабегла да калодзежа. За пысаю ў яе цягнулася сліна, на дне карыта, што стаяла каля калодзежа, зелянеў астатак цёплае вады.
Карова ткнулася пысаю ў карыта, і па горле ў яе пабеглі круглыя камякі.
— Ой, якая ты нецярплівая! — маладзіца адкрыла накрыўку і пусціла ў халодную цемень вядро: мільгаючы выслізганаю жалезнаю ручкаю, загрукацела корба.
Маладзіца выкруціла вядро і паставіла на край трубы: у калодзеж, разліваючыся, пляскалася з халодным звонам вада. Маладзіца нагнулася і, трымаючы абедзвюма рукамі вядро, злавіла сухімі губамі яго халодны край. Вада цвёрдым холадам апякала грудзі. Смага счахла, толькі вострым болем шчымелі зубы.