Зноў загаварыў немец. Барон толькі ківаў галавою. Калі камендант спыніўся, пачаў адразу перакладаць:
— Расія Германскай імперыі вінна вялікую кантрыбуцыю. Бальшавіцкія галадранцы плаціць не маюць чым. Таму кожны сялянскі двор павінен здаваць нямецкай арміі хлеб, масла, сала, мёд, лён. Дадам ад сябе: хто паслухаўся бунтаўшчыкоў i забраў хоць адну парушынку з майго маёнтка, павінен усё вярнуць на месца. Чуеце? Заўтра ж! Хто не выканае, няхай яго дзеці праклінаюць бацьку за тое, што асіраціў ix.
Камендант нецярпліва зірнуў на пана, паляпаў па руцэ стэкам i загаварыў зноў.
— Усе распараджэнні нямецкага камандавання,— перакладаў барон,— будуць перадавацца праз валаснога старасту. Ім будзе ваш чалавек, які не знюхаўся з бальшавікамі, у якога вялікая сям'я i ёсць свая зямля.
— Міхала Званковіча,— шапнула Параска Мікодыму Гошку, а той, не варушачы губамі, пераказаў суседу.
— Ноччу хадзіць сурова забараняецца, пераходзіць з вёскі ў вёску можна толькі па спецыяльным пропуску, выдадзеным нямецкай камендатурай i воласцю. Дык хто варты быць старастам? — запытаў барон.
Нехта ззаду выгукнуў:
— Міхал Званковіч няхай будзе!
— Але ж, чалавек самастаяцельны,— падтрымалі.
— I футар мае добры.
Барон пашаптаўся з упраўляхочым. Той паціснуў плячыма i развёў рукамі.
— А можа, хто больш варты? — запытаў пан.
— Лепшых у нас няма. Няхай Міхал будзе,— загуў пракураным басам Мікодым, а за ім i ўвесь невялікі натоўп.
Так i абралі Міхала Званковіча старастам. A людзі разыходзіліся панурыя i змрочныя.
Маладыя i старыя, хто з кошыкам, хто з лубянай каробкаю, хто з аброццю за плячыма, з Карпілаўкі, Рудні, Кавалёў i Лаўстыкаў ішлі ляснымі сцежкамі, прабіраліся хмызнякамі i балацінамі на Зайдаў хутар. На ўзлессі была невялікая палянка, зарослая пабялелым ціпцам i званцом. Сюды i сыходзіліся «грыбнікі» i «ягаднікі». Садзіліся купкамі, курылі пякельны самасад, перакусвалі i паціху гаманілі. Калі сабралася чалавек семдзесят, з хаты, што стаяла на самым узлессі, выйшлі рэўкомаўцы i з імі нейкі незнаемы малады хлапец у сіняй сацінавай кашулі, саматканых штанах i залатаных ботах. Хоць i апрануты па-тутэйшаму, але ніхто яго не ведаў.
За паўвярсты, а дзе i за вярсту ад хутара Анупрэй Драпеза расставіў варту. Калі ў круг выйшлі Салавей, Ляўкоў, Пракоп Малаковіч i той незнаемы хлапец, усе прыціхлі. Салавей зняў шапку.
— Таварышы! — пачаў ён.— Рэўком сабраў вас сюды, каб пакуль што не вельмі настыраліся з немцамі i не пралівалі дарэмна людское крыві. Людзі нам яшчэ спатрэбяцца для наступных баёў. А Савецкая ўласць была, ёсць i будзе. У рэўком вы выбралі невялікіх паноў, не конча нам сядзець за сталамі, можна i за пнём вырашыць усе нашы справы. Выбралі вы валаснога старасту. А раз выбралі, дык слухайцеся яго. Міхал Званковіч шкоды вам не зробіць. Так я кажу, мужчыны?
— Не, бронь божа!
— Дзе ты бачыў, каб такі чалавек... — загулі ў адказ мужчыны.
— Ведалі, каго выбіралі,— падміргнуў Салаўю Мікодым Гошка.
— Значыць, што Міхал загадае, трэба сполніць. А то расшалопаюць немцы, што людзі старасту не слухаюць, i паставяць замест яго якога-небудзь шляхцюка ці эсэра.
— I то праўда,— выгукнуў стары Цярэшка,— барані божа, шэршань уссядзе, дык з-пад яго не вылужышся. Няхай лепш будзе свой чалавек.
— А цяпер, мужчыны, вам нешта хоча сказаць старшыня павятовага рэўкома таварыш Ра... таварыш Раеўскі. Toe, што ён скажа, запомніце, а што ён быў тут — забудзьцеся.
Хлопец у сацінавай кашулі стаў побач з Салаўём i таксама зняў шапку. Шырока расстаўленыя вочы пад густымі брывамі лагодна свяціліся, на галаве тырчалі коратка падстрыжаныя чорныя валасы.
— Таварышы рудабельцы! Той, хто думае, што немцы тут будуць вечна, памыляецца. Савецкая ўлада была вымушана заключыць у Брэсце мір з германцамі, каб спыніць вайну, сабрацца з сіламі i турнуць ix так, каб i смуроду не было. Раз ix пусцілі, дык трохі пацернім i паглядзім, чаго яны вартыя. А забудудца, што ў гасцях, дадзім ім так, што свае блішчастыя спічакі разам з галовамі пагубляюць.
Тут сабраліся бальшавікі-парцейцы i чырвоныя партызаны, дык ад вас ніякіх сакрэтаў няма. Акупанты акупантамі. Яны — як трэскі на вадзе, пабоўтаюцца, i рака ix выкіне, а Савецкая ўлада жыве скрозь — у Маскве i ў Петраградзе, у Смаленску i ў Бабруйску, i тут, у Рудабелцы. Рэўком часова пайшоў у падполле, каб сабраць болей сілы, лепей узброіцца i ў любы час быць гатовым ударыць па ворагу. З воласці вы не павінны выпусціць ніводнага зярняці.