Выбрать главу

— Пачакай, Броня, я прысяду, не магу ісці. Слабасць, цямнее ў вачах,— ён сеў, ды нават не сеў, а неяк асунуўся на калені.— А ў Войны і кошыка не накапаў, я толькі ішоў цераз яго поле...— Марцін трохі падняў руку,— а ён во... біў прэнтам па галаве. Ці дажыву да раніцы. Дзяцей шкада, як жа ж яны без мяне?..

— Каб, можа, да доктара? — маці ўзяла яго пад пахі, зноў памагаючы ўстаць.

— Не, Броня, так ужо бог даў. Ой,— ён застагнаў, сагнуўся і ўжо не ішоў, а цягнуў, як нежывы, ногі.— Ды куды ж сярод ночы па таго доктара? Яны мо толькі і пільнуюць, ці пойдзем мальдаваць. А дзяцей, Бронечка, шкада...

У Марцінавай хаце не было агню. Сляпою цемнатою блішчэлі вокны — дзеці, мусіць, спалі.

Каля хаты Марцін трохі выпрастаўся. Маці памагла яму падняцца на парог. Ён узяўся рукою за клямку і ўваліўся ў чорную прорву сяней.

— Я ўжо сам... Ідзі, Броня, дадому,— ён нечым там грукнуў, мусіць, устаючы і шукаючы дзвярэй у хату.

...Цярэз паля мы беглі дадому. На ўсходзе між навалы хмар заяснелася неба — браўся ўсходзіць месяц. Весялела ноч. А на Марцінавым хутары пачалі брахаць сабакі, неяк усё гыркаючы, як там хто хадзіў і дражніўся. Зрабілася сцішна, і нуда брала за сэрца.

— Божачка, за што ж яны чалавека,— маці прыпынілася (яна, пэўна, усё думала пра Марціна) і ціха, нагінаючыся, гаварыла да мяне.

...Аўтобус я спыніў напроці вёскі. I ён зноў доўга вуркатаў, у маторы нешта скрыгала, як там церлася ржавае жалеза аб жалеза. А я адчуваў нейкую вінаватасць, што гэта праз мяне шафёр, той малады хлопец у стракатай шапцы, ніяк не можа ўключыць скорасць і недзе, мусіць, злуецца. У грудзях дрыжала, і трохі як слабелі, аднімаліся ногі — ці то з дарогі, ці то ад таго, што так скора і нечакана бачу сваю вёску — ужо як чужую і меншую. I зрабілася трохі непамысна, што зараз каго стрэну, а ён, вітаючыся, будзе трохі сарамяжыцца, як малое дзіця, чырванець, і будзе яму несамавіта перада мною, і мне самому зробіцца ніякавата, як бывае заўсёды, покуль не асвойтаешся з чалавекам. Я перамяніў у другую руку чамадан і борзда перайшоў чужыя падворкі — рады, што нікому не трапіў на вочы, і ўжо азірнуўся на шашу — аўтобус ціхенька і ўпарта пасунуўся, як вялікі жук, і зад яго падкідала на ямках. Я трохі паспакайнеў, сцішыўся; знайшлася весялосць, што я дома, што бачу сваю хату: з гэтага боку ад шашы — сені, якія некалі рабілі з бацькам. Спомнілася, як ачэсвалі дзеравіны, а перад гэтым прывязвалі да цвічкоў вяровачку, бацька шмараваў яе мелам, а потым адцягваў — вяровачка туга, ляскаючы, біла па акоранай жаўтаватай дзеравіне, і на ёй аставаўся роўны белы шнарок. Было дзіўна, што помніцца гэты шнарок, і ўзялася радасць, што чую, як недзе на вуліцы за гушчаром бэзу хрыплавата і нядужа пяе малады певень — мусіць, ужо наш, што бачу, як каля парога курыца дзяўбе гурок-насеннік, які, мусіць, прынесла з гародчыку.

У хаце быў бацька. Ён высунуўся з-за грубкі нейкі ўвесь зблажэлы, і я ўбачыў, што ён паменшаў і зрабіўся нейкі трохі сухі, што ў яго змянілася хада, калі ён ішоў да мяне вітацца, намацваючы нагамі падлогу, як ходзяць старыя, і неяк няўмела, растапырыўшы пальцы, падаў мне руку. I стала шкада, што старэе бацька.

— Вот трохі нездаровіцца, сынку,— бацька прысеў на ўслоне каля стала, сагнуўшыся, упёршыся рукамі ў калені.— Нага ўсё баліць...

— А дзе ж маці? — спытаў я, распранаючыся і пачапіўшы плашч на вешалцы, што была, як і некалі, між вокнаў.

— Гэта ж пайшла адспёўваць нябожчыка. Памёр Война.

— Клемус?

— Ага... Гаварыў, не ідзі, не свянціся ўжо з гэтым набажэнствам... Так не, кажа, грэх... Пайшла.

Касцёла ў нас няма даўно, і мацеру клікалі адспёўваць нябожчыкаў. Яна брала з-пад бэлькі сшытую чорнымі ніткамі без аднае акладкі "ксенжку для набажэньства" і нейкія старыя, з расхістанымі вушкамі акуляры — бог ведае, як яны знайшліся ў нас,— і ішла.

I было трохі нязвыкла, што маці яшчэ ходзіць адспёўваць нябожчыкаў, і адначасна дзіўна, што сціраецца след таго даўняга,— бо над сталом няма лямпы са шкляным магазынам, з паліванаю талеркаю-абажурам, у якой заўсёды падскокваў жаўтаваты-ясны язычок полымя, калі адчынялі ці зачынялі хату, прыстукнуўшы дзвярыма, а вісіць вялікая, мусіць, на сто ват, электрычная лямпачка, і на сцяне суха патрэсквае карычневая скрыначка-рэпрадуктар.

Потым зноў нагадалася даўнейшае, калі вярнулася маці і пачала трэсачкамі распальваць у печы, шоргаючы панівою па прыпеку, а потым засцілала стол вытканым "у каробачкі" абрусам, калі селі вячэраць і яна прыгубляла чарку, калацілася і пытала:

— Як жа ж людзі п’юць? Але праўду кажуць: кепска замуж, але йдуць, горка водка, але п’юць.

А ў хату, як і некалі, коса глядзела сонца, востры слупок адным ражком даставаў аж да ложка, а за акном, у гародчыку, на бэзе скакала шэра-карычневатая пташачка з жаўтаватым воллем, і сухі вецер варушыў на бярэзіне доўгае вецце, нібы хто браў яго спаднізу рукою і паднімаў угору.