— Каму гэта вы ўляпілі двойку? — ад печы спытала Мінадора.— Распісвацца, дзякуй яму, Анатоль Паўлавіч навучыў. Кажа, школьнаму работніку няможна ў ведамасці крыжыкі стаўляць. А па руцэ пазнаваць, што каму ставяць, даўно налаўчылася. Праўда, як толькі нанялася сюды, ніяк не разбірала на гэтым гадзінніку палачкі i крыжыкі. Ну i званіла як папала — то раней адпушчу, то пераседзяць. Цяпер ве-едаю,— устала, падаткнула пад хустачку прысоленыя сівізной валасы, паглядзела на гадзіннік, нешта пашаптала i пайшла званіць.
На калідоры затупалі, забегалі, загулі дзеці. У настаўніцкую дзяжурныя прыносілі табліцы, глобус. Вярталіся настаўнікі: з указкамі, журналамі, крэйдай, віталіся з Верай Рыгораўнай, толькі Наталля Іванаўна загаварыла з Соф'яй Міхайлаўнай i не заўважыла яе.
Анатоль Паўлавіч разгарнуў скрутак шпалераў i паказваў усім, як здорава Тартынскі намаляваў карту Кіеўскай Русі i надпісы зрабіў славянскімі літарамі.
— Канечне, дырэктара баіцца,— заныла Аўдоцця Мітрафанаўна,— a ў мяне ён усю дошку заляпіў папяровымі ашмёткамі. Толькі нахілішся над журналам — лясь, лясь. Падхопішся, а ён так сядзіць, што i не падумаеш. I ўсе яго абараияюць. Артыст. От каго ў дрг.змгурток трэба.
— Ён i будзе ў нас за мастака,— адказала Вера Рыгораўна i зірнула на завуча.
— Вы што, Вера Рыгораўна, мудрэй нічога прыдумаць не маглі? Трэба ж дадумацца ставіць нейкага «Змея Гарыныча»! Да свята трэба патрыятычная п'еса, рэвалюцыйныя, а тут на табе — змей.
— Гэта i ёсць патрыятычная. Дабро перамагае зло,— спакойна адказала Вера.— Пачытайце i пераканаецеся. A іншых п'ес пакуль што няма. Вось адзін зборнічак казак.— І яна паклала на стол тоненькую сінюю кніжачку.
— Вы дарэмна, Наталля Іванаўна,— умяшаўся дырэктар,— сапраўды, рэч патрыятычная. Адсек савецкі народ галаву фашысцкаму змею, а там, як яго, ну, гэты самы Кажамяка сілу рускую ўвасабляе. Толькі як вы, Вера Рыгораўна, усё гэта зробіце? Ну, змея скажам?
Вера адразу ажывілася:
— Калі вельмі захочам, зробім. Думаю, што атрымаецца. Сёння хачу правесці першую рэпетыцыю.
— Нельга! — адсекла Наталля Іванаўна.
— Чаму нельга?
— Субота. Лазні напальваюць. Пара было б ведаць.
Вера ўспомніла, што тут у суботу не праводзяцца ні сходы, ні пасяджэнні, нават у раскладзе меней урокаў. А з паўдня з кожнае лазні валіць густы дым, гаспадыні цягаюць ваду i дровы, здымаюць з гарышчаў венікі.
Пра лазню яна падумала з пакутаю i страхам. Але нідзе не дзенешся — Трахімаўна зацягне.
Празвінеў званок. Хутка прабягалі ўрокі. Веры ўсё не хапала часу — хацелася яшчэ нешта прачытаць, расказаць, шчыра пагаварыць з вучнямі. У суботу нават скарачаліся перапынкі — кожны спяшаўся. Толькі Веры не было куды бегчы. Яна знарок затрымалася ў класе i прыйшла ў настаўніцкую, калі там заставаўся адзін дырэктар. Ён з раніцы да ночы прападаў у школе: чытаў, пісаў планы, складаў справаздачы ў райана. Кватараваў ён i сталаваўся ў бабкі Марчыхі.
Доўга тая не хацела выносіць бажнічку з яго баковачкі: «Не замінае табе, Паўлавіч, i есці не просіць. Спрадвеку вісела, няхай сабе вісіць». Як ні тлумачыў, што дырэктару нягожа, каб над галавою віселі абразы, а яна сваё: «Не павуты, не з'ядуць. У мяне, вунь, i так цэлы кут. Гэтым i месца няма. А тут жа i Мікалайцудатворац i Ягоры Пабеданосец. Ха-а-рошыя багі! Пацярпі, прывыкнеш. За імі я i зёлкі трымаю — карэнні-марэнні, чаромхавую кару, рамонкі, маліну сушаную. Барані божа, каб спатрэбілася, a калі што якое — жывот хопіць ці ў грудзях часам закладзе — пап'еш, i як рукою здыме».
Не ўгаварыўшы бабку, Анатоль Паўлавіч завесіў бажнічку. Скасавурылася Марчыха, падцяла губы: «Запнуў-такі! А-я-я-й, i не грэх!»
На другі дзень перанесла абразы да сябе i паставіла ў куце на лаве. Анатоль Паўлавіч часта раеказваў, як «перамог» бабку, i смяяўся.
Цяпер ён нешта дапісаў, прайшоўся па настаўніцкай.
— Вы не вельмі перажывайце, Вера Рыгораўна. Я вось толькі думаю, як вы справіцеся з касцюмамі i дэкарацыямі. У нас жа нічога няма. Хацелася б хоць прыблізна нешта людскае зрабіць. Можа, варта папрасіць нашага заўхоза. Ну, Аляксея Іванавіча. Ён чалавек бывалы, у горадзе жыў, многае ўмее.
— Праўда, папрасіце, Анатоль Паўлавіч.
Выйшаўшы ca школы, Вера азірнулася. На замёрзлых шыбах асветленага акна калыхаўся схілены цень дырэктара.