Выбрать главу

Ізноў пачалася імгліва-халадкаватая нуда ў апусцелым полі.

— Чаму ж вы не давялі змагання да канца? — запытаў Абдзіраловіч.

Вучань памаўчаў, пакрактаў, пахухаў па пальцы.

— Усё роўна, — сказаў ён.

— Чаму?

— Так… Няхай гэты дзядок-бальшавік выедзе ў Маскву, тады да галасавання можна будзе яшчэ падысці сюды, калі я ці хто з нашых паспее. А цяпер трэба агітаваць у С-й воласці. А тут нічога не выйдзе, бо селяніну бліжэй і знаямей цяпер пытанне аб міры і зямлі, чымся аб беларускім адраджэнні. Дзядок карыстае.

— І многа вас, вучняў, ходзіць так?

— Даволі…

— Ад партыі, ці як?

— Не, мы так, самі па сабе.

Абдзіраловіч усё больш дзівіўся і цікавіўся.

— Адкуль жа ў вас гэткая стараннасць? — не мог ён прыдумаць далікатнейшага пытання і збоку ўзіраўся на просты, сялянскі і тыпічны беларускі твар хлопца.

— Адкуль? — весялей пачаў казаць хлопец, гледзячы проста перад сабою. — Ці вы не беларус, што пытаецеся?

— Беларус, — адказаў Абдзіраловіч роўна і проста, але з дробачкай спагаднага смеху.

— А калі беларус, — дык скажыце ж вы мне: што вы робіце, каб адрадзіць нашую няшчасную бацькаўшчыну?

Абдзіраловіч няўмысля ўсміхнуўся, але здзержыўся і спытаў у вучня:

— Вы кажаце ўжо каторы раз аб адраджэнню. Што гэта вы хочаце тым словам сказаць?

— Аб ім вы лепей даведаецеся з беларускай літаратуры, чымся ад мяне, — сказаў хлапец непрыхільна, думаў ужо, што перад ім вораг, — а вы мне, аднак жа, адкажыце, што вы робіце для бацькаўшчыны, для маткі Беларусі?

Абдзіраловіч зноў няўмысля, але дужэй засмяяўся і не мог здзержыцца, хоць пасля і ўцяміў, што пакрыўдзіць хлопца, і несур'ёзна, як ужо пайшло адразу, смеючыся, сказаў:

— Бацькаўшчына — матка Беларусь? Ха-ха! Выбачайце, паночку, але мая бацькаўшчына — уся Расія.

— А! Так! — раптам выскачыў хлапец з калёс. — Ну, дык мне не па дарозе з рэнэгатам, — сказаў і, не глянуўшы назад, пайшоў пехатою па сцежачцы збоку дарогі, пад бярозамі.

— Паночку! Што вы? Пажартавалі, ці што? Сядайце, паедзем шыбчэй! — не ведаў, што казаць, бо не разумеў хлапца, Абдзіраловіч.

— Які я вам чорта «паночку»? — зусім зло і ўзноў не паглядзеўшы, адгукнуўся хлапец. — Я мужык-беларус і пасылаю да ўсіх чартоў змаскаленых паноў-рэнэгатаў… Да ўсіх чартоў! Чуеце? — са злосцю крыкнуў ён і звярнуў на ўбочную вузенькую дарожку, пайшоў і пайшоў у імгліва-халадкаватую нудную восенную далячыню.

— Стой! — крыкнуў узлаваны Абдзіраловіч свайму хурману і схапіўся за вожкі, меўся ўжо бегчы за хлапцом: чаго ён і як ён паважыўся лаяцца?

— Едзь! — пусціў, падумаўшы, вожкі з рук. — Дурны нейкі, ці што, — казаў быццам сабе, быццам падводніку і пачаў супакойвацца, — яшчэ ён і лаецца, вось дурань!

— Дурань нейкі, — згодзіўся і маўклівы падводнік і перасунуў белую маргелку з лба на зморшчаную старую патыліцу.

А той пайшоў і пайшоў у сваіх вялікіх ботах.

IX

Іншыя натуры, каб жыць далей і мець нейкі спакой, чуюць пільную патрэбу ў яснасці і добрай цямнасці ўва ўсім, што ёсць навакол, і таксама ў сваім жыцці за астатні, пасля такога ж уразумення, час. Гэтакіх натур найболей сярод славянаў і народаў Усходу. Яны патрабуюць нейкага здавальнення і спакою духу ў адносінах да ўсяго, што ёсць і што дзеецца на свеце. Час да часу проста карціць ім упарадкаваць думкі свае — гэта азначае: хоць і не развязаць спрадвечнага пытання: «Адкуля ўсё і што яно?» — дык хоць супакоіць сябе, падумаўшы, палетуцеўшы і йзноў набраўшыся яснасці ў паглядах на спрадвечна няяснае. З аднаго боку гэта выглядае патрэбным чалавеку падрахункам, а з другога боку — непатрэбнай і шкоднай штукай у такую пару, калі «грошы — час».

Найбольш яснасці маюць людзі ў саўсім маладым ці саўсім старым веку. А людзі веку сярэдняга не маюць на тое часу сярод клопату і клуму жыцця. Дзе ж і калі ж тут падумаць і ўцяміць аб сабе і аб свеце, калі навокал усё круціцца, казаў той, у скоках, раз навокал усё гручыць, як грузавы аўтамабіль па каменні.

Цямнасць тую часам неўспадзеўкі знаходзяць, аднак, і яны на глухой прасёлкавай дарозе, праехаўшы па ёй колькідзесят вёрст.

Ціхая бязлюдная дарожка сярод жыта, ці сярод сумнай імглы восені, ці навет ўзімку, сярод белага, скутага сцюжаю поля, даецца патрэбны спакой і родзіць у душы патрэбную, хаця ж невясёлую, але ціхамірную яснасць.

Залежыць тое і ад спосабу язды.

Патрошку цюхціў кары конь, бразкаючы банечкаю на дузе. Ён паддаваў шпаркасці там, дзе дарога роўная-роўная, а яшчэ — з невялічкай горкі; але найчасцей выпадала ісці ступою: то з крутой гары, то па грэблі, то йзноў пад вялікую гару; а роўнасці па дарозе мала.