Выбрать главу

— У нас ёсць адзін урад, Савецкі. Ад яго імя мы i патрабуем сёння ж к пяці гадзінам вечара ачысціць Рудабельскую воласць. Партызанскія атрады не скрануцца з месца, пакуль не выйдзе апошні нямецкі салдат. Ідзіце. Ніхто вас i пальцам не кране. Не паслухаецеся, прымусім сілаю.

Салавей дачакаўся, пакуль Ліза пераклала яго апошнія словы i, не слухаючы адказу каменданта, павайсковаму павярнуўся i пайшоў да брамы. Следам рушылі яго таварышы.

Каля свірна хлопцы згружалі з фурманак мяхі з жытам i лаяліся.

— Хай бы гэтыя бугаі i цягалі.

— Бач ты, панасыпалі, як завязаць.

— Памажы, а то чаго добрага кіла выскачыць.

Тут жа круціўся i Цярэшка, прытрымліваючы сваю шаблю.

— Скінуў бы, дзед, бо пяты ўсе пааббіваеш,— жартавалі хлопцы.

— От як пойдуць гэтыя ірады, бабе аддам падпалку шчапаць. А пакуль не маю права.

Ён спрытна паддаваў на плечы вялікія мяхі, падсабляў узыходзіць на прыступкі, насіў доўгія скруткі дываноў.

— Ці не хочаш ты, дзед, ключнікам прыстроіцца? — запытаў Максім Ус.

— А чаму б i не? Якраз служба па маіх гадах.

Калі Салавей выйшаў з двара, уздоўж даглянай сцяны стаялі, пастроіўшыся, атрады Ляўкова, Званковіча i Уса. Не разыходзіўся i натоўп сялян.

— Ну як? Што ён там нагергетаў? — наперабой пыталіся ў Салаўя i ў тых, што разам з ім выйшлі з двара.

— Недзе дзенуцца. Будуць вымятацца,—коратка адказаў старшыня рэўкома.

Да яго праціснулася расчырванелая Параска i горача зашаптала на вуха:

— Сцяг у мяне ў скрыні схаваны. Можа, няхай мужчыны павесяць.

— Ой i малайчына ж ты, Параска. Скажы Івану Кавалевічу. Хлопец ён спрытны. Бяжы, даражэнькая, не мерзні.

— От каб ты так заўсёды казаў,— шапнула яна i пабегла.

Аляксандру зрабілася шкода гэтую маладую прыгожую ўдаву. Горнецца яна, бы дзіця, што чэзне без цяпла i ласкі. Але цяпер i думаць нельга пра свае справы, i ёй галаву няма чаго тлуміць. Трэба спярша адваявацца, жыць пачаць па-новаму, а там — відаць будзе.

Падшыванцы паўздзіраліся на высокі мураваны паркан, паўтыркалі насы паміж прантамі брамы i адзін перад адным расказваюць, што робіцца на двары.

— Носяць нейкія клункі.

— Да кухні з кацялкамі бягуць.

— Сядлаюць коней.

Пасінее каторы, спаўзе па настылай цэгле, аж другі просіць падсадзіць i пнецца на тое месца.

Пасля паўдня адчыніліся вароты. На буланым стаенніку выехаў змрочны камендант, верхам праехалі афіцэры, следам па мёрзлай тугой храпе пратупалі падкаваныя боты салдат.

Бразгалі прывязаныя да папруг кацялкі, рыпелі за плячамі вялікія ранцы, Следам цягнуўся абоз. На перадках сядзелі пажылыя салдаты. Некаторыя, азіраючыся, махалі на развітанне рукамі, нешта гаварылі. Натоўп стаяў маўклівы i нерухомы. Калона знікала паміж голых таполяў доўгай панскай алеі.

Калі прагрукаталі паходныя кухні, з якіх яшчэ ішла пара, Салавей пазваў Уса.

— Табе даручаецца ахоўваць маёнтак i ўлічыць ўеё, што там засталося. Нікому не даваць ніводнай парушыны, пакуль не размяркуе камбед.

Натоўп i партызаны разыходзіліся. Калі ўзышлі на ўзгорак за панскім садам, людзі ўбачылі, як над воласцю пругка трапятаўся чырвоны сцяг.

11.

Рэўкомаўцы ўсю ноч не спалі. Цімох Валодзька з крамы прынёс кварты тры газы, пазносілі лямпаў i засвяцілі ва ўсіх пакоях, У зборні i ў калідорах еядзелі людзі з вінтоўкамі i проста так. Ніхто не хацеў разыходзіцца, хоць многія намерзліся i натупаліся за дзень. Цярэшка зняў з пляча сваю шаблю, заткнуў яе за тонKi саматканы паясок, каб не целяпалася i не біла па пятах. Двойчы прыбягала яго старая, цягнула за каўнер.

— Ідзі, пустадомак, дахаты! От чмут стары, цягаецца за маладымі, абы толькі нічога не рабіць. Палкі дроў дома няма, а ён гарцае з гэтай мешалкаю.

— Я, можа, пры дзеле састаю,— упінаўся дзед, выводзіў жонку на вуліцу i адразу вяртаўся назад.

З пакойчыка, дзе сабраліся рэўкомаўцы, выйшаў Аляксандр Салавей. Ён быў узрушаны i вясёлы.

— Як лічыце, мужчыны, рэўком ніхто не распускаў? Ён быў i працаваў у падполлі. А цяпер у нас работы прыбавілаея, Дык мы ось так раскінулі свае абавязкі. Я, пакуль суд да дзела, астануся за старшыню. Максім Ляўкоў будзе валасньш камісарам, Мікіта Падута няхай загадвае зямельным аддзелам, Нічыпар Званковіч — лясным, Лявон Адзінец — прадуктовым. Малаковіч Пракоп будзе ваенкомам, за сакратара — Сымон Гашынскі, Максім Ус — упаўнаважаны па ўчоту панскіх маёнткаў i шляхецкіх хутароў.