Як добра змерклася, госці разыходзіліся па адным. А маладых Кандраціха павяла спаць у свіронак, бо ў хаце было цесна i людна.
A назаўтра ранічкою каля Кандратавага двара спыніўся сівы стаеннік у яблыкі, i з лёгкай каламажкі злез каржакаваты i злосны Андрэй Ермаліцкі. Ён паляпаў у маленькую шыбіну пугаўём:
— Гэй, хто там е?
З сянец выйшаў босы Кандрат у залатаных зрэбніках.
— Ці не прыбілася да цябе мая блудная авечка? Свет аб'ехаў. Кажуць, тут яна.
— Авечак нямашака, а нявестку бог даў.
— Бог яму даў! Украў, зладзюга! Дзе яна? От я яе зараз — пугаю, каб сверб прайшоў.— I ён забегаў па двары, нібы кручаны.
Ад злосці хвастануў пугаю па акне, дзынкнула i рассыпалася шыбіна. З хаты выскачыў старэйшы Кандратаў сын Атрахім. Ён высмыкнуў пугаўё з Андрэевай рукі i сціснуў так за плячук, што той аж прысеў.
— Вон адсюль, паганы шэршань, каб i смуроду твайго не было,— гаркнуў ён на бацькавага «свата».
Ермаліцкі адразу пацішэў, але не здаўся.
— Зладзеі, убіўцы, дзіця роднае забралі, каб вам пуста было. Дзе ты там е? Марш дадому, сучка!
— Я табе зараз як суну, дык ты i пашчэнкі не збярэш,— замахнуўся абеівераным кулаком Атрахім.
— Сыночак, не займай ты яго,— выскачыла з сянец Кандраціха.— Чаго, сваток, ужо так вытрэнчвацца? Няхай жывуць на здароўе. Венчаныя ж яны, венчаныя, муж i жонка ўжо. Зайшлі б лепш у хату ды пагаманілі, як людзі.
— Каб яна агнём пайшла твая хата. Якія там людзі? Старцы паганыя, на чужое дабро пагналіся. Трасцу вам, а не пасаг.— I ён скруціў куртатую дулю.— Hi шэлега не дастанецца. Няхай зараз жа аддае сукенку i чаравікі хромавыя. Чуеш? Дзе ты там туляешся?
Гэля ўсё чула, седзячы ў свіронку на цёплай пасцелі. Яна скруціла вянчальнае плацце, ухапіла зграбныя чаравічкі, якія абувала ўсяго разы са два, i ўсё выпхнула праз акенца, выпіленае ў бервяне свіронка.
Бацька адразу падскочыў да сцяны, ухапіў Гэльчыны ўборы i пачаў ix жмякаць у руцэ.
— А, от дзе ты, распусніца! — зароў ён ад злосці.— Марш дадому, блудніца! — затупаў Андрэй.
— Вы мяне толькі нежывую можаце забраць. А так не гнявіце бога i не смяшыце людзей, тата,— усхліпваючы, азвалася Гэля.
Стары Ермаліцкі аслупянеў з разяўленым ротам, потым тупнуў нагою.
— Пракляну нягодніцу! I вы ў мяне яшчэ паплачаце, гады! Ведзьмакі-і-і! Апаілі дурніцу любіснікам, цешцеся цяпер!
Ён павярнуўся да форткі, падняў з зямлі раменную дугу, a ў другой руцэ цягнуў па пяску белае плацце. Перакуліўся ў вазок i пачаў ад злосці хвастаць сівага стаенніка.
Гэля сядзела на ложку ў доўгай кужэльнай кашулі i горка плакала.
Ледзь не кожны тыдзень рудабельскія кааператыўшчыкі ездзілі ў Бабруйск па тавар. Ліакумовіч не шкадаваў ім ні мыла, ні газы, падкідаў трохі солі, часам даваў паркалёвых i канапляных хустак, а то i скрутак якое-небудзь «чортавае кожы» на штаны. Прывязуць Цімох з Мікодымам ці Сцяпанам скрынкі i мяхі, зачыняцца ў краме i пачынаюць шныпарыць: пад мылам — порах схаваны, пад запалкамі — патроны ляжаць, а з солі выцягваюць некалькі загорнутых у сальныя анучы наганаў. Раскладуць лістоўкі i газеты, напісаныя па-нашаму i па-нямецку. I... пайшоў гандаль. Глядзіш — за паўдня ўсё i разнеслі. Лістоўкі i патроны найбольш забіраў Раман Салавей: накідаюць яму ўсяго добрую торбу, зверху прыкрыюць кавалкам паркалю, пакладуць пару брускоў мыла — i патупаў стары. А куды ўсё дзець, яму не трэба было пытаць.
Потым ідзе Архіп Ляўкоў, за ім — Андрэй Падута. Глядзіш, раніцою не толькі ў Карпілаўцы ці ў Рудні, а вёрст за дваццаць ад ix на платах вісяць лісткі, падпісаныя Бабруйскім павятовым камітэтам РКП(б): «Не давайце нямецкім акупантам вывозіць народнае дабро, раззбройвайце салдат, стварайце партызанскія атрады».
I зноў каля халопеніцкіх мастоў i ў Гатавіцкай пушчы грукаталі залпы, хлопцы i дзядзькі ў лапцях i світках, як прывіды, выскоквалі з лесу, заварочвалі фурманкі, забіралі ў салдат карабіны, а ix са звязанымі рукамі гналі назад. Немцы не вельмі супраціўляліся: ім i самім абрыдла гэтая валтузня, яны ведалі, што тут яны ненадоўга, а з дому даходзілі чуткі, быццам i там бунтуе народ.
Усё часцей у казармы i ў хаты, дзе стаял i немцы, траплялі невялічкія газеткі, У ix камуністы заклікалі нямецкі народ скінуць кайзера Вільгельма, як рускія скінулі цара, забраць панскія землі i заводы, пачаць будаваць новае жыццё ў вольнай Германіі. Салдаты чыталі i перачытвалі гэтыя лісткі, хавалі ix ад афіцэраў, шапталіся паміж сабою i не спалі начамі ў чужой, незразумелай i беднай лясной старане.