Меў такі характар, што нічога не адчуваў глыбока адразу. Затое ж, калі міналіся дні, тыдні й месяцы і калі ў іншых людзей слёзы высыхалі, ён патроху, ды болей а болей пераймаўся тым, што некалі фатаграфічна адбілася ў яго памяці, глыбей а глыбей адчуваў тое, што другіх збівала з ног адразу, а потым пераходзіла ў іх і забывалася імі.
Апасля таго пажару прабегла болей дзесяцёх гадоў, як давялося быць яму ў Магілеве ў справе паступлення ў войска. Любіў ён гэтае ціхамірнае тыповае беларускае места. Любіў яго ціхія завулкі сярод сонных садоў і маленькіх домікаў аб адзінаццатай гадзіне ціхога вечара ўлетку. Любіў магілеўскага чыноўніка ў жаўтавата-белым з непрыкметнымі плямкамі на грудзёх кіцелю; ведаў, што ў таго ёсць ахвота загаварыць з прыезджым, добра апранутым чалавекам, і для таго ахвотна зюкаў з ім аб жыцці дробнай магілеўскай шляхты ў знаёмых абодвум ваколіцах і засценках (адкуль новы прыяцель чыноўнік і сам родам); і разам з ім ганіў і хваліў магілеўскіх жыдоў. Любіў пасядзець у магілеўскай піўной з напята, па-летнаму, расчыненымі дзвярмі пад зялёнаю вывескаю «Беларуска-амэрыканскі бар». У піўной шэравокая, круглавідая, з белаю шыяю і беленькімі, мяккімі ручкамі мяшчанка ў шырокім, з рабенькага паркалю капоце частуе гасцей не дужа цёплым півам і ласкавай размоваю, жаліцца на духату і тамуючы махаець хвустачкаю перад ружова-потным сытным тварам; і пытаецца, хлопец вы ай не, а калі не, дык чаму не носіце на правай ручцы заручальнага пярсцёнка? Любіў часам падзівіцца на клум жыдоўскай вуліцы, дзе вас палічаць за важнага купца і па заслузе ацэняць вашу адукацыю, уборы і веданне эўрапейскай палітыкі, а ў аптэцы, на рагу, за мятныя ляпёшкі пагамоняць з вамі прыкладам гэтак: «Вы хочаце пайсці ў гарадской са-а-ад? Пажалуйста, лучшэ за ўсіво проста па нашай уліцы да канца і направа…» І любіў сядзець у садзе на лавачцы, сярод кустоў акацыі, высака на кручы, і адтуль любавацца на Няпро, лупалаўскія хаткі і садочкі і залацеючыя далі на заходзе сонца. Цямнеець, халадзеець. Загаманілі па дарожках гуляннікі, завухала аркестровая музыка. За плотам на адхоне дарогі, каля тумбаў, збіраліся хлапцы-галузы, крычалі па-жыдоўску і па-беларуску, і сярод іхнай кашы нейкі мужык спакойна стаяў, слухаў музыку і ўвесь гам і маўкліва дзіваваўся на ўсё і на гуляючых паноў — адзінокі тут у сваёй белай кароткай світцы з даматканым паясом і ў белай маргелцы. Ну, і што ж за дзіва? Невялікая ў тыя часы пракуда: мясцовая публіка гуляла ў садзе, а мужык стаяў за плотам і дзіваваўся на «паноў». Але нейкае засмучэнне агарнула душу Абдзіраловіча, быццам сорамна зрабілася яму, слёзы навярнуліся на вачох, і ён глыбака адчуў усё вялікае гора тых даўных, мінулых, няшчасных пагарэлых і разам — усё вялікае спрадвечнае гора мужыцкай Беларусі. Так бывае з іншымі людзьмі, што не могуць яны памятаваць абы-якога матыву, абы-якога голасу ад першага разу. Затое ж, калі мінуцца дні, тыдні й месяцы або й цэлыя годы, неўспадзеўкі, нечакана, з найменшай прыгоды, маючай нейкае адношанне да мінулай пары, у вушох раптам ясна, выразна і з дэталічнасцю падобна загучыць той матыў, і запяець той голас, і збудзіць у душы абраз даўна пражытога часу, і выгукнець асабліва тонкія пачуванні.
Гэтакі ўжо меў ён характар, што трупы, бачаныя на вайне, безуважна пачыналі парушаць часам яго спакой толькі тады, калі адышлі яны болей-меней у мінуўшчыну, а фатаграфічны адбітак іх паспеў болей-меней урэзацца і намуляць след у мозаку.
І во цяпер, калі з той пары, як старая памёрла і як пачаўся бальшавіцкі лад жыцця, ужо мінула колькі месяцаў і новае троху-патроху траціла сваю новасць, во цяпер толькі Абдзіраловіч быццам абдумаўся і пачаў прыймаць не новую навіну блізка да свайго сэрца…
Старую хаваў ён з Васільком, калі цела ўжо смярдзела, бо нябожчыца пралежала на стале колькі дзён, пакуль вуліцы сцішылісь апосле калатніны, і можна было завезць яе на могільнік — скончыць нікому не патрэбную даўготу прыкрых і тупых мясцовых хаўтур. Ні Васіль, ні ён за ўсі гэтыя дні, і навет у дзень пахавання маткі, не плакалі па ёй і ў душах не шкадавалі, што памёрла, толькі як бы саромілісь, што яны так думаюць і чуюцца, працівілісь з'ясненню той думкі і таго чуцця і выглядам чэсна маўчалі. Спачатку ім замінаў заняты стол, а после — нічога; толькі ўвечары, як пахавалі, яны без поўнай шчырасці пагаманілі троху аб той, што ўжо не было ля іх і ні разу не будзець ля іх, а між іншым прыемна зліліся абодва думкамі на ўспаміне, як яна заўсёды ірвалася з мураванага падзямелля к жыццю пад саламянай стрэшкай сярод вольных палёў і лясоў роднай старонкі.