Выбрать главу

— Кру-у! Кру-у! — крукала ў вушох, як слова, высака-высака ў небе лятуць журавы над логам, гдзе бабы сцелюць лён, а каб было чысцей — грабяць баграна-залатое асінавае лісце, што наляцела з лесу так далёка.

Сярод гоману і звону паплёўся Гаршчок прапіваць паўрубля і ўсё болей мякчэў ад думкі, што паедзе на жыццё дамоў.

А злосць так часам і падпірала яшчэ і была балючай, дужа вострай ад зняможанасці і ўніжэння. «Арыштант, сацыяліст». Я ж табе пакажу, што я за арыштант! Я цябе дапяку.

Калі на другі дзень Гаршчок прыйшоў да Сімановіча на пост, той старанна пераксціўся.

— Ну, хваліць бога! — сказаў ён. — А я мысліў: не прыйдзеш. Пойдзем у паліцыю; гукаюць, што рабіць…

Потым яго вывелі на двор, гдзе стаяла цёмная карэта. Адчынілі дзверцы, упіхнулі яго туды, пасадзілі да яго жандара, замкнулі ў цямноце і некуды павязлі.

Мякка каціліся аббітыя разінаю каточкі па роўных брукаваных вуліцах, толькі пляцкалі конскія подковы. А думкі ў Гаршка заскакалі: «Што хочуць зрабіць? За якія ўчынкі?»

Прывязлі яго ў ахранку. Увялі ў раскошны пакой і пасадзілі паміж двух жандараў.

Зараз выйшлі з другіх пакояў жандарскія афіцэры. Адзін меў у руках Гаршкова пісьмо да архімандрыта, у каторым якраз і было тое — «Калі не аддасцё маіх грошы — зраблю іначай з вамі».

Ізноў пачаліся распытаванні, хто, адкуль, чым займаўся, завошта меўся забіць архімандрыта, ці меў памагачых у нападзе?

— У турме сядзеў?

— Ні разу, пане палкоўнік.

Афіцэру не падабалася «пане» — Гаршчок чутка заўважыў.

— Брэшаш, латруга!

— Ніяк не брашу, вашскародзіе!

— Ага. Ну, мы праверым.

Прывалаклі аграмадны альбом з фатаграфіямі розных злачынцаў і зачалі лістаць і шукаць.

Доўга цягнулася гэтая работа, было горача і прыкра.

— Так! Першы раз у нас, і ведамасцяў з другіх гарадоў аб табе няма, — сказаў палкоўнік.

— Анархіст, рэвалюцыянер, бальшавік? — папытаў у яго далей палкоўнік. Гаршчок вытарашчыў вочы. Капітан усміхнуўся.

— Мяркуючы па яго пісьму і правапісу, пане палкоўнік, — пстрыкнуў ён па пісьму.

Абодва засмяяліся. Гаршчок пачырванеў — што смяюцца з яго цемнаты.

— Ну, ты добра спісаў тут манастырскія парадкі, толькі як паважыўся пагражаць? Што значаць словы: «Зраблю з вамі іначай»?

— Тое, што буду судзіцца за свае грошы, — адказаў Гаршчок.

— Ага, так! Ну добра.

Яны пайшлі ў другі пакой і доўга рагаталі там, яшчэ раз перачытваючы Гаршкова пісьмо, перасланае ў ахранку архімандрытам.

Адылі выйшлі.

— Ну, што ж: хочаш, каб мы цябе адправілі на родзіну?

— Хачу, вашскародзіе, — узрадаваўся Гаршчок, думаючы, што яму дадуць бясплатны праезд як нічога не маючаму і не вінаватаму ні ў чым.

— Добра, пішы, — сказалі пісару і пайшлі сабе. Пісар напісаў паперу, падаў яе салдату і сказаў:

— У М-ую перасыльную.

— Як, у турму, па этапу?! — скалануўся Гаршчок.

— Ато як жа? Сам прасіў.

— Я не тое… Я не хочу, — узняў голас Гаршчок.

— Ну ўжо канец, зроблена. Вядзі яго.

Даўгім і стыдным быў час да турмы сярод двух салдатаў са штыхамі па самай сярэдзіне вуліцы, па каменю.

«Па этапу, з салдатамі дамоў… О, сорам, сорам», — мысліў Гаршчок у адчаю.

Яшчэ доўга мучалі яго, пакуль прыймалі ў турме, ізноў пісалі, ізноў пыталі. Цэлы дзень мінуўся — макавай расінкі ў роце не было. Потым упіхнулі ў смуродную, брудную, поўную арыштантаў камеру з палацямі.

«Яшчэ раз я прапаў», — разважаў Гаршчок.

Толькі цераз тры месяцы, пацягаўшы па ўсіх пунктах і турмах, даставілі яго ў родны губернскі горад. І за гэты час Гаршчок шмат чаго новага для сябе пабачыў і пачуў.

Не забавіўся цяпер у брата навет месяца, ізноў паехаў у свет. Выўчыўся рабіць па металу і чытаў безразборна ўсялякую нелегальшчыну з гэткай жа стараннасцю, як некалі — «Душеспасительный листокъ». Здабыў пашану за розум свой ад таварышаў-работнікаў і стаўся Карпавічам. Але правадыры-інтэлегенты з іх характэрнай інстынктыўнай цямнасцю не мелі для яго асаблівай прыхільнасці. Чулі ў Карпавічу той гатунак людзей-самавукаў, каторыя хоць і вялікай высакосці даходзяць у мастацтве, палітыцы ці абы-якой навуцы, але назаўсёды застаюцца з нейкай хібаю ў самым грунтоўным, а дзеля таго неўспадзеўкі і страшна лёгка зваліваюцца часам на самы дол чалавечай думкі. Яны, гэтакія, нейкім дзівам сумяшчаюць у душы сваёй найлепшы, здаецца, гуманізм і найгоршае, акажацца, чалавеканялюбства, хімію і алхімію, марксізм і хірамантыю і з аднолькавай шчырасцю веруюць у тое і другое. Багі іхнія любяць завадзіць сварку, скідаюць адзін аднаго з пасаду і робяць у галаве свайго паклонніка незвычайны сумбур. Багоў гэных зазвычай надта многа, але бываюць часіны, што і няма нічога, вось тагды людзі такога гатунку і вырабляюць розныя неспадзеўныя штучкі.