Выбрать главу

Губіць свой стройны парадак і буяець ува ўсе бакі чарада ў астатнія колькідзесят гадоў, калі нарадзіўся людзей вялікіх шмат, а зямля не вырасла, а ўсохла да вузенькіх, што й курыца пераскочыць, шнурочкаў. Пацягнуўся тады з вёскі народ куламесаю і хто куды: у Пецярбург і Маскву, Рыгу і Адэсу, Тыфліс і Варшаву і ў далёкую заморскую Амерыку, дзе ёсць дзіўны горад Нью-Ёрк, дзе ёсць глухія, а багатыя фермы ў немцаў і расейскіх духабораў і дзе можна зарабіць добрую капейку, хаця ж і надта, надта цяжкаю працаю.

Губіць свой стройны парадак чарада ў гэную пару, бо хлопцы з беларускай вёскі пачалі выхадзіць цяпер не толькі «ў свет», адылі і «ў людзі». Школы адчыняліся, і можна было выўчыцца на пісара і на вучыцеля, на чыноўніка, ато дык і яшчэ вышэй: ксяндзы, папы і нават афіцэры пачалі выхадзіць з-пад мужыцкіх стрэх.

Што ж, як каму таланіла. Мікола Мартынёнак Макасей пехатою і басанож у N. прыйшоў, бо ў дарозе лапці стаптаў, але пашчасціла хлопцу: цяпер ён — Мікола Мартынавіч і вялікія міліёны маець. Іван Гаршчок, ці тое Карпавіч, па чыгунцы прыехаў у Маскву (і дайжа ў ботах, што дзед перад смерцю адказаў), а не меў ён гэткай удачы, хоць і нішто сабе ў манахах жыў.

Дужа псуець сабе кар'еру мужыцкі сын, калі не скора забываецца на хату бацькіну. Ташнуець тады немаведама чаго; у горадзе ходзіць, як непрыкаяны, а дамоў прыедзе — да працы ахвоты не маець. Так і прамарудзіць задарма жыццё сваё: ні богу свечка, а ні чорту чапяла, ні пан, ні нашчанец, мужыцкі брат.

Іван Гаршчок быў хлопец удалы, змалку на ўсё здатны і здольны. Змалку ж ён і чытанню-пісанню добра няўся. Як скончыў ён царкоўную школу, пасадзіў яго бацюшка ў школцы граматы вучыцелем.

А Гаршчок калі за што браўся, дык браўся шчыра: замучыў дзяцей малітвамі, а баб і мужчын — чытаючы ім «Душеспасительный листокъ» з дужа страшнымі малюнкамі: у п'янюгі з рота лезець вужака, пляткарка ліжаць языком гарачае зялеза і да т. п.

І сасніў аднойчы Гаршчок, што ён вялікі нейкі праведнік ці манах, і пачуў голас ува сне, што павінен ісці ў манастыр, у манахі.

І пайшоў. Папоўніў чараду.

Быў ён з маладосці прыгожы: вочы зоркія, спрытныя, валасы кучаравыя, від да ўсякага чалавека спагадны і радасны.

І скора і лёгка ўбіўся ў ласку да архімандрыта; даручаў той яму стаць ля машчэй, калі знаймуюцца багамолы, і пільнаваць, каб клалі грошы і каб не было абы-якога непарадку.

А манастыр быў знамяніты. Многа вялікіх паноў прыязджала сюды, асабліва з таго часу, калі забілі недалёчка ад манастыра важную асобу царскага роду; прыязджалі князі і графы, княгіні і графіні закупляць панахвіды.

І прыязджалі дзве князёўны.

Любілі яны да машчэй прыкладацца. А станавіліся недалёчка да прыгожага послушніка.

І неўпрыцям для самога сябе паслізнуўся ён.

І дайшоў да астатняй брыды.

Грошы краў, цела брудзіў, а сумленне гарэлкаю заліваў.

Прапаў Іван Гаршчок.

Трапіў у самае бясяцкае прадонне.

…Прачнуўся аднойчы на голых, запэцканых гразёю, шалупашкамі і слізкімі гурковымі і кавуновымі недагрызкамі, замасленых басяцкім шкумаццём палацях у начулішчы.

Ляжаў паміж кудлатага, чорнага басячугі і абшарпанай п'яной бабы.

І нічога не памятаў.

У расхрыстанай, з калматымі косамі абшарпанкі цякла са шчэрбы на збітую шчаку слюня. Аднэй рукой баба сцяла Гаршка за палу, а другую адкінула — голую, без ададранага рукава капоты. Жылаватыя, брудныя ногі тырчэлі з-пад абмызганай спадніцы, звісаючы з палацяў.

Гаршчок намагаўся ўцяміць усё і абмеркаваць, але нудна было пад ложачкай, балела галава, гідзіла яго ад аблічча абшарпанкі.

Дужа карцела курыць, ды не было чаго. Ён вызваліў палу пінжака, і баба заварушылася і засмактала, а кудлаты басяк скрыгаў скрозь соння зубамі.

Пацягнула знізу ў разбітую шыбу з мутнога надвор'я свежым ветрыкам і прыемна асвяжыла галаву.

Нылі ўсе косці, калі скрануўся Гаршчок і палез далоў.

Ён агледзеўся. Начлежны дом быў повен. Была самая пара сну. Стаяла густое цёплае смуроднае паветра, нёсся храп, свістанне і варушэнне.

У адным вугле ўзняўся глухі гоман, нейкая ваганіна, хрыпаты смех і лайба — усё паніжонымі, начавымі галасамі.

Пайшоў туды, каб дастаць табакі.

Гэта прыйшлі з начной працы гаспадары начулішча, яе паважаныя паўсёдныя жыхары. Месца кождага, зазначанае каменем або цэглінай (замест падушкі), пуставала, бо ўсе ведалі, што тут занята і што гаспадар прыйдзе і мае права стурыць.