— Толькі ca мною не гуляйде ў жмуркі. Я ведаю, вас абураюць нашы цяжкасці. Ну, няма, няма газы. Дзе яе ўзяць? Сама пісала нарад на базу, i муж званіў. А не нашы настройчыкі пакіньце пры сабе. Можа, гэта i ў класе гаворыце?
— Не ведаю вашых настройчыкаў, а я настроена працаваць як трэба. Мая сяброўка, напрыклад, піша з Троіцка, што ў ix па дзве лямпы гараць у кожным класе. Яны хіба не з тае ж базы атрымліваюць? А мы слепім дзяцей толькі таму, што нехта лянуецца паварушыцца.
Наталля Іванаўна ўскочыла i ляснула журналам па стале.
— Паклёп! За такія размовы — ведаеце, чым пахне?
Да яе падышоў дырэктар, далікатна дакрануўся да локця.
— Супакойцеся, Наталля Іванаўна, сядзьце. Вера Рыгораўна запіша, а з газаю сапраўды трэба нешта рабіць: у Бергулі i ў Асцяцку хапае, вось, кажуць, у Троіцку ёсць, a ў нас усё цяжкасці.
— Не лезьце i не супакойвайце, Анатоль Паўлавіч. Тут справа прынцыповая. Бач ты ix, распанелі, журнал не запаўняюць, адзнакі не пастаўлены, усім незадаволены ды яшчэ бэсцяць сумленных работнікаў... На педсавеце пастанавілі стварыць драмгурток, а плана няма,— гарохам сыпала Наталля Іванаўна.
Вера схілілася над журналам i моўчкі запісвала тэму сённяшняга ўрока.
Дырэктар толькі пакруціў галавой, узяў падручнік i ўказку i выйшаў з настаўніцкай.
Усталявалася напружаная цішыня. У Веры дрыжала рука, пяро драпала паперу.
Вера сабралася і, не развітаўшыся, выслізнула з настаўніцкай. Сцяжынку замяло, за халяўкі боцікаў набіраўся снег. Ад холаду i ад хвалявання праціналі дрыжыкі, a шчокі гарэлі, i тахкала сэрца, шэры снег парыпваў пад нагам.і.
Яна завярнула ў вуліцу. Там-сям мільгалі кволыя агеньчыкі, бялела наезджаная дарога. У рагавой хаце светла гарэла лямпа, a ў двары чулася гамана. «Гэта ж хата Усцігавых!» — успомніла Вера, пазнала Аляксееў голас i запаволіла хаду. Рыпнула брамка, захрупаў снег за некалькі крокаў за ёю. Вера не азірнулася. Аляксей дагнаў яе i пайшоў побач.
— Ну, як працавалася?
— Як вам сказаць... На ўроках часам была шчаслівая, захаплялася сама, бачыла, як гараць вочы дзяцей, як яны ўважліва слухаюць, a ў настаўніцкай завучу не спадабаўся мой план. Вельмі лаканічны. Пішы ёй падрабязны канспект. А навошта? Іншы раз у план i не зазірнеш.
— Дзетдомаўскія хлапчукі вельмі траппа празвалі вашага завуча...
— А мяне як ахрысцілі?
— Вас яны завуць Верачка. Не крыўдуеце? Вам варта схадзіць да. ix, паглядзець, як жывуць, як рыхтуюць урокі. Яны будуць рады. Дык што ўсё ж адбылося, калі не сакрэт?
— Калі не спяшаецеся, зойдзем да мяне. Раскажу. Вы ж абяцалі параіць, што рабіць з драмгуртком.
— Спяшацца мне няма куды. Гаспадароў няма дома: прапіваюць сёння дачку. Заседзелася яна ў ix. Яшчэ нядаўна тут былі цэлыя асцяцкія паселішчы, нават нацыянальны асцяцкі сельсавет. Усе яны паляўнічыя на собаля, на вавёрку, на каланка. А цяпер зняліся i рушылі далей, на поўнач, за Васюганскія балоты. Адзін Іван застаўся. Вось i ўсваталі яму Ленку.
— Навошта кпіце?.. Хіба яна не мае права на сваё шчасце, на сям'ю, на мацярынства?
— Кожны чалавек нараджаецца для шчасця, хоць не ўсім яно даецца. Чалавек чалавеку павінен прыносіць радасць, узаемна быць падтрымкаю i апораю, а, на жаль, мы яшчэ часам атручваем жыццё адзін аднаму. I без дай прычыны. Вось вам сапсавала Наталля Іванаўна настрой, а за што? Навошта?
Вера апусціла галаву i толькі паціснула плячыма. У небе задрыжалі буйныя зоркі, а на поўначы яснелі i знікалі водбліскі блакітнага святла.
— Што гэта мільгаціць на небасхіле? — спытала Вера.
— Часам даходзіць i сюды святло паўночнага ззяння.
— Усё вы ведаеце!..
На Трахімішынай палавіне міргала газоўка, у астатніх чорных вокнах дрыжалі зоры. Аляксей прамінуў сваю хату, а каля Верыных веснічак спыніліся.
— Зойдзем на хвілінку, я вас доўга не затрымаю.— Яна дакранулася да рукава Аляксеевай целагрэйкі.
— А раптам дазнаецца завуч? — горка ўсміхнуўся Аляксей.
— Яна сама сказала, што я непалахлівая. Хадзем!
Змрок дыхнуў сухім цяплом i пахам бярозавых дроў. Аляксей чыркнуў запалку. Яна дагарала ў пальцах, пакуль Вера здымала паліто i сцягвала мокрыя боты. У ляжанку Трахімаўна наклала тонка наколатых дроў i падаткнула берасцінку. Вера адсунула юшку i папрасіла запаліць у печы. Весела загуло, зашугала полымя, кідаючы на сцяну мяккае святло. Аляксей прычыніў дзверцы, каб лепей угарэліся дровы. Праз дзірачкі на падлозе i на сцяне заскакалі трапяткія аранжавыя зайчыкі. Вера не спяшалася запальваць лямпу.
Аляксей павесіў на цвік вільготную целагрэйку i шапку, падсунуў да печы табурэтку.