— Прыйдзем на месца, усё раскажу.
Аляксандр апрануў шынель i выйшаў з хаты. Следам за ім падаліся Сымон з Амяльянам...
Маладзік хаваўся за густымі аблокамі i ніяк не мог прабіцца праз ix. Ноч была шаравата-сіняя. Снег іскрыўся на сумётах. Абапал расслізганай палазамі дарогі сінелі прыцярушаныя інеем прысады. Людзі пад высокім небам сярод прастораў белых палёў здаваліся маленькімі i мітуслівымі. Вакол было ціха-ціха. Але недзе за аб'інелымі лясамі, за марознай емугою ночы напэўна ўжо лязгалі колы браніраванай пачвары, у цёмных вагонах сядзелі салдаты ў канфедэратках i шынялях з ангельскага сукна. Куды i чаго ix гнала? Яны ніколі не бачылі тых людзей, якія жывуць на гэтай зямлі, якія прагнуць свабоды, хочуць быць гаспадарамі свайго лесу. За што ў ix павінны страляць салдаты?
Не, яны i сёння сюды не прыйдуць, не павінны прыйсці. Аляксандр сцёбае ляйчынаю сівага коніка, рыпяць палазы, з-пад капытоў вырываецца снежная крошка.
Спыніліся ў лагчыне каля маладога хвойніку. Лейцы прывязалі за сук, падкінулі каню абярэмак сена, a самі палезлі на круты насып. Рэйкі цьмяна пабліскваюць, відаць, пачынаюць іржавець, бо цягнікі ходзяць рэдка. Ды i дзіўна, як яны яшчэ ходзяць наогул! Гаспадара чыгункі пакуль што няма. Толькі часам мяшэчнікі вязуць свае клуначкі солі i васьмушкі махоркі, каб абмяняць на бульбу i крупы. Ды вось ачмурэлы генерал гоніць сваіх «жалнежаў» на непакорлівых рудабельскіх мужыкоў.
А яны сапраўды непакорлівыя, ласкавыя ў любові i бязлітасныя ў нянавісці. Бо ўпершыню мужык адчуў, што ён чалавек, што ён сам можа выбраць сабе дарогу. Ён прагаласаваў за «мір народам», за «зямлю сялянам», за ўладу людзей, чые рукі ў мазалях, чые спіны спаласаваны бізунамі i густа пасолены потам. «Чаго вам хочацца, Панове? Чаго? Не чапайце нас, не гнявіце! Бо самы добры чалавек, калі ён у гневе,— бывае страшны. A ў душы мы мяккія i чулыя: перапёлчына гняздо ўбачым у траве i абкошваем яго. Але любы з нас раздзярэ пашчу кручанаму воўку i не пашкадуе таго, хто першы падняў меч. Куды вы лезеце, паны? Броні такой, як у нас, яшчэ свет не бачыў. А вы цягнік пасылаеце! Куды ён дойдзе? Ці падумалі вы?» — разважаў Салавей. A калі спыніліся, запытаў:
— Ну, што будзем рабіць, хлопцы?
Над замеценымі снегам берагамі нешырокай ракі выгнуўся мост на прысадзістых палях. Нічога не гаворачы, Сымон закруціўся ў світу i пa сыпкім снезе з'ехаў пад мост, Амяльян следам пусціў пілу i ссунуўся сам.
Зашоргала, завішчала піла па настылым дрэве.
Аляксандр стуліўся за альховым заінелым кустом i пачаў углядацца ўдалечыню: нідзе ні агеньчыка, ні жывое душы, толькі чуваць, як шастае піла i сапуць пад мостам хлопцы.
— Можа, каторага падмяніць? — спытаў Салавей.
— Ты пазірай, камандзір, а што якое — свісні,— азваліся пад мастом хлопцы.
Калі падрэзалі ўсе палі, увагрэтыя, вылезлі на мост.
— От i ўсяго страху,— сказаў Амяльян.— Але ж i заціскала, не пацягнуць. Мусілі па два рэзы рабіць.
— Развод малаваты,— растлумачыў Вежавец.— Прымай работу, таварыш старшыня.
— Ранічкаю легіянеры прымуць. А пакуль што дзякую вам ад рэўкома i ад Савецкай уласці вабчэ.
Калі вярнуліся ў вёску, Сымон сказаў Салаўю:
— Мы не толькі пілаваць умеем, таварыш старшыня, a i страляць мажэм. Вазьміце нас у свой атрад.
— А з чаго страляць будзеце?
— Такія сякія ламакі знойдуцца, там мо i чаго лепшага расстараемся.
Пад раніцу рудабельскі атрад раскінуўся ў кустах каля берага рачулкі. Салавей загадаў стаіцца, каб i духу не чутна было, страляць толькі па камандзе.
На марозе час цягнецца марудна: мерзнуць калені, заходзяцца рукі i ногі. Але нічога не зробіш, трэба цішком ляжаць i маўчаць. Усе ўглядаюцца ў цёмную сцяну лесу, прыслухоўваюцца, ці не гудуць рэйкі.
Цішыня.
Салавей ляжыць на левым фланзе, Драпеза — на правым. Абодва думаюць, чым усё гэта скончыцца. Калі легіянеры не заўважаць пасткі, цягнік узыдзе на мост. Ox i грукату ж будзе! Палезуць браніраваныя вагоны адзін на адзін, заскуголіць жалеза аб жалеза. Ламаючы парэнчы, рэйкі i апоры, усё паляціць пад лёд. Шкода толькі машыністаў... A калі агледзяцца? Прыйдзецца біцца. Можа, нехта загіне з гэтых хлопцаў, некага параніць. А тут i кавалка бінта няма. Неяк не дадумалі.
Але што гэта? Над лесам узвіўся дымок. Ён большае i набліжаецца. Зазвінелі рэйкі, чуваць прыглушаны адлегласцю гул. Усе без каманды ўзяліся за вінтоўкі, карабіны i стрэльбы, прытаіліся.
З лесу павольна выпаўзае нешта няўклюднае i шэрае. Дым вырываецца недзе з сярэдзіны саставу i адплывае белым воблачкам. Наперадзе сунецца металічная скрыня з дахам, як века дамавіны. Відаць байніцы i шчыліны. Праз ix, напэўна, углядаюцца чыесьці вочы.