Маладзіца азірнулася ў акно: за жытам на грудку ўставала белаватая хмарка, яна ўсё расцягвалася, і раптам, бліснуўшы вокнамі, паказалася бязносая нямецкая машына. Пыл разбэрсанымі клубкамі каціўся назад — клубкі распаўзаліся, растаючы над жытам.
Маладзіца прыціснулася лобам да шкла.
Перад паваротам на хутар машына сцішыла ход і, як нешта жывое, страшнае, абнюхала сцежку і скіравала на яе.
Старая, засопшыся, з пустою даёнкаю вярнулася ў хату:
— Едуць сюды, няхай крые бог, немцы.
Дзеці кінуліся да акна. Каля брамы машына загула з перабоямі — у хаце задрыжалі сцены.
— Гэта ж не немцы, а бобікі,— сказаў большы, стоячы з каленьмі на лаве.
— Ціха ты! — штурханула яго маладзіца.
З машыны выскачыў сухарлявы, з кароценькімі натапыранымі валасамі паліцыянт — пілотка ў яго была засунута за рэмень — і адчыніў браму. Машына тузанулася і паехала на падворак, чмыхнула чорным дымам і стала ля калодзежа.
— Ах, божа, ці не Іван прыехаў! — жмурачыся, старая ўцікоўвалася ў акно.
З кабіны вылез яшчэ адзін — дзябёлы, чарнамазы.
Рот у маладзіцы раскрыўся, і твар застыў не то ад дзіва, не то ад страху. Няўжо гэта ён, яе муж? Маладзіца ўсё гэтак пільна глядзела на чарнамазага. Як ён змяніўся за тры гады — пастарэў, асунуўся, і яму саўсім не ідзе пілотка: у яго робіцца надта доўгім нос.
— Гляньце, гэта во той, што мужыка хацеў застрэліць,— скоранька зашаптала старая.
Маладзіца тарганулася на лаве і адсунулася ад акна:
— Няўжо ён?..
— Ці ж я, дзеткі, не ведаю.
Маладзіца, як сама не свая, паднялася з лавы, але ўчула, што слабеюць ногі і ўсё халадзее і дрыжыць у грудзях, і села. Няўжо гэта праўда? Няўжо ён служыць у паліцыі і страляе людзей?.. Няўжо праўда? Няўжо яна не здурэла!.. Яна заплюшчыла вочы і ўчула, як цяжкая гарачыня з шумам хлынула ў галаву. I ёй убачылася, як усе яны, у чорным, гналі пазаўчора людзей, гналі ў тыя вялікія ямы за вакзалам, дзе некалі капалі гліну... Яна якраз выйшла з хаты,— толькі зашарэла на дзень,— і можа з гадзіну прастаяла, стаіўшыся за плотам; у ямах пачалі глухавата, без ляску, усё роўна, як пад зямлёю, страляць, а потым нехта нема крычаў — і яна не вытрывала гэтага енку, уцякла ў хату.
Маладзіца зноў сабралася ўстаць з лавы: але нейкая здранцвеласць і слабасць наваліліся на яе. Божа, як ён трапіў у паліцыю? Чаму ніколі не паказваўся дадому? Няўжо праўда, што ён прыстае да кабеты?.. Няўжо ён такі гадкі?.. Яму наўме другія, а яна, дурная, чакала яго дадому...
Першым у хату ўвайшоў сухарлявы — аглядаючы маладзіцу і дзяцей, паставіў на стол бутэльку, за горлачка выцягнуў з кішэні другую. Услед за ім, прыціскаючы да жывата кансервы, усунуўся чарнамазы і раптам прыстакнуў каля парога, сумеўшыся,— бляшанка кансерваў грукнулася на падлогу і пакацілася пад лаву.
— А ты чаго тут? — ён насупіўся і ледзьве пашавяліў губамі.
— Таго, чаго і ты,— маладзіца глядзела недзе сабе пад ногі і не падняла галавы.
Ён хмыкнуў, крыва ўсміхнуўшыся, нагнуўся, каб падняць бляшанку кансерваў, і сказаў сухарляваму:
— Гэта ж во — мая жонка.
— Можа і дзеці твае? — зарагатаў сухарлявы.
— Клопат вам — дзеці,— старая падышла да стала і згрэбла ў далонь крошкі.
— Тваё дзела — старана. Не кукуй! — сухарлявы пакасіўся на маці і паставіў на стол другую бутэльку.
— Я ўжо адкукавала сваё... Пара і свой розум нажыць,— старая тыцнулася да дзвярэй, але вярнулася, узяла даёнку і выйшла з хаты.
— Цётачка, я сама падаю,— маладзіца паднялася з лавы.
— А ты куды? — чарнамазы вылажыў кансервы на стол і заступіў ёй дарогу.— I расказаць не хочаш, як жыла?..
— А хіба цябе абыходзіць,— маладзіца ўчула, што ў яе знайшлася сіла, мусіць, ад злосці.
— Во і сын, відаць, забыўся, што ў яго бацька ёсць? — ён паверх яе галавы глядзеў на дзяцей.— А гэта чый яшчэ?
— Мой.
— Як?
— Знайшла.
— Можа дзе якога жыдка?
— А табе што?
— Можа, прыйдзецца ўцякаць — нашто чужое дзіця...
Дзеці, стаіўшыся, глядзелі на яго, большы зыркаў з-пад ілба і хаваў вочы — саромеўся: пэўна, пазнаваў бацьку.
— Куды і нашто мне ўцякаць? — спытала яна і падняла галаву: вочы ў яго былі чырванаватыя і асалавелыя, твар нездароўчы, азызлаваты. «Ён тут п’е, прыстае да другіх... I, можа, сёння ехаў да тае...» — падумалася ёй.
— А ты думаеш, мне даруюць? — ад яго пахла едкім, усё роўна як авечым, потам і перагарам.