Выбрать главу

Чалавек у шынялі выткнуўся на святло, прыгледзеўся да старога:

— Ці не з Карпілаўкі часам будзеце?

— А ты чый такі ўгадчык? Пастой, пастой, лічнасць, здэцца, тутэйшая. Эге, ці часам не Раманаў хлопец сыскаўся? Толькі каторы, а?

— Праўда, пазнаў. Болыиы. Ляксандра Я.

— Я то i думаю, ці не Раманаў гэта латышок?.. У водведкі, а можа, i насаўсім?

— Пара насаўсім. Наваяваўся за сябе i за ўнукаў, калі суджана. Час за зямлю брацца. А яна, дзед, наша. Крывёю чынш заплацілі i купчую сам таварыш Ленін падпісаў.

— А можа, ты кантужаны, Сашка, што ні мяне, ні старога не прызнаў? — павесялеў салдат з перавязанаю рукою.

— Тады i ты, выходзіць, кантужаны. От цяпер бачу, што Анупрэй. Ну, здар-р-оў! — ляпнуў Аляксандр салдата па плячы.— Дзе ж цябе, чорта, пазнаеш. Завусацеў, перапаў, толькі нос ды пашчэнкі тырчаць. Як гэта табе собіла нарвацца на дурную кулю?

— Эт, ерундовіна. Кукса гэтая ў мяне за пропуск служыць, каму ні тыцну,— дарогу дае. Цяпер дадому па чыстай. Тры гады са смерцю ў жмуркі гуляў. Перахітрыў бязносую.

— А я, брат, сёмы год як з дому,— памаўчаўшы, уздыхнуў Аляксандр.— I хрэн яго ведае, дзе цяпер той дом.

— Ха, чашы праменька ў Харомнае. Стары з Ганнаю ды Марылькаю да-а-ў-но туды пераехалі,— сказаў дзядок.— Пан яго з Хлебавай паляны ментам прапёр. A колькі ён там, небарака, карэнняў пападраў. Зямлю на пух вырабіў, а пачала радзіць, каленам пад зад — i ўвесь табе лад. Дык ён цяпер у Гатальскага з траціны петуецца. З дачкою ўпрэгліся, а сыны за веру, цара i ацечаства ў акопах крываваю юшкай умываюцца.

— Цяпер i я бачу, што гэта дзядзька Цярэшка. Змарнелі ж вы нешта. Каб так дзе сустрэў, дык, хоць забі, не прызнаў бы.

— Дзіва што змарнеў. Не з вяселля, браце, еду. Дзесяць месяцаў вошы ў бабруйскай цюрме прудзіў. Баланды з тараном пасёрбаеш, сухара згрызеш, а дровы цэлы дзень рэж.

— За што ж гэта вас? — запытаў Аляксандр.

— Каб жа ведаў за што! Ат, за пусты мех, a ў мяху смех. Прысукаўся Урангелеў гіцаль з двара, бытта хвойку ў панскім лесе спусціў, каб з яго сукравіцу пускалі. I павалаклі Цярэшку ў казённы дом. Каб жа сядзець! Пасядзеў бы ўжо, хоць аддыхнуў бы за свой век. Дзе ты бачыў! Трасцу ўседзіш — ускочыць у камеру стражнік i давай сашкаю ад патыліцы да галёнак хвастаць. Дальбог, мужчынкі, не пры вас кажучы, шкура, як на сабаку, трашчыць, хоць на бубен нацяг-вай. I трэба ж такое шчасце! Якраз перад тым, як Мікалашку скінуць, упяклі аж на тры гады. Тых, што проці цара гаварылі i афішкі падкідалі, павыпускалі, а мне кажуць: «Сядзі, зладзюга». От i сядзеў.

— Хто ж цябе выпусціў, дзед? — запытаў Аляксандр.

— Хто? Хто? Дай ім бог здароўечка, бальшавікі. I трэба ж якраз сну прывярэціся. Hi з таго ні з сяго гарачымі аладкамі запахла i бытта старая снедаць катурхае. Ускочыў, аж дулю пад нос — цюрма, братачка, цюрма. Hi аладак, ні бабы. Ужо i вывіднела, a пад'ёму не звоняць, пайку не даюць i на работу не гоняць. Паўставалі, у дзверы гасім — хоць бы табе жывая душа азвалася. Чуваць толькі — бегае нехта па калідоры. Пагрукалі крапчэй, аж завала — бразь. Ускаквае ў камеру нейкі чорненькі, от такенькі, не больш за мяне, у хромавым каптаніку i шапка ўся шкураная. Ara, дальбог, не брашу. Ускаквае i кажа, дай яму доўгі век, выходзьце, кажа, з вяшчамі. Слабода, кажа, таварышы. Новы пераварот у Піцеры. Самы глаўны бальшавік, бытта, бумагу выпусціў, што слабода ўсім. I яшчэ праўда ці не, але казаў, што зямля — мужыку без усялякага там выкупу, a хвабрыкі — масцеравым за так аддадуць. Ета, казаў, Савецкая ўлада завецца. А цэрквы i цюрмы, кажа, трэба зраўняць з зямлёю. Ну, цюрмы я сам бы ўсе папаліў, а што ім цэрквы зашкодзілі? Без бога, як той казаў, ні да парогa. Без веры чалавек, як гавяда бязрогая.

Аляксандр засмяяўся. Ён паклаў руку на плячо старому:

— Царква, дзядзька Цярэшка, тая ж цюрма для душы чалавека. A колькі зямлі папоўскай па ўсёй Расіі! Чыя яна? Наша! На фронце равуць грывастыя стаеннікі з крыжамі ў руках, забіваць бласлаўляюць, на смерць жывых саборуюць, а за што? От i мазгуй, чыя вера лепшая.

У ліхтары дагарала свечка. Вагон стукаў i рыпеў, зыбаючыся на стыках i стрэлках. За акном чарнела асенняя ноч. Аляксандр на самай верхняй паліцы ўгледзеў шчыгульныя хромавыя боты, што вытыркаліся з-пад афіцэрскага шьгаяля, цёмную патыліцу, а вуха i твар былі прыкрыты вайсковай фуражкай без какарды.

— Нейкае ваша благароддзе едзе ў наш бок,— кіўнуў на паліцу.

— Садзіўся аскубаны афіцэрык без палетаў, i гузікі сукном паабшываныя. Здэцца, з Ермаліцкай пароды. Як зашыўся ў Бабруйску, дык дасюль не чхнуў ні разу. Відаць, не ў свой вагон сеў,— адказаў стары Цярэшка.