— Дык добра ці не?
— Яшчэ як добра, але...
— Калі добра, дык якое можа быць але? Абувайце i насіце, бо ў вашых боціках толькі гуляць па асфальце.
— Скажыце, колькі я вам вінна?
— Мне нічога. За дастаўку не бяру,— пажартаваў Аляксей.— A Кузьмічу аддасцё, як будуць вольныя грошы. Абуйце, калі ласка, хоць паглядзець, як выглядае абноўка.
Вера паслухмяна абула пімікі i прайшлася ў ix па пакоі.
— Ну, віншую. Цяпер сапраўдная сібірачка. Можаце спакойна зімаваць.
Вера сказала, што збіраецца ў Барысаўшчыну да сваіх вучняў i Марыны Раманаўны.
— Слаўная дзяўчына. Сціплая, разумная... i прыгожая... Прыгожым чалавека робіць добрая душа. Яна свеціцца ў вачах, у кожнай рысе твару. Між іншым, таксама з нашых зямлячак, хоць i ніколі не была ў Беларусь Там ёсць вельмі цікавыя людзі — першыя хадакі, можна сказаць, Калумбы гэтых мясцін.
— Калі ж мы пачнём рыхтаваць нашу прэм'еру?
— Заўтра пачынайце рэпетыцыі, а я буду думаць, як аформіць.— I ўсміхнуўся: — Вы — рэжысёр, я — дэкаратар. Нешта зробім. Дарогу хоць вы ведаеце?.. Выйдзеце за сяло i нікуды не зварочвайце, бо можаце выйсці да стагоў. Сёння ўсе рынуліся па сена. Міняце хмызняк пяройдзеце мост цераз Тару, за ім на ўзгорку i Барысаўшчына. Справа Марыніна трэцяя хата.
— Вы ведаеце нават, хто дзе жыве.
— Не першы дзень тут. I партызанская прывычка засталася ўсё прыкмячаць i запамінаць.
— Пра партызаншчыну я так нічога i не ведаю. Раскажаце? Добра?
— Як-небудзь другім разам. Ну, шчасліва. Апранайцеся толькі цяплей.
Вера падала яму руку i накрыла другою далонню, ласкава зірнула ў вочы:
— Вялікае вам дзякуй.
— За што? — здзівіўся Аляксей.
— За клопат, за ўвагу, за дабрату вашу.
— Пра каго ж мне клапаціцца? Ведаеце, у кожнага чалавека ёсць патрэба пра некага дбаць...
— Толькі таму? — вырвалася ў Веры. Яна спахапілася i пачырванела.
— Думайце як хочаце.
Ён пагладзіў Верыну руку i выйшаў з хаты.
Праз шчылінку ў замеценым акне яна доўга глядзела ўелед. Ад сонечных промняў ільдзінкі пераліваліся аранжавымі, чырвонымі, сінімі іскрынкамі — здавалася, Аляксей ідзе ў вясёлкавым святле па ружовым зіхатлівым снезе. I самой захацелася ісці, ісці па мяккай сцежцы, слухаць цішыню празрыстага дня i дыхаць снежным пылам, што асыпаўся з кустоў i прысадаў.
Яна ішла не спяшаючыся па доўгай селавой вуліцы, адглянцаванай палазамі i прыцярушанай пахкім мурагом. У гародчыках на каноплінах гойдаліся чырванагрудыя гілі, па снезе скакалі даўгахвостыя сарокі, патыхала дымком, над комінамі гайдаліся ружовыя слупкі i раставалі ў халодным сінім небе.
За парканам дзіцячага дома чуліся смех i вясёлыя галасы. Хлапчукі адкідалі снег, дзяўчаткі размяталі сцежкі. Дзеці заўважылі яе:
— Вера Рыгораўна, заходзьце да нас!
— Вера Рыгораўна, ну, калі ласка! — наперабой крычалі хлопчыкі i дзяўчаткі, а маленькая Яня прасунула смуглявы тварык паміж штакецін:
— Цёця, чаму вы Сцёпку паставілі тро-ойку?
— Бо нарабіў, Янечка, памылак.
— Ён не паспеў праверыць i зноў «каня» не так напісаў,— апраўдвала брата Яня i рассмяшыла Веру.
З варот на маладым буланым жарабку, у лёгкіх саначках выехаў дырэктар дзіцячага дома.
— Вы да нас, Вера Рыгораўна? Ведаю, што прыходзілі, але я быў заняты з інспектарам райфа. А так трэба было пагаварыць.
— He, Васіль Сцяпанавіч. Хачу ехадзіць у Барысаўшчыну да сваіх вучняў.
— Тады прашу, сядайце. I я ў той бок.— Ён пасунуўся на сядзенні, накрытым старою коўдраю, нацягнуў Веры i сабе на. калені сабачую даху, тузануў лейцы. Конь бліснуў сінім вокам i памчаўся, шпурляючы ў перадок тугія камякі снегу.
Васіль Сцяпанавіч нечым нагадваў Макаранку: выразныя задуменныя вочы за шкельцамі акуляраў, гімнасцёрка з высокім стаячым каўняром, падпяразаная шырокаю папругаю, падцягнуты, скупы на слова. «А можа, ён знарок апранаецца i трымаецца «пад Макаранку»?» — падумала Вера.
— Усё хацеў у вас запытаць, чаму ніколі не скардзіцеся на нашых дзяцей.
— Няма за што,— адказала Вера і, памаўчаўшы, дадала: -— Калісьці я заўпарцілася i ледзь не давяла настаўніцу да слёз. Разумею, што была вінаватая, а скарыцца не магла. Пакутавала сама, хацела папрасіць прабачэння, але не дазваляў дурны гонар. Назаўтра яна выклікала бацьку i нагаварыла, што было i чаго не было. Ну, ён, вядома, узяўся мяне па-свойму выхоўваць. На яго я не крыўдзілася, a настаўніцу ніколі больш не паважала. Не за тое, што бацькаваю рукою карала, а за слабасць. Скардзяцца толькі слабыя, няздольныя самі падзейнічаць на дзіця, зразумець яго, у самым маленькім паважаць чалавека, яго характар.