Выбрать главу

— A прозвішча яго як? — пацікавіўся Асокін.

— Пархімчук ці Пархімчык. Па прозвішчы яго ніхто i не зваў. Прахор Калістратавіч, i ўсё. I вось гэты Прахор Калістратавіч апошнім часам панадзіўся да Самцэвіча. Бачу, i той да яго вельмі прыхільны. Я неяк напомніў Якаву Спірыдонавічу, што стрыечны брат жонкі нарыхтоўшчыка служыць у паліцыі, i не радавым, a камандзірам аддзялення.

«А нам гэта i на руку»,— адказаў Якаў Спірыдонавіч.

— А хто вам прапанаваў ісці ў атрад?

— Выклікаў мяне Самцэвіч, бледны, разгублены, чаго з ім ніколі не было, i кажа, што за ім сочаць, правяраюць у яго адсутнасць стол, а ноччу ў садзе заўважаў нейкія постаці, i сабаку яго атруцілі. Тады ён i загадаў ісці ў лес, выпісаў камандзіроўку ў самую далёкую вёску i наказаў, каб выпраўляўся, не заходзячы дадому. «А вы?» — спытаўся я. «Пратрымаюся. Тут яшчэ адну справу трэба ўладзіць. Ды i кінецца ў вочы, што абодва зніклі».

Я хацеў захапіць з сабою Ніну, але Якаў Спірыдонавіч забараніў. «Не чапай. Яна патрэбна тут. I немцы ёй пакуль што давяраюць». Тады я запярэчыў: «Мяне не будзе, дык за яе адразу возьмуцца. Яны ж ведаюць пра нашы адносіны». «Мы ўсё прадугледзелі. У Заракушы цябе «арыштуюць» партызаны, звяжуць рукі, можа, i кухталёў для прыклёпу надаюць i павядуць у лес «расстрэльваць» як нямецкага пасобніка. Ты толькi трымайся разумна: плюй ім у вочы, супраціўляйся. A ў раён данясуць, што партызаны схапілі сакратара ўправы i звязанага пацягнулі ў лес. I стрэл будзе. Не хвалюйся толькі. Даставяць цябе куды трэба. Можа, гэтая аперацыя i з нас здыме падазрэнне. Перадай Сцяпану Ларыёнавічу, няхай рыхтуюць разгром гарнізона, тады яны i нас «арыштуюць», a карэньчыкі свае тут пакінем...»

Я сеў на веласіпед i, не спяшаючыся, выехаў з мястэчка. Усё было, як задумаў Якаў Спірыдонавіч. Хлопцы з атрада мне тады, праўда, добра намялі рэбры, а потым у лесе рагаталі i прасілі прабачэння. А праз тыдзень мы дазналіся, што Самцэвіча, Ніну, Васю Нічыпарука i Косцю Туркевіча павесілі немцы на плошчы,— Аляксей нізка апусціў галаву i змоўк.

Асокін дакладна запісаў яго расказ, папрасіў прачытаць i распісацца на кожнай старонцы, набраў па тэлефоне нумар i папрасіў прывесці да яго арыштаванага з васемнаццатай камеры.

Пакуль чакалі, Аляксей расказваў, дзе які дом стаяў на Савецкай вуліцы, дзе быў ix інтэрнат, як весела жылося ў студэнцкія гады.

У дзверы пастукалі. Падцягнуты маладзенькі салдацік увёў у пакой высокага, даўно не голенага чалавека з панурай галавою i закладзенымі за спіну рукамі. Ён лена нешта буркнуў i сеў на табурэтку пры дзвярах, a калі падняў галаву — аж пахіснуўся. I Аляксей здрыгануўся ад нечаканасці. На яго спадылба глядзелі знаёмыя чорныя вочы. Бледны твар асунуўся, абвіслі некалі сытыя, зарослыя асцюкаватаю шчацінаю шчокі.

— Вы ведаеце гэтага чалавека? — звярнуўся да Аляксея Асокін.

— Здаецца, Прахор Калістратавіч Пархімчык.

— Здаецца, ці на самай справе Пархімчык?

— Хоць i змяніўся, але ён.

— А вы, Пархімчык, ведаеце гэтага грамадзяніна? — паказаў Асокін на Буевіча.

— Ве-е-даю нямецкага прыхвасня.

— Назавіце прозвішча.

— Аляксеем Іванавічам звалі. A прозвішча настаўнікаў мала хто i ведаў. Буйкевіч ці Буйневіч, нешта такое.

— Што вы можаце сказаць пра дзейнасць Буевіча ў часе акупацыі?

— Ведаю, што служыў пісьмавадзіцелем управы, казыраў i прыслужваў немцам. Казалі, што ў Заракушы яго схапілі партызаны i расстралялі. Дзіўна, як ён выкруціўся.

— Сядзьце да стала i напішыце тое, што вы сказалі. — Асокін падсунуў аркуш паперы i ручку.

Пархімчык няўклюдна прашлёпаў расшнураванымі чаравікамі, падцягнуў штаны, сеў да стала, доўга думаў, пакуль пачаў пісаць. Калі закончыў, вярнуўся на сваё месца.

— На мінулым допыце вы сцвярджалі, што Самцэвіч вам даваў заданні распаўсюджваць лістоўкі, даручаў сувязь з партызанамі. Пацвярджаеце гэта?

— А як жа! Можа, сотні тых паперак раздаў людзям. I запольскаму лесніку перадаваў шпулькі нітак.

— Навошта шпулькі?

— Шпулькі? Пад ніткамі пісулькі былі.

— А дзе той ляснік?

— Не ведаю,— паціснуў плячыма Пархімчык.

— Можа, успомніце.

— Я i бачыў яго разы са два, не болей...

Аляксей уздыхнуў i заварушыўся на крэсле.

— Вы нешта хацелі сказаць, Буевіч? — павярнуўся да яго Асокін.

— Дубінчыка застрэліў паліцай Крэсік каля самай леснічоўкі, калі той спрабаваў уцячы...

— A Крэсіка вы ведалі, Пархімчык?

Ён злосна зіркнуў на Аляксея, адвярнуўся i прастагнаў:

— Хто яго не ве-е-е-даў?!