Выбрать главу

А гэты аратар — малады яшчэ хлапец, вучань Гарэцкага каморна-агранаміцкага вучылішча, — калі пад'ехалі калёсы з Абдзіраловічам, аратар гэты, стоячы на плоце і абшчапіўшы аднэй рукою кол, другою, змёрзлаю, грубаю і чырвонаю, быццам тая карэлая гліна, махаў у рытм прастуднага, сіплага, але маладога і дужога голасу:

— Браты сяляне! Браты беларусы! Значыцца, будзем галасаваць за свой спісак! За беларускі спісак! Спісак нумар восем, памятайце! — і ўсё махаў рукою, як слова бласлаўляў, як поп, сваіх слухачоў.

Старэйшыя людзі, дзядзькі і цёткі, ветліва і ўважна слухалі хлапца, таксама і частка моладзі, а невялічкі гурток хлапцоў наўмысля рагатаў, каб збянтэжыць аратара. Падбіваў іх кучаравы дзядок у гарадскім адзенні, каторы не пазнаў у лубяной дажджавой накідцы Абдзіраловіча, а той, посля толькі, пазнаў, што гэта Карпавіч.

— Усім трэба ісці к урнам і ўкідаць свае білецікі. Хоць адзін дзень аджалейце ўжо, не працуйце і йдзіце. Няхай ідуць не толькі мужчыны, але ўсе: і вы, цёткі, — блаславіў вучань кіўком рукі бабскі грудок (тыя ані плюснулі і добра слухалі далей), — і вы, дзевачкі! — кіўнуў ён у дзявоцкі бок.

Дзяўчаты пачалі саромліва аглядацца па бакох і пільнавацца паважнасці.

З гэтага ўзрос клум і наперадак, павялічаны дзяцвішчаю ў каплічцы і хлапецкімі жартамі ненаўмысля і Карпавічам і двума-трыма наўмысля.

— Брахня! Пара канчаць! — крыкнуў адзін з гэтых двух-трох, нейкі абшарпанік, — не то згалелы высялкоўскі гаспадар, не то п'янюга-каменацёс з N. або са станцыі: крыкнуў ён і азірнуўся на Карпавіча.

— Маўчы, Калістрат! Я цябе знаю з Горак! — злосна блаславіў крыкуна вучань-аратар і ўзноў гаварыў далей.

А Карпавіч прабіваўся наперад, каб гаварыць за бальшавікоў.

Абдзіраловіч зразумеў, што гэта выбары ў Устаноўчы Сойм, і захацеў пабыць да канца. Падводнік яго адпусціў каню падпінак і падкінуў яму жмуток сена.

Сход болей ужо зварочваў ўвагі на калёсы.

А надвор'е было імгліва-халадковае, нуднае. І лепей ба сядзець у такую пару ў хаце.

Старэйшыя, слабейшыя, дзяды і бабы, так і зрабілі: патроху, патроху расхадзіліся да хат. Гэткім чынам беларуская старана, што была за вучня, аслабела, і Карпавіч узлез на прасла і абшчапіў другі кол. Вучань пачуў небяспеку і, яшчэ больш напружыўшы свой сіплы голас, крычаў:

— Браты беларусы! Браты сяляне! Дзядзькі і цёткі! І вы, маладзейшыя! Значыцца, будзем…

— Таварышы! Таварышы сяляне! — зазвінеў у перабой яму высокім галаском Карпавіч. — Паслухайце ка мне, калі хочаце, каб быў вам мір і зямля. Паслухайце ка мне, я вам скажу самую лепшую праграму, каб быў ужо адразу мір і панская зямля! Паслухайце, таварышы, праграму бальшавіцкую, каб было вам усяго як найболей…

І да Карпавіча пасунуліся ўсе, хто быў у салдацкіх шынэлях, і Калістрат, і нямала яшчэ каго, навет і дзеўкі ўслед за хлопцамі.

Вучань спазніўся ў пару змоўкнуць і гаварыў далей, хоць і слабеў ад прыкрасці, што Карпавічаў голас так звініць.

— Гэй, паніч, кінеш ты ай не? — схапіў яго за падол шынэлі Калістрат. — Усё ж роўна не аддадзім табе галасоў.

— Мы доўга слухалі паніча, і хоць ён казаў, што належыць да сацыялістаў-рэвалюцыянераў, — вымаўляў акуратна па складох два астатнія словы Карпавіч, — і належыць навет да нейкіх беларускіх рэ-ва-лю-цы-я-нэ-раў, быццам то самых наскіх, але ці пачулі мы ад яго, калі ж будзем дзяліць панскае дабро? Чаму не можам цяпер падзяліць? Ці чулі мы ад яго, чаму не можам зараз жа скончыць ім-пе-ры-ялі-стыч-ную вайну? Ці чулі мы ад яго, што гэта за людзі ідуць па беларускаму спіску нумар восьмы? Не, не чулі? А там ідуць напэўна адны паны, якія кіруюцца, каб як лаўчэй абдурыць мужыка.

— Так, справядліва! — крыкнуў Калістрат.

— Але ж гэта спісак беларускі, наш родны! — крыкнуў вучань і блаславіў слухачоў зусім крыва, губячы настрой.

— Не трэба нам панскай радні, — звінеў Карпавіч з заядласцю.

— Не трэба! Не трэба! — падхапіў Калістрат і хлопцы ў шынэлях.

Дзяўчаты троху палахліва, троху сарамліва адсунуліся яшчэ далей ад вучня. Пачалі канфузіцца і дзядзькі.

— Не трэба нам, паніч, твая праграма, ну! — крыкнуў Калістрат і пацягнуў яго, спрабуючы, далоў за хвост шынэлі.

Вучань скокнуў з плота на зямлю. Быў ён нязграбны, касалапы, у вялікіх ботах, і захлюпаныя разрэзы шынэлі з жоўтымі гузікамі і зялёным кантам цялёпалі па шырокіх халявах, калі ён ішоў.

— Вы едзеце на станцыю? — спытаўся ён у прапаршчыка. — Можа, падвязлі б мяне троху?

— Добра. Будзе весялей. Сядайце.

Яны паехалі.

Сход слухаў Карпавіча, і толькі мала хто, найболей з дзяўчат, правадзіў іх падводу маўклівым паглядам.