— I трэба ж было табе вытыркацца? А каб у голаў?.. Пацярпі, Дзяніска, фершал зробіць, каб не балела,— суцяшала яна Макевіча.— Але ж затое от дык далі ягамосцям, што i дзесятаму закажуць.
— Анупрэй добра ўрэзаў з кулямёта, яны так i пасыпаліся,— успаміналі партызаны нядаўні бой.
— А шкода: маладзенькія ўсе, дурненькія i недзе маткі чакаюць,— уздыхнула Параска.
— Паглядзела б, як бы яны цябе пашкадавалі,— стогнучы, бурчэў Дзяніс.
Пасля бою партызаны не разыходзіліся з воласці — сядзелі ў зборні, курылі i гаманілі.
— Максім як пальнуў, гэты афіцэрык так i звіўся.
— Каторы Максім? — дапытваўся Цярэшка, не выпускаючы з рук доўгай стрэльбы. Світка падпяразана брызентавым паляўнічым патранташам, шапка заліхвацкі збіта на в уха.
— А ты, дзед, ці не соллю толькі страляў,— пакепліваў высокі, як шула, i заўсёды спакойны Максім Ус.— Я к усмаліш, гляджу — панкі толькі клубамі круцяць ды на той бок уцякаюць.
Усе зарагаталі. Але Цярэшка не разгубіўся.
— Гэта яны ад страху, a ў мяне па дзве дранкулькі ў кожным патроне. Як урэжу, так з капытоў далоў. Скажы ты мне, Максіме, хто гэта з таго боку бонбы на мост кідаў? Куды яны дзеліся, тыя людзі?
— Усё будзеш ведаць, хутка пастарэеш.— Ус павярнуўся i пайшоў у бакоўку да Салаўя.
У цесным пакойчыку на лаўках, на сталах i падваконні сядзелі камандзіры атрадаў i рэўкомаўцы.
— Яшчэ адзін такі бой, а там прыйдзецца адбівацца каменнямі i доўбнямі,— гаварыў Аляксандр.—
Патронаў мала, вінтовак на ўсіх не хапае. Што будзем рабіць, хлопцы?
— Каб расстарацца хоць бы яшчэ пару кулямётаў i скрынак пяць патронаў,— пачаў Драпеза.
— Можа, пазычыць у пана Доўбар-Мусніцкага? — сур'ёзна запытаў Максім Ляўкоў. Ён i жартаваў не ўсміхаючыся.
— Смех смехам, а з Бабруйскам звязацца трэба. Павятовы камітэт хоць i ў падполлі, а паможа.— Салавей чакаў, што скажуць рэўкомаўцы.
Дзверы адчыніліся, i з дзвюма вялікімі торбамі, перакінутымі цераз плячо, увайшоў Іван Мазалеўскі, яшчэ болей зарослы i разбрынялы. Ён скінуў каля дзвярэй клункі, з усімі павітаўся, сеў на краёчку лавы, дастаў бляшаную маслёнку з-пад ружэйнага масла, адкруціў вечка, натрое накрышанага самасаду i закурыў. Усе моўчкі глядзелі на яго.
— Жаліцца прыйшоў, таварыш Салавей,— пачаў глускі шавец.— Самі тут ваюеце, а я шэршняў абшываю, чаравічкі з высокімі халяўкамі шляхцянкам падганяю. Хіба ж я дзеля таго ішоў еюды?
— О, дык гэта ніштаватая работа, абы халяўкі даўжэйшыя былі,— пажартаваў Нічыпар Званковіч.
Хлопцы пырснулі смехам. Быццам не было нядаўняга бою з легіянерамі, быццам не па ix стралялі з карабінаў. Салавей падняўся з-за стала.
— Тут толькі свае, усе бальшавікі,— камандзіры i члены рэўкома. Так што можаш не апасацца. Расказвай, што там на хутарах. А наваявацца яшчэ паспееш.
Мазалеўскі шчыльней прычыніў дзверы, падумаў, як лепш пачаць.
— Лічы, уся засцянковая шляхта —бандзюкі. Добра, што хеўра Казіка Ермаліцкага не стукнула вам па патыліцы. Відаць, сюды патыкацца яшчэ не адважваюцца, a ў Ляскавічах разагналі рэўком, старшыню Анікея Ходку застрэлілі каля воласці. Шчасце яшчэ, што жонка з дзецьмі схавалася, дык яны, гады, хату спалілі.
Усе панура слухалі сумныя навіны партызанскага разведчыка. Ён доўга жыў у кулацкіх засценках. Пераходзіў з хутара на хутар, шыў боты, падбіваў падноскі, спаў у закутках за печчу, моўчкі сёрбаў зацірку на сваім варштаце. Што б ні гаварылі, ён прыкідваўся глухім.
«Што? Га? — перапытваў.— Гаварыце мацней, нічога не чую». I яму крычалі ў самае вуха. Тады ён ківаў галавою, часам усміхаўся, нібы ад радасці, што пачуў, зноў набіраў губамі бярозавыя шпількі i жалезныя цвічкі i маўчаў. Шляхцянкі пакеплівалі з яго. Скажа каторая: «Іван, ідзі есці»,— а ён i не зварухнецца, ляскае сабе малатком, шмаруе варам дратву i вухам не вядзе. «От глухі цецярук»,— кпілі з яго.
A Іван лавіў кожнае слова, кожны гук, прыслухоўваўся i прыглядаўся, што рабілася на двары, у сенцах i ў клеці. Ноччу хроп i мармытаў «у сне», але чуў, пра што шэпчуцца гаспадары ў каморы, па ціхім стуку ў шыбіну пазнаваў начных гасцей.
Яны прыязджалі па авёс, забіралі абрэзы, тупалі i гаманілі ў сенцах, пілі самагонку. Гаспадар, ківаючы на запечча, супакойваў ix: «Не бойцеся. Глухі, як пень. От дашые боты i — з богам...»
З тыдзень абшываў Іван Андрэя Ермаліцкага. I не сам хадзіў набівацца — людзі нараілі гаспадару добрага шаўца, што зграбна шые i дзешава бярэ. Наказаў Андрэй, каб прыходзіў на ягоны хутар. Іван i пайшоў.