Выбрать главу

— Заходзьце! — крыкнуў я, злуючыся, што гэты харкаўскі інжынер выб’е мяне са сну.

Дзверы адчыніліся, і паказалася прысадзістая, гадоў недзе дваццаць сем маладзіца, спярша нават сумеўшыся, што ўбачыла мяне ў ложку, і прыстакнуўшы ў парозе.

— Ой, выбачайце, я не ведала, што вы спіцё,— і на твары ў яе плямамі выступіла чырвань. На ёй быў лёгенькі карычневы халацік у белыя кветкі, што пасаваў да яе загарэлых і голых да пляча рук, да яе маладжавага твару і белых, коратка падстрыжаных, але высока начэсаных валасоў.

Мне ўспомнілася, што я недзе, здаецца, бачыў яе — ці не ўчарашнім вечарам, калі разышоўся спорны дождж і пазаганяў усіх на ганак санаторыі.

— Іван Мікалаевіч (гэтак называлі таго харкаўскага інжынера) просіць, каб вы прыйшлі да яго,— загаварыла яна, стоячы ў парозе і не ідучы далей у палату.

Мне было таксама брыдка перад ёю, што ляжу на ложку, але ўстаць я не мог — быў раздзеты.

— Добра, я прыйду, тым болей, калі кліча такая дзяўчына,— і я сказаў, здаецца, яшчэ нешта банальнае, як заўсёды гавораць людзі, не знайшоўшыся, што сказаць.

Яна адступілася за парог і зачыніла дзверы. Скоранька апрануўшыся, я спусціўся на другі паверх і зайшоў у палату, што была якраз пад маёю,— тут жыў харкаўскі інжынер.

— Знаёмцеся,— сказаў ён, няўзнак падморгваючы мне.

Я пакланіўся, назваўшы сваё імя, і сеў на слабоднае крэсла напроці чарнявае сытае кабеты з кароткімі поўнымі рукамі. З левага боку ад мяне сядзела гэтая самая дзяўчына ў карычневым халаціку, з-пад якога былі відаць яе маладыя круглыя калені. Імя яе я спярша не разабраў, але калі мы пачалі гуляць у карты, ужо чуў, што сытая кабета з кароткімі рукамі называла яе Кеня. Імя такое я чуў першы раз, і для мяне яно было нязвыклае. Потым ужо дазнаўся, што яно перароблена з самага простага — Аксеня.

Словам, мы пачалі гуляць у карты. Маёй партнёршай была гэтая кабета з кароткімі поўнымі рукамі. Мы гулялі ў «дурня», і мне невядома чаму вязло, картавалі харкаўскі інжынер і Кеня. I гэта ўсім абрыдла. Інжынер дастаў з тумбачкі бутэльку «Гарылкі», гэтай самай украінскай, што прадавалася ў «цешчы» з вялікай нацэнкай. Шклянкі ў палаце знайшліся толькі дзве, і мы пілі па калейцы: спярша — жанчыны, потым я з інжынерам. Кеня неяк скора разружавелася і пачала смяяцца, а чарнявая поўная кабета ўсё саромелася, вочы яе асалавелі і хацелі спаць.

— Ідзём на мора,— сказала раптам Кеня,— я ведаю месца, дзе нікога няма.

— А што, сходзім,— падхапіўся інжынер — ён быў даволен. Кабеты пабеглі недзе, мусіць, да сябе ў палаты, каб пераадзецца.

— Табе, Віктар, пэўна, не цікава, але дзеля мяне...— гаварыў ён, прыбіраючы са стала.

Я нехаця, але згадзіўся.

Месца тое і праўда было зацішнае — стромы бераг, унізе каля самага мора вострыя жаўтаватыя каменні, па якіх скакалі два цыбатыя, у выцвілых плаўках, хлопчыкі. За гэтымі каменнямі быў невялікі пляжык — якраз напроці двух вялікіх валуноў, што ляжалі ў вадзе, як нешта вялікае, жывое.

Мы памаленьку спусціліся з берага нейкаю сцежкаю, трымаючы адно аднаго за рукі, і пачалі распранацца. Я рассунуў зверху гарачую гальку і лёг недалёка ад гэтых вялікіх карычнявата-шэрых каменняў з белымі рагамі птушынага памёту. Вада плюхала на каменні, віравала між імі, ціха набягаючы на спаховы бераг, і сцякала, адкочвалася назад, цягнучы за сабою круглыя каменьчыкі — яны шоргалі, нібыта хто іх падварушваў шуфлем. Далей ад берага мора было лянівае. На ім толькі блішчала, пералівалася разарванае сонца. Далёка за чырвонымі буямі памаленьку сунуўся белы, здаецца, сёння пафарбованы, параход. За ім сыходзілася неба з вадою — і было не разабраць, дзе канчаецца мора, а дзе пачынаецца неба: там была сіваватая смуга, і на душы рабілася смутна і лёгка, калі доўга глядзіш туды.

Кеня расшпіліла і зняла з сябе свой карычневы халацік, застаўшыся ў чорным купальніку з дзвюма доўгімі белымі палоскамі, і пайшла да вады, не скідаючы з ног басаножкі. Было ў яе хадзе нешта лёгкае, маладое. Яна нацягнула на галаву гумовую шапачку, неяк раптам пабрыдчэўшы, скінула басаножкі і палезла ў ваду. Распрануўся і кінуўся туды з чырвонаю апечанаю спіною і чырвонымі апечанымі лыткамі харкаўскі інжынер. А я застаўся тут, на беразе, з гэтаю паўнаватаю кабетаю, што дастала з белае цыратовае сумкі выцвілую санаторскую капу і, не скідаючы з сябе сукенкі, лягла блізенька ад вады. Мы, здаецца, пра нешта гаварылі. Кабета перабірала каменьчыкі і кідала ў мора.

Вярнулася Кеня. Вада з купальніка цякла па яе гладкіх маладых нагах. Яна глыбока дыхала — падымаліся яе вострыя грудзі. Сцягнуўшы з галавы гумовую шапачку і пахарашэўшы зноў, яна лягла жыватом на гарачую гальку. Я бачыў яе маладую шыю, карычневую бародавачку з боку ад вуха, мокрую кудзерку валасоў на патыліцы, што недзе вылезла з-пад шапачкі і намокла.