— Дык што ж гэта будзе, Ляксандра, га? Няўжо пад ярманцам жыць прыйдзецца? Гэта ж нейкае боскае насланнё на нашу галаву. I што ім тут трэба? Чаго ix нясе нячыстая? — завойкала Кандраціха.
— Калі ўсе возьмемся дружна, i ад германца адаб'ёмся, цётка.
— Як жа ты адаб'ешся, калі ў яго сіла — арудзіі ды пілямёты, a ў нас што? Сахары ды дзедаўскія бярданкі. Ой, хлопчыкі, страшна мне за вас. Багародзіца, матка боская, заступіся i памілуй... — пачала хрысціцца старая.
— Ніхто не заступіцца, цётухна, i не памілуе, калі самі сябе не абаронім.
Салавей устаў, падзякаваў за вячэру i пачаў збірацца. Ён цяпер бачыў, што тут начаваць яму няма дзе i не хацеў замінаць маладым.
— Аставайцеся ў нас, таварыш старшыня, як-небудзь умесцімся,— не вельмі настойліва запрашаў Іван. Але Салавей сказаў, што яму яшчэ трэба зайсці да Пракопа, развітаўся i выйшаў.
Гэля з Іванам доўга сядзелі на лаўцы, шапталіся ды мілаваліся, a калі змарыў сон, яна палезла на печ да старой, a Іван да раніцы круціўся на палацях: думKi сляпіцамі лезлі адна за адною i не давалі заснуць.
Яшчэ не вывіднела, а Гэля ўжо сабралася ў дарогу. На прыпеку старая ўсмажыла яечню, наліла кубачак сырадою, паклала акрайчык хлеба i ўсё ўпрошвала, каб хаця ела. A калі дзеўчына ўзялася за клямку, прытулілася да яе i заплакала.
— Куды ж ты, мая ясачка, пойдзеш? А дай жа вам, божачка, здароўя, шчасцейка i доўгага веку. Шануй же сябе, дачушка, каб не прастыла бронь божа.
Іван, у шапцы i паўкажушку, стаяў маркотны. Ён не хацеў адпускаць Гэлю, але i трымаць не было як: дачуецца i тут жа прыляціць Андрэй, тады бяды не абярэшся. Звязе на хутар i ніывасілам выпра за якоганебудзь гугнявага шаршнюка. Хай лепей яшчэ пажыве ў Харомцах.
Яны разам выйшлі за дзверы i расталі ў перадсвітальным змроку.
У Рудабелцы быў рэўком, была Савецкая ўлада, а за Пцічою абдзіралі мужыкоў легіянеры i салдаты кайзера Вільгельма. У Ляскавічах i ў Загаллі пілі, рабавалі i здзекаваліся з людзей шляхецкія банды.
Жыць адрэзанымі ад свету болей не было як. Патрэбны былі парада, падтрымка, a галоўнае — зброя i патроны. Дзе ix шукаць? З кім параіцца, што рабіць далей? А ёсць жа павятовы камітэт бальшавікоў. Трэба дабрацца да Бабруйска, адшукаць Платона Фёдаравіча.
Салавей успомніў пра чайную, ракаў i пра тры шклянкі чаю без сахарыны. Параіўся з Пракопам Малаковічам i Максімам Ляўковым.
— Трэба ехаць,— сказаў Максім,— без дапамогі нам доўга не пратрымацца.
Ехаць выпала Салаўю з Анупрэем Драпезам.
Дарогі расквасіла ранняя вясна. У лагчыне стаялі лужыны каламутнае вады. Ночы шклілі ix тонкім лядком, пад нагамі пахруствала храпа i шамацела леташняе лісце. Да Ратміравіч Аляксандр з Анупрэем дабраліся пехатою. На Салаўю была доўгая, падпяразаная вераўчынаю світа, старая бацькава шапка, на нагах — маршчакі з суконкамі, a ў руках пуга: калі хто стрэнецца i спытае, адказ быў гатовы: «Ці не бачылі часам буланага каня з лысінаю?» Анупрэй жа павінен быў казаць, што едзе ў бальніцу да бацькі. У яго i торбачка была за плячыма, нібыта з харчамі для хворага.
На станцыю прыйшлі ноччу i адразу згубіліея сярод пасажыраў, што спалі на лаўках i на падлозе. Тут ужо не страшна: ніякіх дакументаў ні ў кога не было, a калі спытаюць, хто i адкуль, можна казаць усё, што захочаш. На станцыі хлопцы ўпершыню ўбачылі новых акупантаў. У няроўным, мітуслівым святле закуранага станцыйнага ліхтара па мокрых маснічынах перона тупаў стары цыбаты немец. Бусы закручаныя, як у кайзера Вільгельма, на галаве каска з двума казыркамі i вострым шышаком на макаўцы, наперадзе — вялікі распластаны арол. Кароткі мышасты шынель гарбаціцца на спіне, гулка тупаюць падбітыя тоўстымі цвікамі падэшвы. Немец здаваўся вялізным граком, што прыляцеў на чужое поле i дыбае ў адзіноце.
Заімжыў дробны веснавы дождж, папаўзлі па глыбах доўгія крывыя пісягі. Стары немец знік з перона, відаць, недзе схаваўся ад дажджу.
Салавей сядзеў з прыплюшчанымі вачамі, але не прапускаў ніводнага руху i ніводнага слова. Слых i зрок былі асабліва вострыя, a ў галаве, нібы туга заведзены гадзіннік, таропка стукалі i абганялі адна адну думкі. Ён думаў пра ўсё, аб чым не хапала часу падумаць дома: чаму падпісалі Брэсцкі мір i пусцілі немцаў, куды пераехала камандаванне Заходнім фронтам, што адбываецца ў свеце i як бараніцца ім, рудабельскім камуністам i партызанам, ужо не толькі ад мяцежнага белапольскага корпуса, a i ад рэгулярнай узброенай i добра вымуштраванай арміі кайзера, каго яны знойдуць у Бабруйску, што ім параяць i чым дапамогуць.