Хадзіў ён i на вучзнні з сынавым батальёнам. А аднойчы, збіраючыся дадому, папрасіў:
— Даў бы ты мне, сынок, якую стрэльбу, хоць невялічкую.
— Нашто яна вам, тата?
— Г-э-э-э, нашто? Шляхцюкі, як кручаная гайня, па футарах i па лесе гарцаюць. У Сераброне ix цэлая шайка таўчэцца. На Лучыцкую воласць напалі, у Ляскавічах зноў страляніну зачалі. I да нас, у Харомнае, залятаюць. На конях, з шаблямі i стрэльбамі ездзяць. Ці не хочуць яны толькі ў Рудабелку сунуцца? Дык i мне, старому, адбівацца нечым жа трэба. Дай, сынок, не зашкодзіць. I ў дарозе яно спакайней.
З дазволу ваенкома Салавей выдаў бацьку нямецкі карабін, сотню патронаў i паперку з пячаткаю павятовага рэўкома «на права нашэння агнястрэльнай зброі».
«Усім, усім, усім. Другая тульская брыгада ў Гомелі падняла контррэвалюцыйны мяцеж. Сілы рэўкома крайне абмежаваныя. Неадкладна высылайце ўзброеныя часці на падаўленне мяцяжу.
Старшыня рэўкома — Камісараў,
старшыня ЧК — Ланге».
Чыталі i перачытвалі трывожную тэлеграму Равінскі, Серабракоў i Малаковіч. Кожны спадзяваўся паміж радкоў знайсці хоць якія-небудзь падрабязнасці: хто i калі падняў мяцеж, якія сілы ў мяцежнікаў? Спрабавалі звязацца з Гомелем, але кожны раз тэлеграфістка адказвала: «Сувязі няма».
Нарэшце пазванілі з Магілёва. Гаварыў старшыня губвыканкома Сурта. Яго голас заглушалі гул i свіст, голас то прападаў, то прабіваўся зноў i ўсхвалявана патрабаваў: «Зараз жа адпраўляўце самыя надзейныя часці ў Гомель! Самыя надзейныя, чуеце?! З Магілёва выехала школа курсантаў. Дзейнічаць трэба хутка i энергічна». Затрашчала i загуло, нібы з вуліцы ў трубку ўварваўся ведер, што гайдаў за акном чорнае вецце старой таполі, шаргацеў па шыбах буйнымі кроплямі дажджу i камякамі мокрага снегу.
Горад спаў, захутаны вільготнай цемраддзю золкай сакавіцкай ночы. Па вуліцах час ад часу праходзілі патрулі, хлюпаючы па снежнай калатушы.
У мокрым шынялі i запырсканых да кален ботах у рэўком хутка ўвайшоў камандзір другога каравульнага батальёна Аляксандр Салавей. Яго задубелы ад ветру твар блішчаў ад дажджу, а на брывах іскрыліся i дрыжалі дробныя кропелькі.
Равінскі нервова круціў ручку насценнага телефона i патрабаваў начальніка чыгуначнай ЧК.
— Алё! Алё!— крычаў ён.— Зараз жа ад імя рэўкома патрабуйце ў начальніка станцыі, каб падрыхтаваў эталон для адпраўкі ў Гомель. Так, у Гомель! Вагонаў дзесяць — дванаццаць. Меней нельга! I падбярыце добраахвотнікаў сярод сваіх людзей для барацьбы з бандытамі. Ужо ведаеце? Атрымалі тэлеграму? А больш нічога невядома? На світанні састаў павінен адправіцца.— Ён заўважыў Салаўя, кіўнуў яму i нрацягнуў руку.— Да Жлобіна шлях навінен быць свабодны. Рэўком на вас ускладае адказнасць.
У пакоі ўжо былі начальнік гарадской ЧК Найман, начальнік міліцыі Сянкевіч i члены рэўкома.
— Вось i камандзір атрада ёсць,— убачыўшы Салаўя, сказаў Серабракоў i падаў яму тэлеграму з Гомеля. Той прабег яе вачыма i хацеў нешта запытаць.
— Больш нічога не ведаем. Якія сілы ў мяцежнікаў, хто ix узначаліў, што адбываецца ў горадзе, пакуль што дазнацца не ўдалося. Сувязі няма. Адбярыце чалавек дзвесце пяцьдзесят самых надзейных байцоў. Да вас далучацца добраахвотнікі з гарадской i чыгуначнай Чэка, з міліцыі i першага батальёна. Таварыш Малаковіч выязджае разам з вамі i ўзначаліць Жлобінскі баявы ўчастак. Туды паехалі курсанты Магілёўскай школы чырвоных камандзіраў.
— Бярыце самых свядомых i надзейных чырвонаармейцаў, бо контррэвалюцыйныя галаварэзы не скугіяцца на абяцанні, выстаўляюць самыя прынадныя праграмы, абы толькі перацягнуць да сябе няўстойлівыя элементы,— тлумачыў Равінскі.— Каля Оўруча на Мазыр спрабуюць прарвацца пятлюраўцы. Ix павінны былі стрымліваць байцы тульскай брыгады, а яны чамусьці апынуліся ў Гомелі i паднялі мяцеж. Hi ў якім разе нельга адкрыць дарогу пятлюраўскім бандам на Гомель. Тут вырашае лес кожная гадзіна. Рыхтуйце байцоў i зброю. Чым хутчэй, тым лепш.
Салавей уважліва слухаў старшыню павятовага рэўкома, a ў думках перабіраў ужо, каго ўзяць са свайго батальёна. Людзі ў яго былі розныя: i латышы, i венгры, некалысі немцаў прыбілася, былі i палякі, а больш свае, тутэйшыя, i рудабельскіх нямала — Анупрэй Драпеза, Дзям'ян Пархімовіч, Ціт Тоўсцік, Фама Кабернік. На ix, як на самога сябе, можна спадзявацца.
Да Салаўя падышоў Малаковіч.
— Паднімай, Ляксандра, сваіх. Бярыце болей патрона ў, гранаты, кулямёт i на першы час — харчы. А я на станцыю прывяду табе падмацаванне. Прыедзем на месца, там разбяромся, што рабіць i як дзейнічаць.